"Пішам, з чырвонага радка: "Усмешка". Як у Віцебску прайшла агульнацыянальная дыктоўка
23.02.2017 11:20
—
Новости Общества
|
У абласной бібліятэцы 22 лютага адзначылі «Свята роднай мовы». Усе жадаючыя напісалі дыктоўку па-беларуску. Падобная акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, прайшла ў краіне ў дзясяты раз, аднак у Віцебску дыктоўку ўпершыню пісалі ў бібліятэцы. — Наша мова гучыць ва ўстановах культуры. Калі мы ідзем у бібліятэку, тэатр «Лялька» ці драмтэатр імя Якуба Коласа, то ведаем, што пачуем там беларускую мову. Але хацелася б, каб мы чулі яе і на вуліцах горада. Беларуская мова павінна займаць сваё пачэснае месца ў грамадстве. І кожны павінен пачаць з сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў. Размаўляйце, чытайце па-беларуску, — звярнулася да прысутных загадчыца краязнаўчага аддзела абласной бібліятэкі Ларыса Рагачова. Спачатку госці пачулі вершы вядомых віцебскіх паэтаў, а потым творы беларускіх класікаў прачыталі дзяўчаты — студэнткі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ВДУ). Музычным падарункам сталі песні ў выкананні дуэта Генадзя Емельянава і Аліны Таргунакавай. Дыктоўку правёў выкладчык ВДУ, старшыня абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Юрый Бабіч. Гэта быў фрагмент з апавядання Янкі Брыля «Усмешка». Арганізатары абгрунтавалі свой выбар тым, што сёлета ў жніўні споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння гэтага пісьменніка. — Тэкст нескладаны, пазітыўны, — супакоіў усіх Юрый Бабіч. — Вам раздалі адмысловыя аркушы, на якіх, па жаданні, вы можаце напісаць звесткі аб сабе — імя, прозвішча, узрост, род заняткаў. Але, калі не жадаеце, можаце гэтага не пазначаць. Дыктоўку вы можаце як забраць сабе на памяць пра сённяшні дзень, так і пакінуць тут. Але лепш, канешне, пакінуць — аркушы будуць захоўваць у бібліятэцы. Такім чынам, пішам, з чырвонага рада: «Усмешка». І ўсе засяродзіліся на сваіх аркушах. Аднолькава стараліся студэнты і пенсіянеры, гуманітарыі і «тэхнары». Пасля, як у школе, усім далі час на праверку дыктоўкі. Затым спадар Бабіч раскрыў «сакрэты»: дзе і якія знакі прыпынку патрэбна было паставіць і як напісаць тыя ці іншыя словы. Адна жанчына сталага веку нават наважылася агучыць свае памылкі і дадала: — Апошнім часам чытаю па-беларуску, таму зрабіла толькі дзве памылкі. Аркушы з дыктоўкай пажадалі здаць усе. Але адзнак нікому не ставілі: сэнс агульнацыянальнай дыктоўкі не ў праверцы ведаў, а ў тым, каб яшчэ раз усвядоміць, што мы беларусы, і ганарыцца гэтым. — Сябар-літовец распавёў мне, што дасюль захоўвае дыктоўку, якую напісаў гадоў 20 таму. Гэты пажаўцелы аркуш ён паказвае зараз сваім дзецям. Патрэбна, каб і ў беларусаў быў стымул — памятаць свае карані, — адзначыў Юрый Бабіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аркушы з дыктоўкай пажадалі здаць усе. Але адзнак нікому не ставілі: сэнс агульнацыянальнай дыктоўкі не ў праверцы ведаў, а ў тым, каб яшчэ раз усвядоміць, што мы... |
|