У Паставах дзейнічаў філіял знакамітай кавалерыйскай школы генерала Брусілава. 21.by

У Паставах дзейнічаў філіял знакамітай кавалерыйскай школы генерала Брусілава

09.02.2017 14:02 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адна з адметнасцяў Паставаў — былы палац Тызенгаўзаў, у якім месціцца раённая бальніца. Пры падтрымцы Еўрасаюза ў яе сутарэннях стварылі цікавую экспазіцыю.


З экспанатамі мяне пазнаёміла старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. Адзін з гістарычных фактаў прыцягнуў маю ўвагу.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Паставы ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Таццяна Гарошка нагадвае, што ў выніку шлюбных саюзаў нашчадкамі славутых Тызенгаўзаў сталі прадстаўнікі роду Пшэздзецкіх.

Граф Пшэздзецкі вельмі любіў коней, таму не дзіва, што нейкім чынам сышоўся з Аляксеем Брусілавым — кіраўніком Санкт-Пецярбургскай афіцэрскай кавалерыйскай школы (сучаснікі жартаўліва называлі яе «конскай акадэміяй»), будучым героем Першай сусветнай вайны. Ёсць адзінкі палкаводцаў, у гонар якіх назвалі баявыя аперацыі, а генерал меў свой «Брусілаўскі прарыў».

У Паставах стварылі своеасаблівы філіял школы. Асаблівай матэрыяльнай выгады граф з гэтага супрацоўніцтва, відавочна, не меў. Затое дзякуючы яму Паставы сталі вядомымі сярод кавалерыстаў.

На пачатку ХХ стагоддзя тут пабудавалі паляўнічы замак, дзе бываў расійскі імператар Мікалай ІІ, таму яго часам называюць «Мікалаеўскім». Верхняя частка будынка была драўлянай, ніжняя — каменнай. На першым паверсе мясціліся афіцэры, у мансардзе — дзеншчыкі. Былі таксама казарма для ніжніх чыноў, сабакарня, звярынец. У музеі можна паглядзець рэдкія кінакадры, знятыя ў Паставах адным з першых расійскіх аператараў у 1908 годзе.


Сюды прыязджала кавалерыя (цудоўныя былі вершнікі!) і прывозіла найлепшых коней. Іх колькасць даходзіла да 200. Нават выпісалі з Італіі вядомага выкладчыка выездкі.

Сярод знакамітых асоб, што бывалі тут, — унук імператара Мікалая І генерал ад кавалерыі Мікалай Раманаў, вярхоўны галоўнакамандуючы расійскім войскам у пачатку Першай сусветнай вайны, будучы маршал, а потым прэзідэнт Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм, адзін з лідараў белагвардзейскага руху барон Врангель, украінскі гетман Скарападскі

Таццяна Гарошка кажа, што нават захаваўся альбом са спісамі ўдзельнікаў аднаго з першых заездаў. Яны ёсць на сайтах антыкварнай тэматыкі Санкт-Пецярбурга. Але іх кошт (каля 10 тысяч долараў) занадта вялікі.

Аляксей Брусілаў для выхавання добрых кавалерыстаў увёў такі від заняткаў, як «парфорснае паляванне» — вершнікі без зброі заганялі звера, часцей за ўсё аленя. Згадка пра гэта ёсць у адным з лепшых раманаў Валянціна Пікуля «Честь имею». Персанаж кнігі кажа: «Вспомни, как мы вместе ломали кости на парфорсной охоте в Поставах под Вильной… Граф Пржездецкий заранее готовил врачей, бинты и лекарства для будущих инвалидов парфорсной бойни».

І гэта мастацкая дэталь, відаць, недалёкая ад ісціны. Бо захаваліся і рэальныя ўспаміны сведкі тых падзей — драгунскага афіцэра.

Відовішча было незвычайнае! З вальера выпускалі еўрапейскага аленя, за ім ззаду колькі дзясяткаў сабак, якія фактычна дабывалі дзічыну, і толькі потым — пераследнікі. Звер нёсся стрымгалоў. А там мясцовасць складаная: і яры, і ручаі, і азёры. Гэта было вельмі сур’ёзнае выпрабаванне для кавалерыстаў. Многія не маглі сваёй хадой вярнуцца ў маёнтак — ламалі рукі і ногі. За імі прысылалі калёсы. На папулярнае відовішча збіраліся шматлікія гледачы.

Бывала, што на шляху «дзікага палявання» аказвалася вёска. Яе жыхарам было не да жартаў. Загнаны алень пераскокваў адзін плот за другім. Сабакі таксама лёгка пераадольвалі перашкоды, а вось паляўнічым было вельмі цяжка. Агароджы трашчалі пад ударамі капытоў і валіліся. А бывала і наадварот: на зямлі аказваліся конь і яго гаспадар. Вясковыя жанчыны і дзеці крычалі ад жаху пры такім нязвыклым відовішчы і знішчанай маёмасці. Аднак кожны раз пасля палявання стваралі камісію, якая вывучала прычыненыя разбурэнні і шкоду ўгоддзям. Вызначалі іх кошт, які потым сплочвала вайсковае міністэрства.

Нарэшце, сабакі даганялі здабычу. І даезджыя трубілі гімн сканчэння палявання. Вечарам у гонар пераможцаў граф Пшэздзецкі рабіў багаты баль. На яго збіраліся толькі тыя, хто мог па стане здароўя дабрацца да стала.

Але гэта было важным спосабам удасканальвання верхавой язды. Бо галоўным быў не вынік палявання, а здольнасць вершніка кіраваць канём у экстрэмальных умовах. Многія, не вытрымаўшы выпрабаванняў, сыходзілі ў адстаўку. Даследчыкі мяркуюць, што праз пастаўскія зборы прайшла ўся гвардзейская кавалерыя расійскага войска. Нездарма падчас вайны брусілаўцы праявілі сябе выключна добра.

На жаль, унікальны паляўнічы замак разбурылі ў Першую сусветную вайну. Дакладнае яго месцазнаходжанне невядомае: прыблізна ён стаяў на тэрыторыі сучаснага гарадскога парку.

На памяць пра «конскія гісторыі» графа Пшэздзецкага ў сховішчах музея захаваўся толькі старадаўні габелен са сваёй легендай. У графа быў конюх па прозвішчы Атвалка. Ён ашчадна ставіўся да скакуноў гаспадара, якія перамагалі на спаборніцтвах. Каб аддзячыць, той накіраваў яго сына вучыцца ў вайсковую школу. Юнак скончыў яе на выдатна. Расчуліўшыся, граф загадаў зняць са сцяны габелен і падарыў яго хлопцу.

Малады Атвалка загінуў на Першай сусветнай, не пакінуўшы нашчадкаў. Твор жа мастацтва захаваўся да нашых дзён у яго сваякоў. Калі апошнія старыя памерлі (а было гэта ўжо ў 2000-х), іх дачка, якая жыве за мяжой, вырашала зрабіць падарунак гораду, дзе жылі продкі, пакінуўшы габелен у Паставах.

Даведка

Сярод знакамітых асоб, што бывалі ў Паставах, — унук імператара Мікалая І генерал ад кавалерыі Мікалай Раманаў, вярхоўны галоўнакамандуючы расійскім войскам у пачатку Першай сусветнай вайны, будучы маршал, а потым прэзідэнт Фінляндыі Карл Густаў Манэргейм, адзін з лідараў белагвардзейскага руху барон Врангель, украінскі гетман Скарападскі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даследчыкі мяркуюць, што праз пастаўскія зборы прайшла ўся гвардзейская кавалерыя расійскага войска.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика