Суджаная ды нарачоны. Лепшым часам для варажбы лічыліся святкі
07.01.2016 18:32
—
Новости Общества
|
Здавалася б, нішто не прымусіць дзяўчыну напярэдадні Каляд выкінуць новыя боты на дарогу ці прынесці ў кватэру палена. Але і такое бывае. Пра гэтыя і іншыя спосабы каляднай варажбы распавяла
Лепшым часам для варажбы спакон веку лічыліся Святкі - перыяд з 6 па 19 студзеня. Варажылі ў асноўным дзяўчаты, якіх цікавіў іх лёс, у прыватнасці імя нарачонага. — У наш час моладзь гэтым амаль не займаецца, калі толькі ў вёсках ды дзяўчаты-студэнткі часам варожаць. Сёння гэта забава ў час калядных і навагодніх прадстаўленняў, да яе цяпер ставяцца не так сур’ёзна, як нашы продкі, — дзеліцца назіраннямі Надзея Уліновіч. Ад спецыяліста даведваюся, што раней дзяўчаты збіраліся вечарам у адной з хат ці ў лазні. Варажылі на калядную куццю. «У Шаркаўшчынскім раёне ў першай палове ХХ стагоддзя быў распаўсюджаны такі спосаб: дзяўчаты клалі куццю на зэдлік і давалі сабаку. Чыю куццю першую з’есць, тая і выйдзе замуж першая. У гэтым жа раёне кідалі боты праз дах, каб даведацца, хто далей ад дома выйдзе замуж», — Надзея Уліновіч ведае дзясяткі спосабаў варажбы, якімі карысталіся нашы продкі. Веды пра іх, якія захоўваюцца ў скарбніцах цэнтра народнай творчасці, спецыялісты збіралі ў шматлікіх падарожжах па мясцовых вёсках, бо менавіта там жывуць іх непасрэдныя носьбіты — бабулькі. Кажа, каб прадказаць замужжа, яны часта карысталіся спосабам «цот» альбо «лішка». — Найбольш распаўсюджанай была варажба на штыкецінах і на дровах. Патэнцыяльныя нявесты лічылі колькасць пален у ахапку дроў ці колькасць штыкецін у плоце, якія атрымалася абняць. Калі цотная — будзе ўвесь год у пары, а калі няцотная — адна, — Надзея Уліновіч гартае папку з даследаваннямі. Самай дакладнай лічылі варажбу на стары Новы год — у ноч з 13 на 14 студзеня. А яшчэ верылі, нібыта ў гэтую ноч сняцца вешчыя сны. Каб прысніць будучага мужа, клалі пад падушку крыху куцці са святочнага стала, загорнутай у хустку. Фантазіі нашых продкаў застаецца толькі пазайздросціць. Зразумела, што не ўсімі варыянтамі, якія ведалі нашы бабулі, можна карыстацца сёння. Так, каб даведацца, у якім баку жыве нарачоны, дзяўчына выходзіла на скрыжаванне і прыслухоўвалася, адкуль данясецца сабачы брэх. Згадзіцеся, у сучасным горадзе даволі цяжка варажыць па сабачым брэху. І ўсё ж такі некаторыя спосабы бяруць на ўзбраенне. — Імя мужа ведала задоўга да нашай сустрэчы. Разам больш за 20 гадоў, — здзіўляе мяне віцябчанка Вольга Кавальчук. — У маёй вёсцы была распаўсюджана варажба, якой мяне навучыла бабуля. Мы з дзяўчатамі пяклі бліны, першы з іх клалі на галаву і выходзілі на вуліцу. Першага мужчыну, якога сустракалі, частавалі гэтым бліном і пыталіся імя — так будуць зваць мужа. У мяне атрымалася «Аляксандр». Я і забылася пра тое, успомніла толькі, калі з Аляксандрам падавалі заяву ў ЗАГС. Папулярнай была варажба з воскам. У халодную ваду вылівалі расплаўленую свечку і разглядалі фігуру, якая атрымалася. — Тут галоўнае — мець багатую фантазію і здаровы аптымізм, — упэўнена Караліна Цярэнцьева, кіраўнік калектыву «Паўночная сухадроўка» пры Культурна-гістарычным комплексе «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». — І сёння дзяўчаты варожаць, але пры гэтым большасць правілаў яны не выконваюць. Варажба змянілася і неяк згубіла сваю сакральнасць. Узброіўшыся свечкай і люстэркам, пад пільным кантролем Караліны Цярэнцьевай спрабую даведацца пра свой лёс. — Пачнём роўна апоўначы, — кажа. — Распусціце валасы, пастаўце на стол люстэрка і свечку і скажыце: «Суджаны, нарачоны, прыходзь да мяне вячэраць». У 12 гадзін вы ўбачыце мужчыну, які будзе заглядваць праз ваша плячо, — Караліна выглядае спакойнай, а мне ўжо неяк не па сабе. — Хутка глядзіце на яго твар і кажыце абярэг: «Чур гэтага месца», — старанна запамінаю кожнае слова: ашукацца не хочацца. Перад люстэркам я прасядзела дзве гадзіны, добра што выхадны дзень і на працу не трэба. Некалькі разоў здавалася, што па кватэры нехта ходзіць. Адбой — у суседзяў рыпучыя масніцы. У нейкі момант стала засынаць. Раптам кот ускочыў на стол — ад нечаканасці перакуліла люстэрка і выбегла ў калідор. На гэтым мае вопыты скончыліся. — Спосабы з люстэркам найбольш распаўсюджаныя. Існуе павер’е, нібыта яно — дзверы ў іншы свет. Адсюль прыкмета, быццам разбітае люстэрка — прадвеснік няшчасця, — Караліна тлумачыць прычыны майго страху. Варажба прыйшла да нас яшчэ з язычніцкіх часоў, калі людзі пакланяліся стыхіям. Логіка язычнікаў наступная: мая будучыня залежыць ад лёсу, няўмольнага і непазбежнага. Псіхолагі дадаюць: да варажбы часцей за ўсё звяртаюцца людзі, якія не хочуць разлічваць на сябе. Ім лягчэй спісаць свае няўдачы на кагосьці іншага, а лепш — на абставіны. Але нашыя продкі не мелі вялікага выбару баўлення часу. Варажба для іх была заняткам на доўгія зімовыя вечары, а таму можа ўспрымацца намі як элемент фальклору. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самай дакладнай лічылі варажбу на стары Новы год - у ноч з 13 на 14 студзеня. А яшчэ верылі, нібыта ў гэтую ноч сняцца вешчыя сны. |
|