Гараджане адрадзілі неперспектыўную вёску ў Лёзненскім раёне. 21.by

Гараджане адрадзілі неперспектыўную вёску ў Лёзненскім раёне

10.07.2015 09:12 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вёска ў Лёзненскім раёне, якую лічылі неперспектыўнай, актыўна адраджаецца - у многім дзякуючы гараджанам, якія пераехалі туды жыць. Дарэчы, вяскоўцы сталі "мецэнатамі": сабралі 20 мільёнаў рублёў для паляпшэння функцыянавання воданапорнай вежы. Выпадак калі не ўнікальны, дык вельмі рэдкі.




Раней Асіпоўшчына нічым не адрознівалася ад іншых вёсак. Калісьці тут было каля 30 падворкаў, потым засталося толькі два. Моладзь з'язджала, старыя паміралі…

Сёння дачнікі часта купляюць дамы ў глыбінцы. Але ў гэту вёску гараджане прыязджаюць, каб стаць тутэйшымі жыхарамі. Чатыры сям'і ўжо "аселі", яшчэ восем купілі ўчасткі пад будаўніцтва. У чым сакрэт?

- Нельга казаць, што Асіпоўшчына была ўнікальнай, з нейкім асаблівым ландшафтам, напрыклад. Такія вёскі, бадай, ёсць у кожным раёне. Ні крамы, ні ФАПа, ні пошты, ні іншых выгод. Нават аўтобус туды не заязджаў.

Але менавіта ў Асіпоўшчыне штогод павялічваецца колькасць жыхароў. Каб іх стала яшчэ больш, спрабуем атрымаць гранты. Рыхтуем пакеты дакументаў для ўдзелу ў конкурсах - у рамках праектаў развіцця мясцовых тэрыторый ЕС/ААН. Максімальная сума, на якую можна разлічваць у такім конкурсе, - 18 тысяч долараў. Абавязковая ўмова пры гэтым - сумеснае фінансаванне (ад нас у памеры не менш за 10%).

Другі грант можна атрымаць для пашырэння эканамічных магчымасцяў у глыбінцы. Гэтыя грошы плануем патраціць на паляпшэнне водазабеспячэння і стварэнне ўмоў для прыёму турыстаў. У выніку ў раёне можа з'явіцца першая агратурыстычная вёска,
- інтрыгуе Тамара Дрылёнак, старшыня Лёзненскага райсавета дэпутатаў.

Ад Лёзна Асіпоўшчына знаходзіцца прыкладна за 20 кіламетраў. Столькі ж — да Віцебска. Рэчкі няма, натуральнага возера таксама. Дык чаму туды цягне людзей?

- Калі вы там не пабываеце, не зразумееце… Цяпер там і вадаёмы штучныя ёсць, і рыба водзіцца. Сад пасадзілі. Дзякуючы актывістам вёсачка літаральна на вачах мяняецца ў лепшы бок. Хоць жывуць там звычайныя людзі. Праўда, вельмі працавітыя. Спрабуюць займацца фермерствам. Сярод наваспечаных вяскоўцаў - сям'я, якая займаецца адным з водных відаў спорту, - распавядае Святлана Пукава, старшыня Лёзненскага сельсавета.

…З трасы, якая пралягае ў бок Віцебска, робім паварот, і вось яна - Асіпоўшчына. Адразу заўважыў незвычайны зруб. Старшыня растлумачыла, што такія вырабляе ў вёсцы прадпрымальнік: бярвенні "насаджваюцца" адно на адно на спецыяльным васковым клеі. Такі дом добра трымае цяпло, а сама тэхналогія лічыцца экалагічна чыстай.

Пакуль ехалі па вёсцы, Святлана Пукава паказала штучныя вадаёмы. А вось і канатная дарожка для катання на вадзе.

- Тут раней рос бур'ян, а цяпер бераг добраўпарадкаваны. Наогул у вёсцы некалькі вадаёмаў зрабілі. Уявіце сабе, якую трэба было гіганцкую працу выканаць: выкапаць, пачысціць, запусціць ваду, зліць яе і зноў пачысціць… Паколькі гэта не аграгарадок, тут дазваляецца зямельныя ўчасткі прадаваць не праз аўкцыён. Кожны ўчастак набылі ахвотныя ў сярэднім за 7 мільёнаў рублёў,
- тлумачыць нюансы Святлана Пукава.

Здзівіла адсутнасць агароджы ля дамоў. Сярод іншага ўбачыў і матацыкл на "п'едэстале". Аказалася, гэта - упрыгажэнне падворку тутэйшых жыхароў. Да іх і напрасіўся ў госці.

Гаспадыня Аксана Вайлупава папрасіла, каб пачакаў, пакуль яна птушак загоніць.

- Я карэнная гараджанка. Як і ў многіх, у мяне бабуля ў вёсцы жыла. У Віцебску працавала дырэктарам крамы вядомай буйной сеткі па продажы бытавой тэхнікі. Зарплата была, паверце, вялікая. А ўпершыню прыехала ў Асіпоўшчыну з мужам да яго сваякоў - тут яго бацька займаўся мэблевай вытворчасцю. Мы з мужам спачатку наогул у "бытоўцы" спалі. Першы дом, які пабудавалі для сябе, быў няўдалым - даў расколіну. Зруб знялі і пабудавалі зноў — з блокаў, ды потым прадалі, а сабе паставілі новы, з гаражом унізе, - расказвае Аксана.

У сельскім жыллі, на мой погляд, цеснавата. Але ўсё зроблена стылёва, прадумана да дробязяў.

- Што такое горад сёння? Мітусня, бруднае паветра, суседзі, грукат… Усё цісне. Ты маеш кватэру, яна быццам бы твая, але не твая. Што такое вёска? Месца для яднання з прыродай, магчымасць дыхаць, вырошчваць садавіну, гародніну. Да нас госці прыязджалі, ім вельмі спадабалася.


Мы купілі экскаватар, зрабілі штучную сажалку і рыбу туды запусцілі: карпа, карася і ліня. І яшчэ адну выкапалі, праўда, яна пакуль без рыбы. У нас 30 гусей, курэй элітных парод больш за 40, і яшчэ 20 качак. Хачу завесці авечак - таксама элітнай пароды. Думаем заняцца і агратурызмам, — расказвае жанчына.

Добра, дадае яна, што дарогу "залаталі", але было б яшчэ лепш, каб зімой яе не забывалі чысціць ад снегу. У выканкаме паабяцалі, што пастараюцца, каб былыя гараджане не скардзіліся. Такія людзі на вагу золата, і ім, вядома, трэба ісці насустрач.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ад Лёзна вёска знаходзіцца прыкладна за 20 кіламетраў. Столькі ж - да Віцебска. Рэчкі няма, натуральнага возера таксама. Дык чаму туды цягне людзей?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика