"Панаехалі" па-гарадзенску: як дзве дзяўчыны кінулі горад, купілі дом у вёсцы і жывуць у згодзе з сабою
14.12.2015 13:06
—
Новости Общества
|
Шлях да шчасця ідзе проста па трасе М6. У пэўным месцы трэба збочыць, праехаць лесам, абмінуць вёску, школу, касцёл. Яшчэ адзін паварот і вось яно, месца, дзе жыхары адчуваюць сябе шчаслівымі, Год таму Лена Майсюк і Даша Іманава набылі дом на ўскрайку вёскі, а сёлета вясной туды пераехалі. Каб зразумець, як былыя гараджанкі радзяць з вясковым жыццём і паверыць, што шчасце тут ёсць, дастаткова правесці дзень у іх кампаніі. З агароду прыгадзілася ўсё — нават карані сланечнікаДзяўчаты знаёмяць са сваёй гаспадаркай, найперш з агародам. Паказваюць месцы, дзе вырошчвалі капусту, моркву, зеляніну і сланечнікі. Кажуць, што ўласная гародніна зараз ідзе ў харчаванне, у краме купляць не трэба. Агарод нечакана нават даў прыбытак. Зарабіць удалося на нарыхтоўцы, здавалася б, нікому не патрэбных рэчаў - каранёў ад сланечніка — што з"яўляюцца сыравінаю для лекаў. Мінулай вясной першы раз садзілі агарод самі, і ён быў зусім невялікім. Але зараз патроху парадкуюць гаспадарку і сістэмна падыходзяць да планавання ўчастка. Паказалі «плантацыю», дзе размясцілі клубніцы, месца, дзе пасадзілі маладыя саджанцы яблынь, вінаградную лазы, парэчку, агрэст, маліну. Яблыкі са старых дрэваў, што растуць пры хаце, збіралі і гэтым годам. «Праца на зямлі, канечне, цяжкая, — кажа Даша, — але мы ніколі не робім яе праз сілу. Калі стомленыя, то лепш спачатку адпачнем, каб потым працаваць у радасць». Гарбата расце адразу ля домуЛя вясковай хаты любая расліна мае сэнс, тлумачаць дзяўчаты. Мята і палын, што растуць уздоўж сцен, адпалохваюць мышэй, а язмін і ядловец напаўняюць паветра водарам. Многія зёлкі, з якіх зараз запарваюць гарбату, таксама растуць проста побач з хатай. Гэта чабор, іван-чай, некалькі відаў мяты, меліса, рамонкі, валошкі ды іншыя. Таксама ў гарбатку ідуць кветкі ліпы і язміну. Увогуле, пра гарбату і зёлкі з дзяўчатамі можна гаварыць бясконца. Напрыклад, я даведалася, што травы яны не проста сушаць, а спачатку ферментуюць. Для гэтага падвяленыя сабраныя зёлкі асобым чынам перамінаюць рукамі, каб сок выйшаў на паверхню. Букет пахаў і смакаў ад ферментаванай гарбаты атрымліваецца значна багацейшым. З палетаў можна збудаваць усёНаступны важны ў вясковай гаспадарцы «аб'ект», гэта сарай. Тут захоўваюцца дровы і інструменты. Былыя гаспадары прадалі хату з усім, што ў ёй і каля яе было. Акурат у сараі валам ляжалі палеты. Зараз яны — матэр"ял для будаўнічай творчасці Лены. Дровы ў сараі займаюць большую частку месца. Напярэдадні зімы іх нарыхтоўка была найважнейшым клопатам гаспадынь і хіба найвялікшым за астатні час выдаткам. На іх пакупку разам з дастаўкай пайшло трохі больш мільёна рублёў. Сябры з горада дапамаглі дровы распілаваць, я сячы іх Лена навучылася сама. На вёсцы можна жыць амаль без грошайРаннія прыцемкі прыспешваюць нас ісці ў хату — тут цёпла, светла і можна прытуліцца плячыма да кафлянай печы. Усяго ў хаце тры печкі, але пакуль няма маразоў паляць дзяўчаты толькі ў адной. Печ мае таксама духоўку, дзе гатуецца ежа. Дзяўчаты сцвяржаюць, што жывучы на вёсцы амаль не ўжываюць грошай. «На месяц мы ўдваіх трацім каля 120 тысяч на прадукты, мяса не ўжываем, а гародніну маем сваю. Электрычнасць за два апошнія месяцы абышлася ў 40 тысяч, бо лампы ў хаце энергазберагальныя. Раз на год трэба плаціць зямельны падатак каля 150 тысяч. Практычна на гэтым расходы і скончваюцца». На пытанні пра пакупкі новага адзення Лена адказвае, што не вельмі іх любіць: «Пакуль рэчы добрыя, я іх нашу. Вось тая сіняя куртачка [у каторай яна сустракала нас на вуліцы — аўт.] у мяне са школы». Галоўнае, каб адзенне было дабротным і адпавядала прызначэнню. Новыя і дарагія рэчы, што перыядычна набывае Лена, звязаны часцей за ўсё з падарожжамі. Сучасны лёгкі намёт, спальнікі ці спартыўны абутак каштуюць дорага, але ўсё роўна набываюцца — у асноўным за мяжой у спецыялізаваных крамах. Са словаў Лены, на такія пакупкі грошай не шкада. Калі іх робіш, то маеш адказ на пытанне «навошта», а калі ж адказу няма, то і купляць не варта. «Многае можна зрабіць самой, навошта купляць», — працягвае яна. З вандровак узгадвае апошнія — Грузія, Чачня, Турцыя. На Беларусі самым прыгожым месцам лічыць Сарачанскія азёры. У час адной з вандровак, дарэчы, дзяўчыны і пазнаёміліся. Гэта было ў 2011 годзе ў Прыднястроўі. Даша ў мінулым годзе прыехала да Лены пагасціць… і засталася. Зараз ужо мае беларускі від на жыхарства. Пакінула працу ў банку, каб займацца рамесніцтвамЛена паступова прыйшла да асэнсаванага жадання жыць экалагічна: змяняла свае пабытовыя звычкі, дыету, адмовілася ад аўтамабіля на карысць ровара і аўтаспыну, пакінула працу ў банку і выкладанне ва ўніверсітэце, каб займацца рамесніцтвам, а ў рэшце і горад змяніла на вёску. Лена лічыць, што калі людзі доўгі час праводзяць на працы, то губляюць магчымасць творчага самавыражэння. Тады пакупкамі яны стараюцца кампенсаваць адсутнасць творчасці ў жыцці. Зараз Лена мае больш часу для творчасці - гравіроўкі па шклу, фатаграфіі, падрыхтоўкі да заняткаў - яна вядзе курс па экалагічным ладзе жыцця для дзяцей і бацькоў. Таму і робіцца непатрэбным працэс бясконцых пакупак — няма неабходнасці ў заменах і кампенсацыях, калі ёсць у жыцці штосці вартае і сапраўднае. Даша кажа, што таксама змяняе сваё жыццё ў больш экалагічны бок. Адмовілася ад традыцыйнай касметыкі і зараз выкарыстоўвае замест магазінных крэмаў толькі натуральныя алеі - какосавы ці эўкаліптавы. Адным з адкрыццяў вясковага жыцця называе магчымасць адмовіцца ад бальзаму для валасоў: «Калі пасля мыцця галаву апаласнуць халоднай вадой, то лускавінкі воласа закрываюцца і ён робіцца гладкім. У выніку — эфект як ад бальзама, толькі больш экалагічны, здаровы і танны». Даша мае мастацкую адукацыю, займаецца жывапісам і робіць аўтарскія ўпрыгожванні. Кажа, што мастаку тут жывецца як найлепш — выйшла за парог і ўжо на пленэры. Яна паказвае нарыхтоўкі пад будучыя ўпрыгожванні - высушаныя скуркі апельсінаў, галінкі, каменчыкі, засушаныя стракозы, матылі і нават змеі. Высвятляецца, што нават кавалак апельсінавай скуркі не змарнаваны. Тое, што не пайшло на ўпрыгожванні, скарысталі для прыгатавання розных «міксавых» відаў гарбаты. Заходзяць папіць чаю нават выпадковыя людзіСпачатку родныя і сябры непакоіліся, што новае жытло далекавата ад горада. Аднак дзяўчаты складанасці не бачаць. Праз поле і лес да ўсяго некалькі кіламетраў, вадзіцелі ахвотна падвозяць. Сябры часта прыязджаюць у вёску пагасціць — хто аўтаспынам, хто на машыне. Бывае, што завітваюць на гарбатку нават выпадковыя знаёмыя, што падвозяць дзяўчат. Знаёмыя настойліва даводзілі Дашы, што жыць па-за горадам яна не зможа. Але дзяўчына мела свой адказ: «Не трэба мне кажаць, чаго я не магу». Лена з гэтай нагоды ўзгадвае гісторыю знакамітага чэшскага фатографа Ёзэфа Судэка, што па вайне купіў пад майстэрню дом у нязручным месцы на ўскрайку Прагі. Там да сёння існуе яго музей, а словы фатографа без рукі сталі знакамітымі на ўвесь свет: «Не месца упрыгожвае чалавека, а чалавек месца». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шлях да шчасця ідзе проста па трасе М6. У пэўным месцы трэба збочыць, праехаць лесам, абмінуць вёску, школу, касцёл. Яшчэ адзін паварот і вось яно, месца, дзе жыхары...
|
|