Крэветкі, Крэмль і лунапарк. "Гомель майго дзяцінства" ад Сяргея Балахонава. 21.by

Крэветкі, Крэмль і лунапарк. "Гомель майго дзяцінства" ад Сяргея Балахонава

14.08.2017 14:21 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наступныя ўспаміны пра Гомель у межах конкурса «Гомель майго дзяцінства» прыйшлі ад Сяргея Балахонава. Большасць з іх звязана з паўночна-ўсходняй часткай горада над Сожам. Гэта Прудок, Стары Аэрадром, Валатава 70-х, 80-х і пачатка 90-х.


Прудок, які быў далучаны да Гомеля ў 1957 г., доўгі час захоўваў сваё вясковае аблічча. Тут панавала індывідуальная забудова — пераважна драўляныя аднапавярховыя дамы. Хаця на вуліцы Праезджай і цягнулася палоска двухпавярховых цагляных кватэрных дамоў, гэта было рэдкасным выключэннем для тутэйшых краявідаў. У канцы 1970-х наша сям’я жыла на вуліцы Крупскай, дзе мае бацькі здымалі так званую «времянку» — часовую жылую пабудову, якую для кватарантаў гаспадары перарабілі з лазні. Многія падворкі тут мелі вялікія прысядзібныя ўчасткі з яблыневымі садамі, што цягнуліся да вуліцы Нагорнай, да якой прымыкала гарадскога выгляду школа ў некалькі паверхаў.

Камунальнымі выгодамі Прудок не вылучаўся: ваду дадому насілі з калонак і нават калодзежаў. Я заспеў час, калі само сабой зразумелым было выкарыстанне керагазаў, невялікіх двухканфорачных газавых на малых балонах і аднаканфорачных электрычных плітак. Скляпок, дзе прадавалі газу («керасін»), мясціўся між поштай і аўтобусным прыпынкам, бліжэй да азярца, якое на маёй памяці называлі Гантэля. Уласна газавыя балоны (гэткія чырвоныя бомбачкі) мянялі на іншым краі Прудка — у металічным, падобным на адсек бронецягніка, будыначку недалёка ад могілак, якія, нягледзячы на змяшаныя пахаванні, звычайна называліся яўрэйскімі. Аптэка і паліклініка тут мала чым адрозніваліся ад звычайных хатаў. Хатні тэлефон быў вялікай удачай.


На рагу вуліц Крупскай і Каменшчыкава працавала маленькая узведзеная з дрэва прадуктовая крама — «стары магазін». Там амаль заўсёды было вельмі цесна, пахла хлебам і сырасцю, а знаёмыя між сабою дарослыя абменьваліся жартамі. Больш мадэрновы гастраном, пабудаваны за паўкіламетра ад яго, у народзе атрымаў назву «новы магазін». Ён запомніўся мазаічным убранствам інтэр'ера і тым, што з двара прымалі пустую шклатару. На адным з прудкоўскіх узгоркаў знаходзіўся двухпавярховы цагляны магазін, дзе ў лепшыя часы можна было набыць хоць насценный дыван, хоць матацыкл. Зрэшты, ніхто ніколі не называў яго ні «прамтаварамі», ні крый божа «універмагам». Калі хтось казаў, што пайшоў на гару, гэта азначала наведванне акурат гэтай гандлёвай кропкі. Мне там заўсёды падабаўся тэхнічны водар і матацыклетны бляск. А запомнілася чамусь адна сцэнка з наведнікамі. Старэнькая бабулька у суправаджэнні дарослых дзяцей (а можа нават і ўнукаў!) выбірае насценны дыван з малюнкамі (лебедзі, катафеі, паляўнічыя на прывале). У яе пытаюць, ці нагледзела што, а паказвае і гаворыць: «Во есты маёй маме, а есты бабе». Праважатыя пераглядаюцца і спрабуюць растлумачыць старой, што тых даўно няма на свеце і дываны з катафеямі ім ужо без патрэбы…


Прудкоўскай Уол-стрыт (з папраўкай на «клімат») на той час можна было назваць вуліцу Рыднага з філіялам ашчаднай касы, гастраномам «Палессе», крамай гаспадарчых тавараў, швейным атэлье, калгасным рынкам, піўным барам (пра яго трохі ніжэй) і аптэкай. Нават праект летняга кінатэатра меркаваўся, праўда, разышоўся, як заечае сала, падобна легендарнаму «вполне разработанному проэкту» гомельскага трамвая. Гаспадарчая крама, змяняючы нюансы сваёй спецыфікацыі, пэўны час мела назву «Мотовелотехника». Прызвычаіцца да яе ніяк не маглі, збіваліся, калі вымаўлялі, а дарослыя тым часам пасмейваліся і выдавалі такое двухрадкоўе:

Мото, вело, фото,

Гребля и охота.

У пачатку 1980-х мы пераехалі ў іншую частку Прудка, дзе бацькі купілі палову дома. Палова здавалася настолькі вялікай, што я там зладзіў адзіночны алімпійскі забег і разбіў сабе брыво. Пераезд быў яркай і ўзрушлівай падзеяй, таму многія карціны таго дня паўстаюць перад вачыма, як жывыя. Напрыклад, з усёй сціплай мэблі маладой сям'і ў дзверы ніяк не магла прайсці шафа. Адзіным спосабам, каб унесці яе ў дом, не разбіраючы, было зацягванне праз акно. У адрозненне ад бурклівых старажылаў, што сталі міжвольнымі сведкамі гэтай дзе, я за ёй назіраў з непрыхаваным захапленнем, быццам гаворка ішла не пра банальную мэблю, а пра касмічныя караблі (на шафе, дарэчы, была наклейка з выявай Гагарына). Набытая палова дома перастала здавацца вялікай, калі я і два мае браты падраслі. Таму канец 80-х для нашай сям'і прайшоў пад сцягам будаўніцтва — з вёскі быў перавезены бабулін дом. Пастаянна кіпела работа: клаўся падмурак, складваліся бярвёны, тынкаваліся сцены, зварваліся трубы… Спраўляцца з усім дапамагалі родзічы, сябры і знаёмыя. Забаўна было лазіць па будаўнічых рыштаваннях, чымсьці пасабляючы дарослым, а ў перапынках няспешна ўгаворваць прынесеную мамай порцыю гомельскага марозіва «Забава». Гэта цяпер я разумею, якіх сілаў, трывання і сродкаў гэта ўсё каштавала бацькам. У той жа час будоўля здавалася адной вялікай расцягнутай у часе прыгодай.


Маскоўская алімпіяда-1980 заставалася для мяне толькі падзеяй, пра якую гавораць, але назіраць за якой магчымасцяў няма — бацькі на той час яшчэ не мелі тэлевізара. Адной з істотных хатніх пацехаў за адсутнасцю тэлевізара быў прагляд дыяфільмаў. Звычайна па вечарах на сцяну вешалася прасціна, уключаўся дыяпраектар і паціху круціліся плёнкі з рознымі казкамі і гісторыямі, змест якіх па кадрах зачытвалі мама ці тата. Самым страшным здаваўся дыяфільм «Чорная шкатулка», а любімым — адна са шматлікіх прыгод Алісы Селязнёвай. Новыя плёнкі мама перыядычна замаўляла праз пошту. Чорна-белыя тэлевізары, якія адзін за другім з’яўяліся пазней, запомніліся найперш тым, што часта ламаліся. Каляровыя «тэлікі» у дзіцячым садку, а потым і ў «нулёўцы» (неабавязковая школьная ступень перад першым класам) прыемна ўражвалі. З камп’ютарамі пашчасціла пазнаёміцца недзе пад канец 80-х, дзякуючы экскурсіям у педвучылішча і тэхнікум. Але інфарматыку ў школе ў 1992/1993 навучальным годзе давялося пачынаць засвойваць «на пальцах» — без камп’ютарнай тэхнікі. Магнітафона дома не было да пачатку 90-х. Але стаяў прайгравальнік грампласцінак. Мелодый і рытмаў познесавецкай эстрады я наслухаўся ўдосталь. «Давайте, Люся, потанцуем, поговорим о чём-нибудь». Сталым месцам, дзе кружэлкі набываліся, быў магазін «Музыка» на вуліцы Свірыдава ў Валатаве.

Штотыднёвым рытуалам было наведванне лазні, якая месцілася на вуліцы Ўраджайнай, прылягаючы да прамзоны. Людзей па выхадных увечары там звычайна было шмат, стаялі чэргі, якія здаваліся бясконцымі. Жанчына ў акенцы касы нагадвала касірку з фільма пра Бураціну (тая што, смеючыся, казала: «Из толстых кошельков, деточка»). Чаканне іншым разам разбаўлялася наведаннем цырульні, якая знаходзілася тут жа. Стрыгучы дзяцей, цырульніцы на падлакотнікі крэсла-вяртушкі клалі дошчачку, на якую дзеля зручнасці і ўсаджвалі малых. Мой першы вопыт падстрыгання ў лазневай цырульні быў ашаламляльна гучным — я катэгарычна не хацеў, каб мяне пазбаўлялі валасоў (прывет табе, біблейскі Самсон!), таму сваім плачам паставіў на вушы ўсіх, каго толькі можна і каго нельга. У выніку цырульніца здалася і стомлена сказала майму бацьку: «Стрыжыце самі». На сцяне ў мыйнай зале красаваў надпіс: «Баня парит. Баня правит. Баня всё поправит». Папраўляць у гэтым канкрэтным выпадку лазня збіралася двума душамі («дожджыкамі», як мы іх называлі), парылкай і нязводнай загадкай — наяўнасцю дзвярэй між мужчынскім і жаночым аддзяленнямі. Гарачыя трубы, якія ішлі пад закладзенымі мутнай шкляной цэглай вокнамі, нейкі час нічым не прыхоўваліся — можна было вельмі проста атрымаць апёк. Безумоўнай радасцю для дзятвы быў буфет, які вабіў трыма шклянымі перакуленымі конусамі з кранікамі. У кожны з конусаў буфетчыца пералівала з трохлітровых слоікаў пэўны гатунак соку — яблычны, бярозавы, таматны. Іншых тады папросту не было. На вітрыне красавалі коржыкі і пірожныя, сярод якіх мне найбольш падабалася «Бульбінка». Дарослыя ў буфеце лазні ласаваліся півам. «Піце піва пеннае — будзе морда здаравенная», — заўжды лунала ў паветры фраза, але напісаць яе на сцяне чамусь ніхто не збіраўся.

Што да піва, то асноўнай кропкай яго аматараў у Прудку доўгі час быў піўбар на ўжо ўспомненай вуліцы Рыднага. Скалочаны з дошак і ДСП, пафарбаваны ў сіні колер, з вялікімі вокнамі, ён бачыў самую разнастайную публіку. Бакалаў іншым разам не хапала, і бурштынавы напой разліваўся ў слоікі. Будучы малым, я там апынаўся разам з татам — піў свой дзяжурны бярозавы сок і слухаў, як дзіўна гудзе гэты вулей. Аднойчы тата прынёс сюды вялізнага вяленага ляшча — падарунак ад сваякоў з Чабаксараў. Рыба выклікала ў наведнікаў фурор. Адзін кліент так і віўся вакол століка, пускаючы слінкі, аж пакуль не папрасіў: «Дайце хоць крылушка папробаваць», меўшы на ўвазе, відаць, плаўнік.


Яшчэ «да школы» я абследаваў ці не ўсе прудкоўскія наваколлі, ездзячы з татам на рыбалку да шматлікіх вадаёмаў каля Яроміна, Касцюкоўкі, новага аэрапорта… Цікава, што самалётаў толкам не бачыў, але тое, як раўлі іх рухавікі, памятаю вельмі выразна. Па кустах усюды шлындалі не толькі канкурэнты па рыбацкай фартуне, але і дзядзі з цёцямі. «А куды яны пайшлі?» — бясплённа пытаў я ў таты пра чарговую парачку, якая імкліва хавалася ў хмызняку.

На нашай вуліцы нязменна гулялі ў «вайнушку». «Запомни, первое дело — шофёр», — цытуючы ваенны фільм, які толькі што паказвалі па тэлевізары, адзін з троху старэйшых хлапцоў казаў другому, ківаючы на аўтамабілі, што імчаліся па праезнай частцы. Абодва ў трымалі руках драўляныя «калашы» і цэлілі ў кожную машыну, што праязджала паўз іх. Зусім малымі мы проста цягаліся з равеснікамі па вуліцы і прыдумвалі сабе забаўку мімаходзь. Напрыклад, каля аднаго з падворкаў была выкапана яма, з-за дажджу яе напалову заліло вадой. Убачыўшы гэта, мы сталі праз яе гойсаць туды-сюды. Аж пакуль самы шчасліўчык (здагадайцеся, хто!) не зваліўся ў ваду. Абышлося. Калі не лічыць перапалоху, абмурзанага адзення і прачуханкі, атрыманай ад мамы. Падобнае здарэнне напаткала мяне ў больш сталым школьным веку ў Валатаве — перад школай вырылі траншэі пад пракладванне трубаў, наш клас дружна займаўся скачкамі праз іх, я таксама скочыў, але прызямліўся на левую руку, зламаўшы яе… Усе потым зайздросцілі, што мяне вызвалілі ад «фізры» і шкадавалі, што не зламаў правую, бо мог бы тады на законных падставах не выконваць пісьмовых заданняў ні на ўроках, ні дома.


Гульня ў «ножыкі», якую часта ўспамінаюць равеснікі, мне да смаку не прыпала, бо нічога з ёй не выходзіла. Калі атрымлівалася, ганялі мяч, «набівалі» нагамі (на колькасць разоў), білі яго ў сцяну (правіл не помню, называлі гэту пацеху «сала»). Было таксама нейкае падабенства лапты (называлася «пекар» ці «пікар»). Яшчэ гулялі ў настольны тэніс — самаробны столік знаходзіўся ў адным з суседскіх падворкаў. Там жа можна было «парэзацца» і ў настольны футбол. Вельмі цешыўся, калі навучыўся ездзіць на веласіпедзе («веліку»). Часам гуртаваліся з равеснікамі ў «велаэскадроны» і ганялі па Прудку і Валатаве, праследуючы дзяўчат. Праўда, тады я яшчэ дакладна не ведаў, навошта гэта было рабіць. Старэйшыя хлапцы, напяўшы камбінезоны ці спяцоўку цёмных таноў, ганялі тады на матацыклах «Ява» і «Чэзэт».

Абавязковым для хлопчыкаў было майстраванне рознага кшталту «стралялак». Браўся, напрыклад, патрон для лямпачкі, на адзін яго край ізастужкай ці дротам мацаваўся надзіманы шарык, і - вуаля! — у руках апыналася няхілая зброя, якую звычайна выкарыстоўвалі, страляючы рабінай, бо калі б з яе выпускалі толькі каменьчыкі ці кавалачкі цэглы, гульня немінуча ператварылася б у вайну на знішчэнне. Асаблівыя ўмельцы маглі змайстраваць помпавае ружжо, якое страляла кавалкамі пластыліну. Камусь нават гэтага здавалася мала — у акно кабінета гісторыі, дзе ў нас ішла класная гадзіна, нехта з вуліцы ці бліжэйшага шматпавярховіка бахнуў з самапалу! Шыбку прабіла навылёт, ад сцяны адляцела тынкоўка, цудам нікога не зачапіла. Было гэта, напэўна, годзе так у 89-м… Суцэльным жа насланнём для дзяцей ці не ўсіх узроставых груп стаў выраб лукаў і арбалетаў, пасля таго, як па ЦТ паказалі невялікі англійскі серыял пра Робіна Гуда. Дык жа модныя сёння спінеры можна сустрэць у руках цяперашніх падлеткаў радзей, чым у тагачасных арбалеты. Але гэтая хваля, як прыйшла, так хутка і спала, пакінуўшы толькі шумавінне.

Мае раннія ўспаміны пра Стары Аэрадром (мікрараён, узведзены на месцы ранейшага ўзлётнага поля) звязаныя, найперш, з дзіцячым садком. Садок знаходзіўся амаль у цэнтры Старога Аэрадрома, заціснуты хрушчоўкамі і іншымі шматпавярховымі будынкамі. Вадзіць мяне туды пешкі было проста нерэальна, бо і мне было б цяжка, і бацькі б на працу не паспявалі. Завозілі на аўтобусе (тады гэта былі пераважна венгерскія «Ікарусы»), але ніводнай такой ранішняй паездкі я не памятаю — відавочна, папросту ўсю дарогу «кімарыў» — дрымаў, бо, як кажуць, «падняць паднялі, а разбудзіць забылі». Садок мне не падабаўся. Падабаліся арэлі паблізу з ім. Калі тата пасля змены ў тралейбусным парку прыходзіў мяне забіраць, а спяшацца асабліва не было куды, то мы абавязкова спыняліся каля іх. Тата так мяне гушкаў, што аж дыханне займала!

Недалёка знаходзіўся кінатэатр «Юбілейны» з чырвонай і сіняй заламі, цікавымі інтэр'ерамі з акварыумамі, чучаламі дзікіх жывёл і, галоўнае, гульнявымі аўтаматамі. Для многіх дзяцей (дый дарослых) аўтамат «Марскі бой» быў адным з самых любімых. Здаецца, дагэтуль у вушах гэты гук ад руху караблёў і тарпедных стрэлаў. Часта фільмы ўспрымаліся толькі як нагода, каб за дадатковых 15 капеек у чарговы раз далучыцца да шаблонных, але такіх прывабных марскіх баталіяў. Праваруч ад кінатэатра размяшчаўся глыбокі (прынамсі, здаваўся такім) фантан, выкладзены пліткай адценняў бірузовага. Будынак «Юбілейнага» захаваўся да сёння (выстаўляецца на аўкцыён), а вось пра фантан на яго ранейшым месцы амаль нічога не нагадвае — ён быў паступова разбураны і закапаны.

На Стары Аэрадром прывозілі перасоўныя заапаркі (звярынцы), а пазней — чэхаславацкія луна-паркі. Адным з пастаянных месцаў для іх была пляцоўка між лёгкаатлетычным манежам і «глушкамі» (домам культуры таварыства глухіх). Помню адзін са звярынцаў - клеткі стаялі паўкругам, а паміж імі загарадзь для слана. Калі прыязджаў луна-парк, то ў школе і «на раёне» (Прудок і Валатава) усе толькі і балбаталі пра гэта як пра неверагодна крутую падзею. Луна-парк складаўся з некалькіх атракцыёнаў - горкі, каруселі, «пакой страху», латкі, дзе можна было выйграць нейкую дробязь, якая тады здавалася сапраўдным багаццем — цукерачкі, жвачкі (адна называлася — «Пэдра»), парашкі для прыгатавання ліманаду. Пасля таго, як нас з братамі сюды вадзілі бацькі, цяжка было пазбыцца эйфарыі, адчування, што ты пабываў у нейкім іншым сусвеце.

