Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч святкуе 70-гадовы юбілей: "Я з вас узяты і для вас пастаўлены". 21.by

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч святкуе 70-гадовы юбілей: "Я з вас узяты і для вас пастаўлены"

03.01.2016 06:04 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

2 студзеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла ўрачыстая святая Імша з нагоды 70-гадовага юбілею Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, распавядае Сatholic.by.


На Эўхарыстыі, якую ўзначаліў юбіляр, прысутнічалі каталіцкія біскупы Беларусі, духавенства з усіх дыяцэзій Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, родныя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, землякі іерарха з яго роднага Адэльска, яго былы аднакласнік, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска. Беларускую Праваслаўную Царкву прадставіў кіраўнік Аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, Лютэранскую Царкву — пастар лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

Ад імя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Мітрапаліта павіншаваў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, агучыўшы прывітальнае слова кіраўніка дзяржавы. Як было адзначана ў прывітальным слове, «сёння Рыма-Каталіцкі Касцёл у Беларусі актыўна развіваецца і плённа працуе ў грамадскай, дабрачыннай і сацыяльнай сферах». Прэзідэнт выказвае ўпэўненасць, што пастырская і духоўная адказнасць Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча «і ў далейшым будзе садзейнічаць умацаванню хрысціянскіх традыцый», «развіццю канструктыўных адносінаў паміж дзяржавай і Рыма-Каталіцкім Касцёлам», жадае «здароўя, аптымізму і поспехаў у рэалізацыі планаў і пачынанняў».


Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў уручыў юбіляру кветкі ад імя прэзідэнта.

Віншавальнні ад старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Андрэя Шорца зачытала Ала Мартынава, загадчык сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. «Сведчачы самую вялікую да Вас павагу, дазвольце з пачуццём сардэчнай радасці павіншаваць Вас са знамянальнай датай, — гаворыцца ў адрасе. — У сучасных умовах Рыма-Каталіцкі Касцёл выконвае важную ролю ў жыцці грамадства, адраджэнні духоўнасці ў сэрцах людзей. Каталіцкія супольнасці садзейнічаюць умацаванню міру, любові і гармоніі». «Ваша духоўнае служэнне, мудрасць і жыццёвы вопыт прынеслі Вам аўтарытэт у каталіцкім свеце, — адзначае старшыня Мінскага гарвыканкама. — Вашы гаміліі фарміруюць у рыма-каталіцкіх вернікаў высокае пачуццё доўгу, працалюбства і талерантнасці, патрыятызму і бескарыслівасці ў служэнні Айчыне».

Іерарха павіншаваў таксама старшыня Мінскага абласнога савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, павіншаваў усіх іх з Новым годам. Узгадаўшы, што ў гэтым годзе Касцёл адзначае Год Божай Міласэрнасці, арцыбіскуп пажадаў: «Няхай добры Бог будзе міласэрным да кожнага з нас, міласэрным да нашага служэння. Няхай гэты новы час нашага жыцця будзе напоўнены Божай ласкай, добрымі ўчынкамі і няхай споўняцца нашы мары».


Арцыпастыр падзякаваў усім, хто прыняў запрашэнне прыйсці на гэтую святую Імшу, выказаў падзяку Богу за дар жыцця і паклікання, сваім бацькам, сястры, блізкім, святарам, якія стаялі на шляху яго паклікання, духавенству, з якім працуе ў Беларусі і з якім працаваў у Расіі, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам. «Я з вас узяты і для вас пастаўлены», — сказаў юбіляр, просячы маліцца ў знак удзячнасці за пражытыя гады і аб благаслаўленні на наступны шлях, каб ён мог годна выканаць заданні, якія Божы Провід ставіць перад ім, і каб святары маглі весці народ да духоўнага ўдасканалення.

На заканчэнне Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, падзякаваў Богу за дар і ўвесь досвед жыцця, бацькам за хрысціянскае выхаванне ў цяжкія часы, калі вера падвяргалася пераследу, сваім блізкім, землякам, братам у святарстве і ўсім удзельнікам гэтай сустрэчы, у тым ліку за добрыя словы віншаванняў. «Я стараўся служыць верай і праўдай людзям, Касцёлу, усяму грамадству», — сказаў арцыпастыр.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна. Скончыўшы сярэднюю школу, Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачаннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. У 1964 годзе Кандрусевіч паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў з адзнакай, атрымаўшы дыплом інжынера-механіка. Пасля заканчэння ўніверсітэта да 1976 года працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў.

У 1976 годзе Кандрусевіч паступіў у духоўную семінарыю ў Каўнасе (Літва), скончыў яе ў 1981 годзе і быў пасвечаны ў духоўны сан. У 1985 годзе ён атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, у 1988-м — абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

У ліпені 1989 года папа рымскі Ян Павел ІІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі. У Беларусі біскуп Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, садзейнічаў вяртанню вернікам і адкрыццю больш чым 100 раней закрытых касцёлаў, выданню «Парадку імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове. У 2002 годзе ён быў прызначаны мітрапалітам кафедры Маці Божай у Маскве, а ў верасні 2007-га — кіраўніком Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы.

Тадэвуш Кандрусевіч валодае беларускай, рускай, польскай, англійскай і італьянскай мовамі.

Паводле БелаПАН

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
2 студзеня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла ўрачыстая святая Імша з нагоды 70-гадовага юбілею Мітрапаліта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика