Рукапісы не гараць. Лёс беларуса, які чатыры разы прымаў удзел у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН. 21.by

Рукапісы не гараць. Лёс беларуса, які чатыры разы прымаў удзел у сесіях Генеральнай Асамблеі ААН

06.07.2015 18:08 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

6 ліпеня 2015 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, перакладчыка, драматурга, вучонага-акадэміка, грамадскага і культурнага дзеяча Пятра Глебкі.


Пятро Глебка, 1955 год

Пятро Глебка нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Уса, што на Уздзеншчыне, у шматдзетнай сялянскай сям'і Тодара і Таццяны Глебкаў.

"У час майго маленства гэта была ціхая беларуская вёска, з абымшэлымі саламянымі стрэхамі, з маленькімі падслепаватымі аконцамі. І хоць называлася яна Вялікай Усай, было ў ёй тады двароў пяцьдзесят. Прыблізна пасярэдзіне вёскі, у самай лагчыне ... стаяла старая сасновая хата маіх бацькоў",
– успамінаў пісьменнік у аўтабіяграфіі.


Бацькі пісьменніка Тодар і Таццяна Глебкі

У 1923 годзе акрамя царкоўнапрыходскай школы і вышэйшага пачатковага вучылішча хлопчык скончыў і Уздзенскую сямігодку.

Прага ведаў прывяла Глебку ў Мінскі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага. Гэту навучальную ўстанову параўноўвалі з царскасельскім ліцэем, які стаў сапраўднай літаратурнай школай. У свой час яе прайшоў шмат хто з вядомых беларускіх літаратараў. Там працавалі адметныя выкладчыкі, сярод якіх Якуб Колас і Язэп Лёсік.


З сябрамі па Мінскім беларускім педтэхнікуме імя Усевалада Ігнатоўскага.
Даведка Пятра Глебкі аб вучобе ў згаданым тэхнікуме. 1925, 1927 гады

Там жа дзейнічала і студыя літаратурнага аб'яднання "Маладняк". Яшчэ ў школе юнак спрабаваў праз вершаваныя радкі выказаць думкі, пачуцці, хваляванні. Яго вершы змяшчаліся ў школьным часопісе "Вір". У 1925 годзе яго паэтычныя публікацыі з'явіліся і на старонках сталічнай прэсы ў часопісах – "Малады араты", "Беларускі піянер", газетах "Беларуская вёска", "Савецкая Беларусь".


Верш "Над варстатам". Аўтограф і газетны артыкул з рукапіснымі праўкамі аўтара. 1925 год

У тым жа годзе Пятро Глебка ўступіў у літаратурную арганізацыю маладых пісьменнікаў Беларусі "Маладняк", але праз год выйшаў з яе і далучыўся да новага літаратурнага згуртавання "Узвышша".


Верш "З песень аб "Маладняку". Аўтограф. 1925 год


Члены літаратурнага аб"яднання "Узвышша". Пётр Глебка ў другім радзе першы справа. 1928 год

Аб'яднанне займалася выданнем літаратурных зборнікаў, часопісаў.


Даведка аб працы Пятра Глебкі ў рэдакцыі часопіса "Узвышша". 1930 год

"Узвышша" станоўча паўплывала на развіццё паэтычнага таленту Глебкі, у многім змяніла яго творчую манеру. Пра гэта сведчыць і першая кніга паэта – паэтычны зборнік "Шыпшына", які, на думку літаратуразнаўцаў, уяўляе "красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, глыбокае выяўленне паэтавай душы".


Першы зборнік вершаў "Шыпшына". 1927 год

У 1927 годзе Глебка перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1930 годзе.


Лекцыйная кніжка студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 1927 год

Пасля ўніверсітэта Глебка некаторы час працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце "Калгаснік Беларусі" і ў часопісе "Полымя рэвалюцыі".


Пасведчанні аб працы ў рэдакцыі газеты "Калгаснік Беларусі" і часопіса "Полымя рэвалюцыі". 1931, 1932 гады

З утварэннем Саюза пісьменнікаў у 1934 годзе Глебку прынялі ў яго рады. Там ён працаваў кансультантам па паэзіі, таксама яго дэлегавалі на першыя з'езды пісьменнікаў Беларусі і СССР.


Членскі білет Саюза пісьменнікаў СССР. 1934 год

Сяброўства Глебкі з Петрусём Броўкам ператварылася ў плённае супрацоўніцтва, у выніку якога ў беларускай літаратуры з'явіўся новы аўтар – Лукаш Бандылевіч – сумесны псеўданім Глебкі і Броўкі. Вядомы беларускі скульптар Заір Азгур зрабіў шарж пад назваю "Пратаплазма Бандылевіча", які сімвалізуе адзінства двух літаратараў. Творчая садружнасць паэтаў-сяброў часам прыводзіла да непаразуменняў. Па ўспамінах Глебкі, іх часта блыталі паміж сабой, і ён нават шкадаваў, што ў свой час не ўзяў сабе які-небудзь сталы псеўданім.


Малюнак Заіра Азгура "Пратаплазма Бандылевіча". Фрагмент літаратурнай гумарэскі "Патрабую талён на загар!", падпісанай псеўданімам Лукаш Бандылевіч. Аўтограф. 1932 год

Значны ўплыў на творчасць Глебкі 1930-х гадоў аказалі класікі беларускай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас.

У 1930-я гады свет убачылі кнігі Пятра Глебкі "Урачыстыя дні", "Хада падзей", "Арка над акіянам", "Арлянка", "Чатыры вятры" і "Мужнасць".

Пятро Глебка. 1939 год


Кнігі "Урачыстыя дні", "Арка над акіянам" і "Арлянка"

У гады Вялікай Айчыннай вайны Пятро Глебка трапіў на фронт, спачатку ў франтавой газеце "Красноармейская правда", потым на Заходнім і Калінінскім франтах у рэдакцыях газет "За Савецкую Беларусь" і "За свабодную Беларусь".

Пятро Глебка і Ілля Гурскі. 1943 год

Сярод лепшых вершаваных твораў пісьменніка ваеннага часу – вершы "Партызаны", "Дзень вайны", "Мы вернемся", якія друкаваліся ў сатырычнай газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну" і ў "Партызанскай дубінцы". Па сцвярджэнні даследчыкаў, лірыку Глебкі ваеннага перыяду можна лічыць вяршыняй яго літаратурнай працы.


Верш "Беларусь". Аўтограф. 1943 год

Па заканчэнні вайны пісьменнік актыўна ўключыўся ў грамадскае і культурнае жыццё краіны, працягваў літаратурную дзейнасць: пісаў вершы, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, займаўся перакладамі на беларускую мову твораў класікаў рускай, украінскай, польскай, англійскай.

Пятро Глебка. 1955 год

У 1945 годзе Глебку запрасілі на працу ў Акадэмію навук БССР, у Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва, дзе з 1952 года ён узначальваў сектар лексікаграфіі, а ў 1956 годзе стаў на чале Інстытута мовазнаўства.


Пятро Глебка. 1947 год

Гэты выбар не быў выпадковым. Глебка заўсёды беражліва ставіўся да роднай мовы, клапаціўся пра яе чысціню. Пра гэта сведчаць яго артыкулы "Аб мове пачынаючых пісьменнікаў", "Нататкі пра беларускую літаратурную мову".

Яшчэ ў 1944 годзе Пятро Глебку прызначылі кіраўніком групы па падрыхтоўцы руска-беларускага слоўніка.


Пятро Глебка і Кандрат Крапіва падчас працы над руска-беларускім слоўнікам. 1950-1951 гады

За 25 гадоў працы ў АН БССР Глебка ўнёс значны ўклад у развіццё беларускай навукі. Менавіта з яго ініцыятывы ў 1957 годзе пры Аддзяленні грамадскіх навук АН БССР стварылі новае структурнае падраздзяленне, комплексную навукова-даследчую ўстанову – Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.


