Як выглядаюць берлагі беларускіх мядзведзяў і чаму жывёл узімку нельга турбаваць. 21.by

Як выглядаюць берлагі беларускіх мядзведзяў і чаму жывёл узімку нельга турбаваць

21.02.2017 11:18 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як і дзе спяць мядзведзі ўзімку? Чаму іх не трэба турбаваць? Як выглядаюць берлагі, пра якія ўсе чулі, але якіх амаль ніхто не бачыў? Вучоны распавёў TUT.BY пра цікавыя моманты з жыцця вялікага драпежніка.

«Дзікая прырода з Вадзімам Сідаровічам» — цыкл прыродазнаўчых артыкулаў. Мы прапануем зазірнуць у жывёльны свет Беларусі праз унікальныя матэрыялы. Вадзім Сідаровіч 30 гадоў у заалагічнай справе, доктар біялагічных навук, прафесар. Вучоны мае сядзібу ў Налібоцкай пушчы, дзе праводзіць свае даследаванні ваўкоў ды іншых жывёлаў. Фотаапарат і фотапасткі дазваляюць яму сфатаграфаваць тое, што далёка не кожны зможа пабачыць у жыцці.

Колькі спяць мядзведзі ў Беларусі?

Як спяць мядзведзі? Пра гэта шмат паведамляецца ў рэгіёнах, дзе бурых мядзведзяў параўнальна шмат, дзе іх добра даследавалі. Напрыклад, у Еўропе гэта Расея або Нарвегія. Але як мядзведзь спіць на Беларусі — у іншых варунках прыроднага асяроддзя і ва ўмовах ня гэткіх сцюдзёных зімаў?

Акрамя сціслых паведамленняў Міхала Аляксандравіча Лавава для Бярэзінскага запаведніку, я амаль не знайшоў заалагічных публікацый на гэтую тэму, таму вырашыў даведацца самастойна. Гэта было няпростай задачай, бо мядзведзяў на Беларусі няшмат. Шукаць мядзведжыя берлагі (па-беларуску кажуць яшчэ мярло) можна толькі вясною або ўлетку.

Узімку гэта рабіць небяспечна, перш за ўсё для мядзведзя. Калі патурбаваць, жывёлы сыходзяць з берлагаў, хутка худнеюць, бадзяючыся ў бяскормным зімовым лесе. Потым зноўку кладуцца спаць, але гэтакія мядзведзі маюць значна меншыя шанцы добра перазімаваць.

Асабліва кепска гэта для маткі з медзведзянятамі, якія нараджаюцца з канца снежня і да канца студзеня. Мядзведзіца, якую патурбавалі людзі, збягае і ніколі не вяртаецца да медзведзянят, якія хутка паміраюць ад зімовай сцюжы і без матчынага малака.


Ельнік з ветравалам — тыповае месца зімовага засонку мядзведзяў

Ветравал у ельніку з яловым падростам таксама добрае месца для зімовага залягання мядзведзя

Ялінкі, якія мядзведзь зламаў, каб утварыць берлаг

Менавіта з-за таго, што шмат медзведзянят гіне, у Беларусі гэтак мала мядзведзяў. Перш за ўсё, іх турбуе лесагаспадарчая дзейнасць, асабліва высечка ўзімку падбагененых старых ельнікаў з ветравалам. Таксама значна турбуюць мядзведзяў паляванні ў месцах мядзведжага засонку, асабліва загоннае паляванне на капытных і любое іншае паляванне з сабакамі. Людзі палохаюць мядзведзяў падчас прагонна-шумавых падлікаў капытных, якія часам адбываюцца ў нашых паляўнічых гаспадарках і нават на ахоўных тэрыторыях.

Але мядзведзь з мярла можа падняцца і сам па сабе. Мядзведжыя маткі ды й напаўдарослыя мядзведзі спяць больш трывала, тады як дарослыя самцы часам абуджаюцца, асабліва ў адлігу, ды й крыху ходзяць вакол берлага, часам на аддаленні ў некалькі кіламетраў. Часцей за ўсё яны кладуцца ў тое ж самае мярло, але могуць зрабіць і новае, асабліва калі ранейшае надта абледзянела.

Значнай небяспекі ад часова абудзіўшыхся мядзведзяў на Беларусі няма. Па-першае, гэтая іхняя хада адбываецца ў глухіх урочышчах, дзе мала бываюць людзі, бо мядзведзі толькі гэтак і залягаюць у засонак. Па-другое, гэта зусім ня тыя агрэсіўныя мядзведзі-шатуны з больш паўночных шыротаў Урала або Сібіры. Тамака наяданне тлушчу мядзведзямі надта залежыць ад ураджаю кедра і марошкі, а таксама ад таго, як хутка наступае зіма.

У значна больш паўднёвай Беларусі больш спрыяльныя варункі асяроддзя. Тут бурыя мядзведзі наядаюць досыць тлушчу цягам восені, і гэты тлушч забяспечвае ім захавальную зімоўку.

Сапраўды, бурыя мядзведзі, хоць і не ў вялікай колькасці, але суіснуюць побач з людзьмі на Беларусі шмат гадоў, і я не чуў, каб мядзведзь на кагосьці тут напаў ды пашкодзіў. Далей на поўдзень (напрыклад у Карпатах) бурыя мядзведзі ўвогуле кладуцца ў засонак ня кожную зіму і часам ненадоўга.


Берлаг невялікага мядзведзя ў трухлявым камлі яліны

Спаць, каб існаваць: вынік эвалюцыі

Чаму бурым мядзведзям патрэбны засонак ва ўмовах зімовай сцюжы? Здаецца, мог бы мядзведзь здабываць сабе ласёў ды дзікоў і жыць ня горай, чым ваўкі. Але вось як раз такі буры мядзведзь і не вытрымаў эвалюцыйна жорсткай канкурэнцыі за гэтыя ахвяры менавіта з ваўкамі. Ваўкі палююць на дзікіх капытных у лясных абшарах ватагамі, асабліва ўзімку. А гэта больш эфектыўна. Буры мядзведзь апынуўся перад эвалюцыйным выбарам: або знікнуць, або неяк прыстасавацца жыць па-іншаму. З доўгім часам мядзведзі і прытарнаваліся спажываць пераважна раслінныя кармы ды насякомых, назапашваць тлушчу да неспрыяльнай зімы, а ўзімку спаць. Але разам з гэтым бурыя мядзведзі захавалі ўсе атрыбуты вялікага драпежніка, найперш за ўсё пашчу з драпежніцкім зубным апаратам.


Тропы мядзведзя на апошнім ільдзе напрадвесні

У Беларусі зімовы засонак мядзведзяў пачынаецца з надыходам зімы, звычайна недзе напрыканцы лістапада або на пачатку снежня. Калі зімы ўсё няма, як было гэтай парою ў 2013−2015 гадах, то мядзведзі ўсё роўна кладуцца спаць, але некалькімі тыднямі пазней. Іхні зімовы засонак доўжыцца да ранневеснавога адноснага цяпла. Напрыканцы сакавіка большасць мядзведзяў у Беларусі ўжо ходзіць. Найдаўжэй сядзіць ля берлага матка з медзведзянятамі. Пры гэтым яна можа рабіць некалькі новых ранневеснавых берлагоў і знаходзіцца ў іхніх ваколіцах аж да сярэдзіны траўня.

Як выглядае мярло?

Найбольш тыповы берлаг бурага мядзведзя на Беларусі — шырокая і тоўстая, акруглай формы, высцілка. Перш з нагрызенай спарахнелай драўніны, потым з яловых галінак. Гэтая высцілка можа быць напоўніцу адчыненай, і тады мядзведзь ляжыць у ледавых бакавіннях. Часцей за ўсё гэтакія берлагі знаходзяцца пад вялікай разлапістай елкай, або пры яловым вывараце. Гэтакі берлаг можа зверху прыкрывацца маладымі ялінкамі, што наламаны і прынесены мядзведзем.


Грунтовае мярло мядзведзя на схіле гары

Адчынены берлаг з тоўстай высцілкай яловых галінак

Адчыненае мярло з тоўстай высцілкай са шчапы яловых галінак

Мярло мядзведзя пад яловым вываратам

Нагрызанне шчапы на высцілку мярла

Мядзведзь грыз спарахнелы стаўбур на высцілку мярла

Мярло пад вываратам, пры наяўнасці там парахні або тарфянога грунту, можа быць і без аніякай высцілкі. У гэтакіх месцах, пры вывернутым ветрам дрэве, мядзведзь залягае з боку паваленага стаўбуру пры спляценнях каранёў. Часам на Беларусі мядзведзь капае норныя берлагі ў зямлі недзе на схіле гары або ў тарфяных валах на закінутых торфараспрацоўках. Гэтакія берлагі таксама давялося бачыць.

На развітанне хочацца папрасіць не турбаваць мядзведзяў у берлагу ўсіх, ад каго гэта істотна залежыць. Хочацца, каб гэтага ўлюбёнца большасці людзей было як мага болей у нас на Беларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як і дзе спяць мядзведзі ўзімку? Чаму іх не трэба турбаваць? Як выглядаюць берлагі, пра якія ўсе чулі, але якіх амаль ніхто не бачыў? Вучоны распавёў TUT.BY пра цікавыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика