"Заходзь, не трэба саромецца". Як у Гродне бясплатна кормяць бедных і валацуг
01.10.2015 12:06
—
Новости Общества
|
Кожны дзень на працягу апошніх двух гадоў Іван Пятровіч чакае свайго «пятнаццатага», каб дабрацца да цэнтра горада. У тое месца, дзе можна атрымаць бясплатна міску цёплага супу. Ужо сем гадоў валацуга жыве ў начлежцы па вуліцы Карскага. Гісторыя ў яго не новая, усё як звычайна: запіў, жонка выгнала з хаты — апынуўся на вуліцы. Акрамя бадзяжніцтва, шасцідзесяцігадовы стары тры гады таму моцна ўпаў і яшчэ стаў інвалідам. З яго слоў, яму выразалі чашачку і частку бядра. Далёка ён хадзіць не можа, а вось на абед вымушаны дабірацца ў цэнтр горада. — У 8.00 нас выганяюць з начлежкі. І вось да 18.00 даводзіцца дзесьці блукаць па горадзе. Радуе адно, што ёсць месца, дзе могуць даць прытулак на гадзіну і пакарміць бясплатна цёплым супам. Вось ужо амаль 10 гадоў на вуліцы Маркса працуе бясплатная сталовая для бедных ад каталіцкай дабрачыннай арганізацыі «Карытас». Такое месца валацугі называюць святым. У апошні час уваходным квітком туды стала даведка з медыцынскай установы. Сястра Вікторыя, галоўная там, распавядае, што зрабілі гэта дзеля ўсiх тых, хто прыходзіць паесці. — Мы рады ўсім. Але ў апошні час зрабілі ўваход строга па даведках. Гэта дапаможа нашым наведвальнікам засцерагчыся ад розных інфекцый. На ўваходзе ў сталовую нас з Іванам Пятровічам сустракае дужы мужчына гадоў сарака. Мясцовыя яго называюць ахоўнікам. Іншыя ж па-сяброўску клічуць Сярогам. — Іван, вы даведку прынеслі? Стары «памычаў» і паабяцаў, што ў наступны раз прынясе яе. — Добра заходзьце, не трэба саромецца. Сёння ў нас капуснік. Невялікая сталовая разлічана на чалавек 20. Сяргей, які там «старшы» пасля сястры, з’яўляецца валанцёрам. Ён добраахвотна дапамагае бяздомным. — Вядома ж, мы дапамагаем усім. Ніхто галодны не сыходзіць. Паверце, ніхто. Але даведкі ў апошні час абавязкова. Усё для людзей робім. Калі суп застаецца, мы яго аддаем тым, каму патрэбна больш. Яны пераліваюць яго ў свае місачкі або тэрмасы. Перад абедам абавязковая малітва. Сёння з невялікім спазненнем, з-за нечаканых гасцей-журналістаў. Іван Пятровіч тым часам адзін з першых з’еў суп і папрасіў дадатак. Таксама яму далі і чарговых два кавалачкі хлеба. Стары не саромеючыся частку супу выліў у банку і кавалачак хлеба паклаў у пакецік, а потым працягнуў есці. — Іван спакойны, нікога ніколі не пакрыўдзіць. Яму нават сёстры дапамагаюць з адзеннем. Вунь глядзі, нават сёння пакеты прынеслі. Жыццё падкінула яму чарговую праблему. Ужо як гады тры ён на мыліцах. Марыць усё пра Дом інвалідаў. Абяцаюць яму, а як будзе, аднаму Богу вядома, — распавядае Сяргей. Пакуль у сталовай елі першыя наведнікі, да маленькага будынка падышла чарговая партыя галодных. Адзін з іх істотна вылучаўся, інтэлігент мабыць. Цікава, якім лёсам яго занесла ў сталоўку для бяздомных. Варта было наблізіцца да яго, як адразу адчуўся пах алкаголю. — Паважаны, а вы чаму тут? — Таксама есці хачу. — У вас нешта здарылася? — Нядаўна вызваліўся з месцаў «не так аддаленых». Кватэра ёсць, толькі працы яшчэ няма. Вось і прыходзіцца хадзіць сюды есці. Высветлілася, што інтэлігентнага віду спадар адсядзеў два гады за тое, што не плаціў аліменты. Вызваліўся ў чэрвені і з таго часу шукае працу. Але Валерыя ў пінжаку не пусцілі паесці з-за алкагольнага ап’янення. Сёння ён застанецца галодны. Дысцыпліна вышэй за ўсё. Затое яго прыяцель Анатоль прайшоў без праблем. Яго нават пахвалілі за тое, што заўсёды своечасова прыносіць даведку. — Я жыву ў горадзе. Нідзе не працую, збіраю бутэлькі. Раней быў грузчыкам, зараз амаль пенсіянер, мне засталося 1,5 года. Кормяць тут добра, нават дадатак даюць. Калі ёсць магчымасць, то дапамагу і падмяту дзе трэба. Сястра Вікторыя распавядае, што прыходзяць зусім розныя людзі. Ад маладых да старых. — Яны прыходзяць да нас і ведаюць, што мы да іх аднясемся з павагай. А так яны ўжо сябе называюць і адкідамі грамадства і адрынутымі. Кормім мы іх толькі супам. Кожны есць столькі, колькі зможа, але больш за дзве талеркi ніхто не з’ядае. — Сястра, а як яны вас называюць? — Ой, па-рознаму: і гаспадыня, і сястра, і карміліца, а некаторыя праваслаўныя і зусім матушкай клічуць, — распавядае з усмешкай сястра Вікторыя. — Добра, што дапамагаюць мужчыны. Яны парадак наводзяць у сталовай. Заўважце, усе ядуць ціха. Наш герой Іван за абед шчыльна паеў, а пасля пайшоў пераапранацца ў чыстую і новую вопратку. Пакуль пераапранаўся, паспеў паказаць сваю перабінтаваную, гніючую нагу. У чарговы раз ён просіць Бога аб тым, каб яму далі месца ў Доме інвалідаў. Дырэктар начлежкі абяцаў старому новае месца прапіскі, але пакуль добрых навін няма. Пасля абеду пенсіянер адправіўся пад сабор прасіць міласціну і маліцца за месца ў Доме інвалідаў. А дзверы «Карытаса» застаюцца адкрытымі кожныя буднія дні з 12 гадзін. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны дзень на працягу апошніх двух гадоў Іван Пятровіч чакае свайго "пятнаццатага", каб дабрацца да цэнтра горада. У тое месца, дзе можна атрымаць бясплатна міску... |
|