25 лістапада ў школе № 2 Мінска адбыўся прэс-урок адукацыйнага праекта «Чытаем па-беларуску з velcom». Перад вучнямі 2-3-х класаў выступілі паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова, а таксама музыка, мастак і тэлевядучы Андрусь Такінданг.
Такінданг паведаміў дзецям пра тое, як прыйшоў да беларускай мовы, і выканаў песні з уласнага рэпертуару.
Андрусь Такінданг: «Я адгукнуўся таму, што лічу, што такія адкрытыя ўрокі прыносяць карысць дзецям. Адна справа, калі гэта звычайны ўрок, а другая справа, калі раптам з'яўляюцца нейкія госці, пачынаюцца спевы, размовы. Дзеці — гэта своеасаблівы свет. Гэта строгія крытыкі з аднаго боку, з другога — вельмі адкрытыя і радасныя. Таму гэта і адказна, і цікава».