"Глядзіш на іх - і душа радуецца". Вясковы святар на Міёршчыне гадуе галубоў
26.10.2015 11:45
—
Новости Общества
|
Ксёндз Леанід Мозгель — кіраўнік парафіі ў вёсцы Павяцце Міёрскага раёна — акрамя святарскай дзейнасці, мае цікавы занятак для душы — гадуе галубоў. Касцёл у Павяцці ўзведзены адносна нядаўна. Абходзім святыню вакол, каб зайсці ў плябанію. Яна месціцца ў касцёле — і гэта яшчэ адзін доказ маладога «ўзросту» культавага збудавання. Даўней касцёлы ставілі пераважна асобна ад плябаній. Зацікаўленасць ад прадзедаНа парозе нас прыязнай усмешкай вітае ксёндз Леанід: — Вітаю вас, дарагія! Я ўжо і курыцу паставіў у духоўку. Чакаў вас і рыхтаваўся. А пакуль маем час, хадземце, пакажу вам галубятні. Недалёка, за некалькі метраў ад плябаніі, стаяць два невялікія домікі з драўлянымі сценамі і маленькімі вокнамі ў іх. — Даўно захапіліся гадоўляй галубоў? — І так, і не, — кажа ксёндз Леанід. — У святарскім жыцці пачаў займацца гэтым нядаўна, год таму. Але вопыт у мяне багаты, таму што ў дзяцінстве гадаваў галубоў. Тата дазваляў мне мець толькі двух. І дзікіх прыручаў. Памятаю, ідучы са школы ў падлеткавым узросце, падкормліваў аднаго голуба па дарозе. То пячэнне яму дам, то булку пакрышу. Дык ён мяне доўгі час сустракаў са школы. Галубы не толькі прыгожыя, але і разумныя птушкі. Але замілаванне галубамі ў мяне, пэўна, у крыві, бо мой прадзед гэтым займаўся. Бабуля казала, што ён быў даволі заможны і мог сабе дазволіць такі занятак. Ксёндз Леанід адчыняе галубятню і запрашае зайсці ўнутр. Мне даводзіцца сагнуцца, а вось сам пробашч лёгка змяшчаецца ў птушыным доміку. Унутры пахне свежым дрэвам: відавочна, галубятня збудаваная нядаўна. На сценах замацаваныя палічкі і седалы, на якіх варкуюць галубы і галубкі розных колераў. Вельмі шмат белых. Заўважаю, што некаторыя адрозніваюцца сваім выглядам. «У мяне тут розныя пароды. Ёсць мікалаеўскія, статныя, грывуны, а таксама паўліны. Вось бачыце, яны маюць такі прыгожы хвост», — ксёндз бярэ ў рукі галубку і падносіць, каб паказаць нам. Бачна, што птушка крыху знерваваная і спрабуе збегчы. «Гэта яна вас проста не бачыла і крыху баіцца», — заўважае гаспадар. Сярод мікалаеўскіх галубоў ёсць «матылькі». Ксёндз Леанід тлумачыць: «матылькамі» яны называюцца, таму што ў палёце могуць завісаць на адным месцы. Гэта так прыгожа! Выглядаюць, як вялікія матылькі. — І колькі ў вас усяго гэтых прыгожых стварэнняў? — На дадзены момант сорак. І яшчэ два мясныя. Так-так, не здзіўляйцеся. Галубінае мяса лічыцца далікатэсам, яно добрае для тых, хто хварэе на страўнікавыя хваробы. З голуба такой пароды можна атрымаць прыблізна 700 грамаў мяса. Парады для пачаткоўцаў— Ці просяць людзі птушак на вяселле? Цяпер жа гэта модна. — Просяць, пераважна з Міёраў. Дык я баюся даваць. Да Міёраў далекавата, яны могуць не вярнуцца дамоў. Гэта паштовыя галубы могуць ляцець на сотню кіламетраў, і то іх трэба трэніраваць, каб арыентаваліся ў мясцовасці. А ў мяне няма часу на гэта. — Ці патрэбны галубам нейкі асаблівы догляд? — Шмат чытаў на гэтую тэму. Нямецкія спецыялісты нават раяць кожны раз пасля піцця вады праводзіць дэзынфекцыю посуду. Ставяць кандыцыянеры і ўсяляк лечаць. У мяне ж адзін рэцэпт ад хвароб: умовы жыцця птушак павінны быць максімальна натуральнымі. У мяне галубятні ўцепленыя звычайнымі дошкамі. У ваду дадаю соль, воцат, а часам і марганцоўку. Толькі не зашмат, бо потым крылы сабе пафарбуюць. Яны ж вой як любяць купацца! Ну і каб не ўбіўся пухапераед, трэба карміць птушак добра, падтрымліваць імунітэт. Я даю ім ячмень, пшаніцу, проса, рапс, семкі сланечніка. І, канешне, мінеральныя дабаўкі: пясок, крэйду, соль. Галубіная вернасцьПераходзім у другую галубятню — яна большая па