Пятро Глебка. 1955 год


Пасведчанні члена-карэспандэнта і акадэміка АН БССР. 1950, 1957 гады

Навуковыя здабыткі і арганізатарскі талент Глебкі заўважыла акадэмічные кіраўніцтва. Ён стаў акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук. На гэтай пасадзе вучоны за год здолеў дасягнуць значных поспехаў. Як сведчаць даследчыкі, менавіта ён заклаў надзейны падмурак для далейшага развіцця беларускай гуманітарыстыкі, стварэння навуковых школ у мовазнаўстве, фалькларыстыцы, этналогіі.


Пасведчанне акадэміка-сакратара Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. 1968 год

Акрамя літаратурнай і навуковай дзейнасці Глебка ажыццяўляў шырокую грамадска-культурную працу. Неаднаразова з 1955 па 1967 год пісьменніка абіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.


Дакументы адносна дэпутацкай дзейнасці Пятра Глебкі. 1959, 1963 гады

У складзе беларускай дэлегацыі ён чатыры разы прымаў удзел у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.


Дэлегацыя БССР на ХІ сессіі Генеральнай Асамблеі ААН. Першы справа – Пятро Глебка. 1956 год

Падчас адной з такіх паездак у ЗША яго запрасілі да вядомай пісьменніцы Этэль Войніч.


У гасцях у пісьменніцы Этэль Войніч. 1957 год


З уражанняў аб Амерыцы. 1956-1957 гады

Уражанні ад амерыканскага ладу жыцця знайшлі адлюстраванне ў яго дзённікавых запісах і паэтычным цыкле, які ў пасмяротным выданні назвалі "З вершаў аб заграніцы".

За заслугі перад Радзімай Глебку ўзнагародзілі ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, "Знакам Пашаны", медалямі і ганаровымі граматамі.


Ордэнская кніжка. 1939-1955 гады


Сяброўскія шаржы. 1935, 1940 гады
Верш Петруся Броўкі "Пятро Глебку (У шэсцьдзесят год)". Аўтограф. 1965 год


Віншаванні ад рэдакцыі часопіса "Вожык". 1950, 1965 гады

Разам з паэтам па нялёгкіх жыццёвых сцежках ішла яго жонка Ніна Іларыёнаўна.

З жонкай Нінай Іларыёнаўнай. 1928 год


З жонкай і ўнукам. 1950-я гады. Верш-прысвячэнне "Ніне Іларыёнаўне Глебка". Аўтограф. 1946 год

Яшчэ пры жыцці Глебка прыняў рашэнне перадаць свой кнігазбор бібліятэцы Акадэміі навук. Па завяшчанні жонкі пісьменніка, пасля яе смерці, ЦНБ НАН Беларусі стала ўладальніцай не толькі ўнікальнай бібліятэкі, але і архіва пісьменніка, а таксама мэблі і рэчаў з яго рабочага кабінета.


Мемарыяльны пакой Пятра Глебкі ў ЦНБ НАН Беларусі


Пятро Глебка. 1950-1960-я гады

Пятро Глебка пайшоў з жыцця 18 снежня 1969 года. Пахаваны на Усходніх могілках. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя носіць адна з вуліц Мінска і Літвянская школа ва Уздзенскім раёне.

Матэрыял падрыхтавалі Таццяна Жук і Марына Ліс, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі.

Асабісты архіў Пятра Глебкі зберагаецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, там жа створаны мемарыяльны пакой акадэміка, у якім захавана атмасфера рабочага кабінета і размесцілася яго велізарная бібліятэка.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
6 ліпеня 2015 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта, перакладчыка, драматурга, вучонага-акадэміка, грамадскага і культурнага дзеяча...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика