Пасля прагляду фільма "Эверэст" шматдзетная маці з Мінску збіраецца ўзыйсці на найвышэйшую гару Еўропы
05.01.2016 18:36
—
Новости Общества
|
Схадзілі з мужам у кіно на «Эверэст», а цяпер уся сям’я Гацураў-Яворскіх выпраўляе маму Таццяну на Манблан. «Я баюся холаду і вышыні таксама, — распавядае шчасьлівая, як сама кажа, маці чатырох дзяцей, праваабаронца і грамадская актывістка. — Самая вялікая рызыка — не лавіна, а выпрабаваць сябе, паглядзець на сябе збоку». Падрабязней — у Ужо праз некалькі дзен Таццяна ляціць у Жэневу, адтуль дабіраецца да Шамані і наступным ранкам пачынае ўзыходжанне разам з альпіністамі з украінскага клубу. «Пайду са сцяжком сваім, — Тацяна раскладае на кухонным стале маленькі бел-чырвона-белы сцяжок. — Ён заўжды са мной. Я ў 15 год прыехала са Стоўбцаў у Мінск на сваю першую акцыю, і тады мне яго падарылі». Паводле графіку альпіністы маюць праходзіць па 700 метраў уверх удзень і спыняцца начаваць. «Там ёсць нейкія месцы начлегу, у якіх можна схавацца ад ветру, — распавядае Таццяна. — Шэсць дзён будзем ісці ўверх і чатыры ўніз». «Я была знаёмая з Мікалаем Бандалетам, які пасля загінуў у Непале, хадзіла ў іх клуб», — распавядае Таццяна. Мікалай Бандалет — адзін з самых вядомых і дасведчаных беларускіх альпіністаў. Разам з сябрам Сяргеем Белавусам загінуў пры ўзыходжанні на пік Тулагі ў Непале ў 2011 годзе. «Думка ў мяне такая была даўно, але пасля Мікалай загінуў, і неяк гэта ўсё адклалася». Імпульс быў нечаканы, найхутчэй для мужа Таццяны Уладзіміра, які запрасіў жонку схадзіць на фільм «Эверэст». «Насамрэч, ён проста хацеў мяне ў кіно звадзіць», — смяецца Таццяна, але менавіта пасля фільму яна пачала рэалізоўваць мару дзяцінства. «У Беларусі я не знайшла такіх клубаў, з якімі я была б упэўненая, што яны дасведчаныя і з імі можна ісці ў такія вандроўкі. Але знайшла ва Украіне, — кажа Таццяна, — Гэтая каманда не аднойчы ўздымалася на Эверэст, яны робяць складаныя ўздымы». Уздым у групе альпіністаў каштуе 640 еўра. Дадаткова трэба заплаціць за візу, начлег у Шамані і іншыя свае выдаткі. Дзяўчына выкладае на падлогу ўнушальныя аб’ёмы неабходнай экіпіроўкі - кошкі, ледаруб, страхоўка, каска, пуховыя рукавіцы, спальнік, тэрмабялізна… «Вось ліхтарык, — Таццяна надзявае яго на лоб. — Тут і SOS уключаецца, калі што». Цёплы пухавік Тані дала яе касметолаг. «Мяне збіралі „ўсім светам“, — працягвае дзяўчына. — Вось хлопец, які ўздымаўся на Эльбрус, пазычыў мне свой мембранны касцюм. Гэта з англійскага войска, ён не прапускае ваду і вецер». Асаблівы гонар і самае вялікае грашовае ўкладанне — «падвойныя» альпійскія боты. У «лёгкім» боце, які хаваецца ўнутры, можна хадзіць і спаць. А ўздымацца на гару трэба ў «цяжкім». Таццяна кажа, што ёй пашанцавала набыць у Мінску боты адзінай фірмы, у якіх альпіністы ўздымаюцца на Эверэст. Каштавалі 7 мільёнаў. Іх падарыў на дзень народзінаў муж Таццяны Уладзімір, якому ідэя ўздыму не надта даспадобы і за Таццяну ён шчыра хвалюецца. «Калі ўсё самой купляць — гэта капец. Усё каштуе вельмі вялікіх грошай», — але тыя, хто ведае Таццяну, да яе ідэі паставіліся і з увагай, і з пагавай. І нават тыя, хто не ведае. Так, незнаёмая дзяўчына Алеся «падарыла» ёй сваю зніжку ў краме спартовага адзення. Таццяна на зімовы ўздым ідзе ўпершыню. Раней найвышэйшым дасягненнем быў трэкінг на ўкраінскую Гавэрлу, у які выправіліся летам разам з дзецьмі. Праўда, самая высокая гара ўкраінскіх Карпат больш як у два разы ніжэйшая за Манблан. Манблан, што ў перакладзе з