памеры. «Тут у мяне раддом», — жартуе ксёндз Леанід. — Галубы тут спарваюцца, сядзяць на яйках. Цікава, што яны даволі верныя адно аднаму, хоць і бываюць здрады. Але тады ўжо самка на дых не пераносіць тую, якая звяла самца. На яйках таксама сядзяць па чарзе. Я назіраў, дык выходзіць, што самец сядзіць з 11 да 16 гадзін, даючы магчымасць самцы адпачыць. А потым сядзіць самка. Вось глядзіце, тут адно яйка ляжыць, — ксёндз паказвае на палічку з маленькім гняздом. — Гэта сумная гісторыя. Голуба схапіў каршун, і галубка засталася адна. Яна ўжо не будзе даседжваць яйка. — Дык якая ж асноўная прычына вашага захаплення? — Я люблю прыгажосць. Паглядзіце, гэтыя птушкі такія нявінныя. Глядзіш на іх — і сэрца радуецца. Акрамя таго, хачу гэтым самым нагадаць людзям пра беражлівыя адносіны да прыроды. Папа Францішак неаднойчы пра гэта нагадваў і заклікаў. Прырода — расліны і жывёлы — гэта Божы дар. А чалавек мае ўладу панаваць над усім гэтым. Толькі рабіць гэта павінен з любоўю і адказна. Прыгажосць у небе— Зараз выпусцім галубоў, хай палётаюць над касцёлам, — ксёндз Леанід адчыняе дзверцы галубятні і стукае па сценках. — Яны не прывыклі лятаць так рана. Такой парой можа каршун паблізу ў дрэвах сядзець. Таму я іх пераважна вечарам выпускаю. Праз некалькі хвілін галубы ляцяць у неба. Частка сядае на дах касцёла, некаторыя — на электрычных правадах, а іншыя, нібы матылькі, завісаюць над сваёй хаткай. — Ці не замінае гэты занятак святарскай працы? — Не. Раз толькі было, калі рыхтаваў дзяцей да першай святой камуніі. Якраз была споведзь. Сяджу, спавядаю — і раптам дзеці бягуць. «Ксёндз Леанід! — крычаць. — Каршун галубку схапіў!» Ну, расстройства, канешне, шкада птушку. Але ў той жа дзень мае гадаванцы аднекуль новага голуба прынеслі. І не дзікага. Можа, заблукаў, можа, вясельны чый не вярнуўся дамоў. Першы касцёл першага біскупаІдзём у касцёл. Святар распавядае пра парафію: — Супольнасць у Павяцці існуе 15 гадоў і налічвае 350 чалавек. У нядзелю на імшу прыходзіць дзесьці 70 парафіян. Сярэдні ўзрост вернікаў - 40 гадоў. Таму ў мяне бываюць і хросты, і шлюбы. А вось пахаванняў толькі 2−3 на год. Сам касцёл будаваўся як магазін. Гэта быў праект «Белкаапсаюза», але ў часы перабудовы праца замарозілася. Аб’ект перадалі парафіі. І добра зрабілі, бо што з ім сталася б? Разваліўся б з часам. А мы ўсё дабудавалі. Найбольшая праца вялася, калі пробашчам быў ксёндз Антоній Лось. Толькі ён тут не жыў, а прыязджаў з суседняй Друі. Я першы пробашч, які жыве ў мясцовай плябаніі. Заходзім у касцёл. Унутры ён мае выгляд акружнасці. Недалёка ад алтара стаіць фігура Маці Божай Фацімскай. Ксёндз Леанід распавядае пра спецыяльныя Фацімскія набажэнствы 13 чысла кожнага месяца — ад мая да кастрычніка. Касцёл у Павяцці знамянальны і тым, што яго першым асвяціў у новастворанай Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін. З касцёла трапляем у катэхетычны зал: «На ўрокі рэлігіі прыходзіць сямёра дзяцей. Я сам праводжу заняткі. Хацеў бы таксама адзначыць руплівасць нашых парафіян. Усё, што вы бачыце, — гэта іх грошы, іх праца і іх заслуга. Асабліва я ім удзячны, што адгукнуліся на маю прапанову і сабралі сродкі на браму і касцельны мур. Дзякуй таксама нашаму калгасу за дапамогу». Затым ксёндз Леанід запрашае нас у сталовую, дзе частуе абяцанай курыцай. Інтэр'ер жылля гаворыць пра яшчэ адно захапленне святара: гісторыю і экуменізм. На сценах вісяць старыя абразы і рыцарскі меч і шчыт, на якім выгравіравана: «Бог, Гонар, Айчына». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Расліны і жывёлы - Божы дар. А чалавек мае ўладу панаваць над усім гэтым. Толькі рабіць гэта павінен з любоўю і адказна", - кажа ксёндз Леанід Мозгель. |
|