Навуковая рада ў Мінску аднагалосна прагаласавала за беларускамоўную дысэртацыю лекара
19.03.2016 06:04
—
Новости Общества
|
Дзіцячы рэаніматолаг Андрэй Вітушка абараніў кандыдацкую дысертацыю «Прагнастычныя фактары і прафілактыка ўнутрашлуначкавых крывазліццяў у неданошаных з масай цела менш за 1500 грам пры нараджэнні». «Трэба часцей даваць магчымасць дактарам гаварыць па-беларуску», — кажа Андрэй Вітушка. Усе 11 сябраў дысэртацыйнай рады аднагалосна прагаласавалі за абарону дысертацыі. — Праца была прысвечана папярэджанню цяжкіх пашкоджанняў мозга ў глыбока неданошаных дзетак, якія нарадзіліся вагой менш за паўтара кілаграма. У сувязі з тым, што яны такія няспелыя, непадрыхтаваныя да жыцця, часта бывае, што ў іх сасудзіны ў галаве не вытрымліваюць і рвуцца, і ўтвараюцца крывазліцці ў мозг. Гэта сур’ёзная праблема, бо яна з’яўляецца потым прычынай інваліднасці. Драматычная сітуацыя, калі за хвіліны чалавек робіцца інвалідам на ўсё жыццё. Праблема актуальная ў сусьветнай педыятрычнай навуцы, — тлумачыць сутнасць свайго даследавання Андрэй Вітушка. Падчас працы над дысэртацыяй доктар даследаваў дзетак, якія лячыліся ў аддзяленні рэанімацыі нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця». Праграма прафілактыкі, якую распрацаваў Вітушка, прайшла выпрабаванне ў РНПЦ і зацверджана на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. — Сваёй працай я хацеў адказаць на пытанне, як трэба лячыць такіх дзетак, каб у іх не здараліся такія рэчы. Каб у іх былі здаровыя захаваныя галовы. І каб гэта была магчымасць ім далей расці і развівацца, — распавядае ён. Вітушка, які камунікуе са сваімі пацыентамі і калегамі па-беларуску, кажа, што ніякіх праблемаў з беларускай мовай у яго ў працы не ўзнікае. Складаную навуковую назву патлумачыць простай мовай таксама магчыма. — Шлуначак — гэта такая паражніна ў галаўным мозгу, — тлумачыць Андрэй. — Сам па сабе мозг неаднародны і мае свае паражніны, шлуначкі. Праца беларускага доктара атрымала пазітыўныя водгукі ад экспертаў з Украіны і Расіі. На самой абароне да яе таксама паставіліся вельмі прыязна. — Дысэртацыю я абараняў па-беларуску, праблем не было, — распавядае Андрэй. — Калегі станоўча паставіліся, некаторыя задавалі пытанні па-беларуску. Потым у абмеркаванні казалі, што гэта ўвогуле не пытанне і ня нешта дзіўнае, што хтосьці ў Беларусі хоча па-беларуску размаўляць. Гэта было вельмі прыемна. — Калі навукоўцы гатовыя ўспрымаць беларускую мову, трэба часцей даваць ім такую магчымасць, — упэўнены доктар. — Трэба часцей гаварыць па-беларуску з імі. Часам нават беларускамоўныя ў жыцці людзі прыходзяць да доктара і пачынаюць «саромецца» гаварыць па-беларуску. Кажуць, што доктар нібыта не зразумее, калі я скажу, што ў мяне страўнік баліць ці ныркі цягне. Цяпер Андрэй Вітушка будзе чакаць рашэння Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, якая на працягу 6 месяцаў мае надаць яму званне кандыдата медыцынскіх навук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Калегі станоўча паставіліся. Потым казалі, што гэта ня нешта дзіўнае, што хтосьці ў Беларусі хоча па-беларуску размаўляць", - распавёў сам лекар. |
|