французскай азначае «белая гара», мае 4810 метраў вышыні. Суворыя альпінісцкія сайты пішуць, што гэта не самы складаны маршрут, але патрабуе вельмі добрай фізічнай падрыхтоўкі, трываласці і ўмення абыходзіцца з «кошкамі» і ледарубам. Зімовае ўзыходжанне адмыслова цяжкае. Цяпер максімальная тэмпература на гары ад −15 удзень да −25 уначы. Моцны снегапад і вецер. Тацяна распавядае, што на вышыні кожныя 100 грам успрымаюцца як кілаграм. «Нават абгортку з шакаладкі здымаюць, каб пазбавіцца лішняй вагі», — прыводзіць яна прыклад. Таццяна ведае, што калі надвор’е сапсуецца зусім, уздым адкладуць. «Я не лічу, што ёсць вялікая рызыка, — кажа Таццяна. — Гэта Еўропа. У страхоўку уваходзіць верталёт, які цябе мусіць выратаваць пры патрэбе. Я іду з дасведчанымі людзьмі. Самая вялікая рызыка — гэта лавіна. Дарэчы, сёння было паведамленне, што два чалавекі каля Шамані загінулі ў лавіне». Рыхтавацца да ўзыходжання Таццяна пачала за некалькі месяцаў. Ведала, што ёй патрэбная кардыёнагрузка, сталыя трэніроўкі, а норма прабегу для альпіністаў - 11 кіламетраў. «Калі я пачала пра гэта чытаць, спужалася спачатку, бо трэба нібыта спецыяльныя боты для зімовага бегу, трэба бегавую дарожку напракат браць, адмысловую вопратку набываць… Усё патрабавала нейкіх новых укладанняў, — кажа Таццяна. — Я пачала думаць, а як людзі 50−60 год таму ўздымаліся, у іх нічога не было, але яны без вось гэтых ботаў рабілі тое самае. Першы чалавек узняўся на Эверэст у 1953 годзе і ён не меў усіх гэтых прыладаў!». Дапамагла кніга шматразовага чэмпіёна свету па бегу Гордана Піры «Бегайце хутка і без траўмаў». «Там ён пасмяяўся з усіх гэтых наваротаў, красовак для бегу, напульснікаў, — распавядае Таццяна. — Я бегала ў сваіх звычайных красовачках. Пачала з трох кіламэтраў. Праз сем тыдняў я ўжо спакойна па перасечанай мясцовасці бягу 10 кіламетраў». Кантралявала свой стан праз звычайны тэлефон з GPS і праграмай Runkeeper. «Яна мне ўсё нармальна лічыла, рабіла трэкі - карацей, абышлася без усіх прыбамбасаў са звычайнай мабілкай. Усё нармальна, бягу, у мяне нармальны сардэчны рытм, я за ім сачу, нічога сабе не пасадзіла». Дзеці Таццяны, а іх чацьвёра — ад трох да 15 год, да жадання мамы ставяцца спакойна. «Калі мама хоча, хай ідзе», — заяўляе 12-гадовы Альгерд. «Мы ведаем, што наша мама экстрэмальная, — кажа 9-гадовая Рагнеда — лазіць па вулканах, па гарах. Яна можа». «Камусьці дастаткова самарэалізавацца ў мацярынстве, і гэта класна. Мне недастаткова, хаця я шчаслівая мама. Мне хочацца яшчэ ў іншых якасцях сябе паспрабаваць», — адказвае Таццяна на пытанне, няўжо хочацца яшчэ большага экстрыму, чым гадаванне ў Беларусі 4-х дзяцей. «Я ведала, што ты такое пытанне задасі, але я так і не ведаю, як на яго адказаць. Мне гэта цікава. Цікава пераадолець сябе. Таксама я разумею, я не тое што ганюся за маладосцю і хачу яе ўхапіць за хвост. Але мне ўжо 35, і я разумею, што ў 45 мне будзе цяжэй прабегчы 11 кіламетраў. А значыць, будзе складаней кудысьці ўзняцца. Не тое каб я перажываю моцна наконт гэтага, але ёсць свае законы», — тлумачыць Таццяна. «Калі ў цябе ёсць мара, то лепш не адкладаць, а паспрабаваць зрабіць», — кажа Таццяна Гацура-Яворская. — Бо пасля будзе складаней. У мяне ёсць мара з дзяцінства, хачу яе здзейсніць. Пайду, паспрабую". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна даўно марыла пра гэта, раней займалася альпінізмам. З-за пэўных трагічных падзей планы некалі прыйшлося адкласці - але звычайны паход у кіно ўсё змяніў. |
|