Капліцу XIX стагоддзя ў Віцебску знясуць - няма грошай на яе рамонт. 21.by

Капліцу XIX стагоддзя ў Віцебску знясуць - няма грошай на яе рамонт

04.11.2015 09:24 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Будынак былой каталіцкай капліцы ў Віцебску (дом № 25/4 на вуліцы Урыцкага), пабудаваны ў 1859 годзе, знясуць, бо ўласнік — Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, не мае 2 мільярды рублёў на яго рамонт. Такі адказ на свой зварот у гарвыканкам атрымала рэгіянальны каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец.


Будынак капліцы Дуніных-Слепсцяў (Дуніных-Сляпцоў) у Віцебску. Рэканструкцыя Віктара Барысенкава

«Будынак, які знаходзіцца на вул. Урыцкага, 25, у Батанічным садзе, не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. < …> Па інфармацыі ўласніка, адбылося абследаванне і ацэнка тэхнічнага стану надземных нясучых канструкцый двухпавярховага будынка. З тэхнічнай справаздачы вынікае, што гэты будынак аднесены да катэгорыі аварыйна-небяспечных, неабходна правесці замену яго надземных нясучых канструкцый. Для ажыццяўлення рамонтна-мантажных работ на дадзеным аб’екце патрабуецца каля 2 млрд рублёў. На падставе гэтага і ў сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў на рэканструкцыю раней уласнікам было прынята рашэнне аб зносе будынка», — прыводзіць вытрымку з адказа гарвыканкама сайт bchd.info.

Толькі распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі абыдзецца ўніверсітэту ў 22 мільёны рублёў, не кажучы ўжо пра працы па зносе будынка. Праўда, вынікі тэндэра на стварэнне гэтай дакументацыі, абвешчанага 29 верасня, не абвешчаныя.

Між тым удалося даведацца пэўныя факты пра ўладальніка капліцы.

Згодна з апісаннем у № 33 Tygodnik Powszechny за 1884 год (ст. 524), капліца была пабудавана за кошт паноў Дуніных-Слепсцяў з дазволу ўлады і асвечаная ў 1860 годзе дэканам Юльянам Гайжэўскім (Julian Gojżewski) ў гонар Найсвяцейшай Маці Божай Балеснай, успамін якой адзначаецца 15 верасня.

У гэтай жа крыніцы адзначаецца, што падчас гасцявання ў доме Дуніных-Слепсцяў імшу ў капліцы адслужыў арцыбіскуп Магілёўскі мітрапаліт Вацлаў Жылінскі.


Будынак капліцы Дуніных-Слепсцяў (Дуніных-Сляпцоў) у Віцебску. Фота: Віктар Барысенкаў

Досыць цікава, што Сцяпану Дуніну-Слепсцю ўдалося адчыніць у Віцебску новы каталіцкі храм у складаны час. Пасля задушэння паўстання 1830−1831 гадоў на тэрыторыі Беларусі ў 1833 годзе скасавалі дзеянне Статута ВКЛ, і касцёлы пачалі зачыняць ці перадаваць іншым канфесіям.

Так, у 1848 годзе ў Віцебску быў ледзь не зачынены адзіны дзейны парафіяльны касцёл — з Санкт-Пецярбурга паступіў загад апячатаць касцёл Святога Антонія. Гэты факт фігуруе ў дзённіку бешанковіцкага памешчыка і полацкага маршалка Ірэнія Васілеўскага, які Уладыслаў Цеханавецкі прыводзіць у выдадзенай у 1912 годзе кнізе Z okolic Dźwiny (ст. 214).

У дзённіку згадваецца, што ў 1833 годзе ў Віцебску існавалі шэсць каталіцкіх храмаў. Аднак касцёл па-дамініканску (Святога архангела Міхаіла) стаў руінамі, як і касцёл Святой Барбары. Фарны касцёл (марыявітак) апячаталі і ператварылі ў магазін (у 1858 годзе тут размясцілі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг). Касцёл па-езуіцку (Святога Язэпа) пераўтварыўся ў праваслаўны сабор Святога Мікалая. Касцёл па-піярску стаў кірхай, а трынітарскі - замкнуты (у 1858 годзе будынак аддалі праваслаўнай царкве і да 1865 года перабудавалі ў Пакроўскі храм). Толькі ўмяшальніцтва віцебскага генерал-губернатара князя Галіцына перашкодзіла зачыніць і касцёл Святога Антонія.

У лісце ў рэдакцыю газеты Słowo Арцём Вярыга-Дарэўскі піша, што ў 1858 годзе ў Віцебску існавалі тры каталіцкія касцёлы: Святога Антонія (пробашч Юлій Васількоўскі), Дамініканскі касцёл на Замкавай вуліцы, касцёл Святой Барбары (пробашч Юлій Гайжэўскі). Стан будынкаў не згадваўся.


Будынак капліцы Дуніных-Слепсцяў (Дуніных-Сляпцоў) у Віцебску, 1950-е гады. Фота: Канстанцін Дурыхін

Што тычыцца Дуніных-Слепсцяў, то яны яшчэ неаднаразова згадваюцца ў памятных кніжках Віцебскай губерніі. Прозвішча ў гэтых крыніцах падаецца ў двух напісаннях: Дунін-Слепсць (Дунинъ-Слѣпць) і Дунін-Сляпец (Дунинъ-Слѣпецъ). Часам яно губляе прыдомак «Дунін» і, адпаведна, у алфавітных паказальніках знаходзіцца пад літарай «С». У той жа час у польскіх і нямецкіх крыніцах прасочваецца толькі напісанне Dunin-Slepść.

Згодна «Памятной книжке Витебской губернии» 1865 года (ст. 13) калежскі асэсар Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць 23 снежня 1864 года (4 студзеня 1865 года па новым стылі) стаў дэпутатам дваранства ад Полацкага павета. На гэтай жа пасадзе ён знаходзіўся і ў наступныя два гады (па кнігах 1866 і 1867 гадоў). Падобна, дэпутатам ён быў да 28 чэрвеня (10 ліпеня) 1868 года, калі яго змяніў прапаршчык Язэп Гаспяровіч Гутоўскі.

Ту жа прыводзяцца і больш поўныя звесткі пра яго ўзнагароды. Акрамя ордэна святога Уладзіміра IV ступені і знака адзнакі за 15 гадоў бездакорнай службы, ён меў ордэн святой Ганны III ступені і медаль за 1853−1856 гады, выпушчаны ў гонар сканчэння Крымскай вайны — ім шырока ўзнагароджвалі і цывільных людзей, якія не бралі ўдзелу ў ваенных дзеяннях.

У 1867 годзе Сцяпану Дуніну-Слепсцю было 60 гадоў (верагодней за ўсё, нарадзіўся ў 1808 годзе), з якіх 37 ён аддаў службе. Таксама адзначаецца, што ён быў жанаты, а выхаванне атрымаў у Полацкай акадэміі езуітаў.

У выданні 1905 года Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół od niej zależnych (ст. 141) знаходзім, што, згодна Miesiacznik Połocki 1818 года (т. 1 ст. 76), у 1817 годзе ўзнагароды заслужыў вучань 4 класа Сцяпан Слепсць.

Апошні раз у «Памятной книжке Витебскрй губернии» Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепць згадваецца ў 1878 годзе. Ён пазначаны як памешчык Віцебскага павета, які меў маёнтак Зарэчня і фальварак Замошша з 1 472 дзесяцінамі (каля 1 605 гектараў) зямлі. Прыватным землеўладальнікам у Віцебскім павеце тады належала 143 372 дзесяціны, а гаспадароў, якія б мелі больш за 1 000 дзесяцін, было ўсяго 9.

У «Памятной книжке Витебской губернии» 1881 года (ст. 149) мы ўжо знаходзім, хутчэй за ўсё, сына заснавальніка капліцы Сцяпана Сцяпанавіча Дуніна-Слепсця. Ён пазначаны памешчыкам і глосным Віцебскай гарадской думы па 2-м разрадзе. У 1882 годзе ён згадваецца на гэтай жа пасадзе (ст. 210), а таксама як сябра савета Віцебскага таварыства сельскіх гаспадароў (ст. 232).

У выданні Kritische Miscellen 1864 года можна знайсці, што ў Vitzthumsches Gymnasium у Дрэздэне з 1863 па 1864 год у 5 класе вучыўся Сцяпан Дунін-Слепсць (ст. 79), які нарадзіўся 14 мая 1850 года ў Віцебску. Там жа (ст. 83) згадваецца, што ён пакінуў гімназію, бо вярнуўся з маці на радзіму. Цікава, што Віцебск (Witepsk) адносяць да Літвы.

З Jahrbuch für das Berg- und Hüttenwesen im Königreiche Sachsen auf das Jahr за 1873 (ст. 188) і 1874 (ст. 206) гады вядома, што з 1872 па 1875 гады Сцяпан Сцяпанавіч Дунін-Слепсць (Stephan Stephanowitzsch von Dunin-Slepsc, aus Witebsk in Russland) вучыўся ў Горнай акадэміі Фрайберга (там жа, напрыклад, вучыўся Міхаіл Ламаносаў).

Будынак капліцы Дуніных-Слепсцяў (Дуніных-Сляпцоў) у Віцебску цікавы не толькі як узор архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя, але і фактамі з жыцця грамадскіх дзеячаў горада.

Дарэчы, на здымках Канстанціна Дурыхіна, зробленых у прамежку ад 1956 года (калі пабудавалі мост імя Баўмана) да 1959 года (калі фатограф з’ехаў з Віцебска), можна ўбачыць яшчэ аднапавярховы будынак былой капліцы амаль у аўтэнтычным выглядзе, толькі без вежачак.


Мост імя Баўмана і будынак капліцы Дуніных-Слепсцяў (Дуніных-Сляпцоў) у Віцебску, 1950-е гады. Фота: Канстанцін Дурыхін

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для рамонтна-мантажных работ патрэбна каля 2 млрд рублёў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика