Чаму гісторыя і літаратура - не лішнія прадметы ў школе
05.01.2017 11:36
—
Новости Общества
|
«Школа будучыні вачыма навучэнцаў» — дэбаты на гэту тэму прайшлі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі з удзелам адзінаццацікласнікаў 43-й сталічнай гімназіі. У цэнтры ўвагі аказаліся плюсы і мінусы сучаснай школы. Без пяці хвілін выпускнікі разважалі пра тое, якімі павінны быць ідэальны настаўнік і ідэальны вучань, ці ёсць будучыня ў кніг на папяровых носьбітах і ў якую школу яны б хацелі прывесці сваё дзіця. — Нам падалося цікавым запрасіць да дыскусіі менавіта юнакоў і дзяўчат, якім засталося ўсяго паўгода да самастойнага дарослага жыцця, бо гэта ўжо людзі з крытычным мысленнем і сваёй пазіцыяй, якую яны могуць аргументаваць і гатовы яе адстойваць, — растлумачыў выкладчык Інстытута журналістыкі БДУ кандыдат філалагічных навук дацэнт Уладзімір Капцаў. Інструмент для выхавання— Самы вялікі мінус нашай школы — гэта яе вучэбная праграма, якая вельмі павярхоўна закранае змест вялікай колькасці вучэбных дысцыплін, прычым тыя веды, што мы атрымліваем на школьных уроках, магчыма, у будучыні нам увогуле не спатрэбяцца. Для прыкладу, я навучаюся ў профільным фізіка-матэматычным класе, але, нягледзячы на гэта, шмат увагі вымушаны выдаткоўваць на тыя прадметы, якія не будуць запатрабаваныя пасля школы. Адкуль у мяне такая ўпэўненасць? Я правеў дастаткова часу за вывучэннем таго, якія веды патрабуюцца для маёй будучай прафесіі. Да таго ж у маім акружэнні ёсць людзі, якія ў гэтай сферы ўжо працуюць: яны пацвердзілі, што большасць прадметаў, якія я сёння вымушаны вывучаць, ім не спатрэбілася, прычым не толькі ў рабоце, але і падчас навучання ў ВНУ. Фізіка-матэматычны профіль на старшай ступені школы забяспечвае выбар з дастаткова вялікай колькасці спецыяльнасцяў. Асабіста я збіраюся ісці ў сферу ІТ. На маё пытанне «навошта мне здаваць на ўступным экзамене фізіку і ўвогуле навошта фізіка для вэб-распрацовак?» школьны настаўнік адказаць не змог. Аргумент «для таго, каб ведаць, як працуе камп’ютар», прыняць не магу, бо яго ўстройства ведаю ўжо даўно. Таму я ўпэўнены: неабходна змяняць падыходы да фарміравання вучэбнай праграмы на старшай ступені школы: вучню трэба даць магчымасць выбіраць з прапанаваных яму дысцыплін тыя, што спатрэбяцца для атрымання прафесіі і дапамогуць у дасягненні мэты. Але, напрыклад, такія прадметы, як літаратура і гісторыя, трэба вывучаць усім, незалежна ад выбару далейшага прафесійнага шляху. Літаратура — вельмі сур’ёзны інструмент для фарміравання асобы, таксама як і мова, і гісторыя. Нават адмоўнае стаўленне да той ці іншай падзеі адбываецца на фоне таго, ці ведаем мы пра гістарычную падзею. Таму гэтыя прадметы абавязкова павінны заставацца ў школьным раскладзе, бо інакш мы выйдзем са школы пустымі сасудамі. Чалавечнасць і патрабавальнасць— У кожнага дзіцяці меркаванне пра ідэальнага настаўніка пачынае складвацца з першага дня знаходжання ў школе. Адразу падаецца, што ідэальны настаўнік павінен быць добрым, літаральна лепшым сябрам, не патрабаваць шмат і не скардзіцца на цябе бацькам. Але, насамрэч, ніякай карысці ад такога педагога не будзе, таму што нельга вучыць, не патрабуючы. Педагог павінен бачыць аддачу ад сваёй працы, — лічыць адзінаццацікласніца Наталля Кiзiно. — У малодшых класах мала хто настроены сядзець 45 хвілін на адным месцы, уважліва слухаць і запамінаць, таму, каб завалодаць увагай дзіцяці, педагогу трэба прыкласці шмат намаганняў. Але з узростам жаданне слухаць на ўроку нават цікавыя факты, на жаль, знікае. У 10-м класе хочацца атрымліваць як мага больш інфармацыі, якая спатрэбіцца табе для паступлення, а тым больш у 11-м класе, калі на носе выпускныя і ўступныя іспыты. І тады лепшым настаўнікам для цябе становіцца той, хто дакладна і даступна выкладае карысную інфармацыю, хто можа параіць, што трэба вучыць цяпер, а што можна адкласці на заўтра, што трэба вывучыць дасканала, а дзе дастаткова павярхоўных ведаў. Той педагог, які дапаможа табе падрыхтавацца да паступлення, і стане для цябе найлепшым. І ўсё ж такі сярод вялікай колькасці настаўнікаў, з якімі даводзіцца сустракацца за адзінаццаць гадоў вучобы, абавязкова ёсць тыя, хто застаецца ў памяці на ўсё жыццё: настаўнікі, якія неяк па-асабліваму праводзілі свае ўрокі, умелі завалодаць даверам і павагай сваіх вучняў. Але іх у школе зусім няшмат. — А вось разважаць на тэму ідэальнага вучня мне больш складана. Якім ён павінен быць, напэўна, ведае ідэальны настаўнік? Я, канешне, магу прыводзіць шмат аргументаў на карысць таго, чаму нам трэба задаваць менш дамашніх заданняў і даваць больш свабоды, але ацэньваць вучня можа толькі настаўнік. — Мы правялі сярод адзінаццацікласнікаў гімназіі анкетаванне. Увагі заслугоўвае тая акалічнасць, што пералічваючы характарыстыкі, уласцівыя ідэальнаму настаўніку, на першае месца ўсе ставілі найперш чалавечыя, а не прафесійныя якасці, — падкрэслівае Уладзімір Капцаў. — Галоўная думка — настаўніка трэба не баяцца, а паважаць. Ён павінен быць добрым, разумець сваіх вучняў і быць ім сябрам… Прапанавалі таксама паразважаць на тэму, а ці зможа замяніць настаўніка праз нейкі час робат ці суперкамп’ютар. У гэтым пытанні ўсе былі аднадушныя: педагог школе будучыні патрэбны. А вось будучыня папяровага падручніка ставіцца школьнікамі пад сумненне. У кнігі ж мастацкай на папяровых носьбітах больш шанцаў «выжыць». Настаўнік, а не рэпетытарНаталля Кізіно лічыць, што друкаваная кніга не знікне хоць бы таму, што яна мае пэўныя перавагі перад электронным аналагам: «У папяровым экзэмпляры заўсёды можна пазначыць важны для цябе момант ці кавалак тэксту, да якога потым лёгка можна вярнуцца. У электронным тэксце зрабіць гэта больш праблематычна. А вось падручнікі дакладна чакае электронная будучыня, таму што значна прасцей змяніць яго змест у электронным выглядзе, а не друкаваць кожны год новы…» Цікава было пачуць, як адзінаццацікласнікі ўяўляюць сабе школу праз 10−15 гадоў. Што там павінна змяніцца, каб ім захацелася туды прывесці сваё дзіця? Бліц-апытанне, і не больш як 10−15 секунд на адказ кожнаму:
Заўсёды вучыцца ў вучняўВынікі дыскусіі падагульніла заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, педагог-метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ганна Дабрынеўская. — У маім жыцці было шмат і вучняў, і настаўнікаў, прычым вельмі розных. Якой жа я сёння, маючы за плячыма 55 гадоў прафесійнага стажу, бачу школу будучыні? Мне падаецца, што гэта павінна быць школа разумнага балансу паміж кнігамі і тэхнікай, паміж настаўнікамі і вучнямі, паміж мінулым і будучыняй. Што мне вельмі імпануе, дык гэта ваша актыўная пазіцыя, вашы выказванні пра маральнасць, бо ніякая праца не мае сэнсу, калі няма маральнай асновы, даверных адносін, дэмакратычнасці, адкрытасці і шчырасці ў стасунках. Якім я бачу ідэальнага вучня? Гэта той, хто не будзе чакаць, што ад яго запатрабуе настаўнік. Школа патрабаванняў - школа ўчарашняга дня. Сёння патрэбная іншая школа: тая, дзе вучань вучыцца сам. У вашы гады трэба мець бачанне будучыні. Прагнастычная кампетэнцыя вельмі важная, як і ўменне вучыцца. Чалавек будзе вучыцца сам, калі яго гэтаму навучаць, а гэта ўжо місія настаўніка. Якім жа я бачу ідэальнага настаўніка? Гэта той, хто дапаможа кожнаму вучню стаць самім сабой, знайсці сваё месца ў жыцці і максімальна самарэалізавацца. Нельга, каб педагог быў проста «ўрокадаўцам». Вельмі дрэнна, калі ён не разумее, не чуе вучня, не ідзе яму насустрач, не думае пра заўтрашні дзень, клапоціцца толькі пра веданне свайго прадмета, а ўсё іншае яго не хвалюе і не цікавіць. Дапамагчы чалавеку стаць самім сабой няпроста, паверце, мы гэтаму таксама вучымся. Другая якасць ідэальнага настаўніка — жаданне вучыцца, таму што сапраўдны педагог застаецца вучнем на ўсё жыццё: ён вучыцца, у тым ліку і на сваіх памылках, вучыцца ў сваіх вучняў, спрабуе зразумець, чым яны незадаволеныя і што трэба змяніць. Я лічу, што сёння ў школьнай праграме няма лішніх прадметаў. Дысцыпліны, якія вы вывучаеце на павышаным узроўні, — гэта ваш выбар, прадыктаваны далейшымі жыццёвымі планамі. Але ва ўсіх школьных прадметах ёсць тое, што дае агульнае развіццё. Ніхто сёння не ведае, якія прафесіі і веды будуць запатрабаваныя ў будучыні. Вы вызначыліся з галоўным стрыжнем — абралі пэўны профіль, але і іншыя школьныя прадметы з рахункаў не спісвайце… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Школа будучыні вачыма навучэнцаў" - дэбаты на гэту тэму прайшлі ў Нацыянальным інстытуце адукацыі з удзелам адзінаццацікласнікаў 43-й сталічнай гімназіі.
|
|