Усё гэта, аднак, было шчасцем прамінучым. Пастаянным жа цудам заставаліся чатыры нязвыклыя з-за сваіх калон-«ножак» двухпавярховыя будынкі (дзве крамы, пошта, рэстаран), якія ўшчыльную прылягалі да працяглага жылога дома, званага ў народзе «кітайскай сцяной». Не раз думалася, як добра тым, чые вокны выходзілі проста на дах «Спорттавараў» ці «Акіяна». Дарэчы, дзякуючы «Акіяну», упершыню ў жыцці пашчасціла пакаштаваць крэветак — годзе так у 85-м тата купіў там пару каробак з гэтай смачнай марской дробяззю. Сядзелі потым вакол стала і лузгалі іх, быццам семкі. Але такі ласунак быў, зразумела, выключнай з’явай. Памятаю, ішлі мы з мамай па Старым Аэрадроме (я ўжо ў школе вучыўся), бачым — чарга да якогась маленькага магазінчыка. «Давалі» трохі дзешавей, чым звычайна, каўбасу. Быў такі дзіўны гатунак у выглядзе хлебнага бохана. Сталі. Набылі. Паехалі дадому. У мяне тады страшна разбалелася галава, бо ўчадзеў ад каўбаснага дурману — каўбаса была «трошкі з душком», адсюль і яе дзешавізна. Такія вось кантрасты.

Таямніцай Старога Аэрадрома ў маім маленстве быў падземны ход перад магазінамі з боку вуліцы Савецкай. Іншым разам удавалася зірнуць туды, каб убачыць расчыненыя вароты і грузавікі за імі. Тое, што гэта пад’езд да складскіх памяшканняў магазінаў, дарослыя не тлумачылі, і дзіцячая фантазія дамалёўвала нешта сваё. Хто ведае, можа, менавіта адтуль і з’явіліся і ўмацаваліся думкі пра гомельскае метро. Не тлумачылі дарослыя, чаму нельга бегаць і дурэць каля вялікага чырвонага шчыта з надпісамі, які стаяў непадалёк ад «падземкі». Наўрад ці б я сам туды бегаў (знайшлі мне Расмуса-бадзягу!), проста аднойчы ўбачыў з аўтобуса, што іншыя гарэзы там добра забаўляюцца, таму і спытаў пра іх у таты ці мамы. «Савы смаленай не бачылі», — быў мне адказ. Я ж на той момант саву смаленую пабачыць паспеў (ледзь не спаліў дзедаву хату, уключыўшы кіпяцільнік), таму звязаў бацькоўскія словы з вогненебяспечнасцю гульняў каля таго шчыта. Праўда, праз нейкі час, асвоіўшы чытанне, ваш пакорлівы служка, прачытаў на ім нешта накшталт «Решения XXVI съезда КПСС в жизнь!», з чаго яшчэ болей здзівіўся, але больш ужо нікога на гэты конт не перапытваў.

Тое, што каля Прудка, «на балоце», будуецца новы мікрараён, я ведаў з размоваў дарослых. Да таго ж праз Прудок часта ездзілі грузавікі, якія вазілі да месца будаўніцтва розныя элементы будучых панельных дамоў. Новая Валатава паціху расла сабе без маёй да сябе ўвагі. У адрозненне ад Прудка у Валатаве пераважалі шматпавярховыя будынкі. Адзін паверх мелі хіба што магазіны (напрыклад, універсам «Бранскі»), але не ўсе. Такі стан рэчаў успрымаўся як данасць. Думаць, чаму ў Прудку так, а ў Валатаве гэтак, не выпадала. Больш цікавілі паходы з бацькамі на Валатаўское возера, веславы канал ці яшчэ далей — на Сож каля Плёсаў пры чыгуначным мосце. Быў вельмі ўражаны, калі аднойчы на асфальце каля возера ўбачыў кроў, а ў некалькіх метрах ад таго месца — мужыкоў (так яны выглядалі ў дзіцячых вачах), якія цягнулі свайго паўпрытомнага сябра з разбітым тварам.

У Валатаве была мая першая школа з нулявым класам пад літарай «Б». Там я навучыўся чытаць, пісаць і казаць «вы» нават тады, калі бачыў перад сабой толькі адну чалавечую адзінку. Таму першы клас ужо ў іншай, але зноў-ткі валатаўской, школе заканчваў даволі лёгка. У абодвух школах актавыя залы па выходных ператвараліся ў кіназалы. Там круцілі мастацкія фільмы ад «Няўлоўных мсціўцаў» да «Кінг-Конга». Разам з тым не памятаю ніводнага дня, каб мы карысталіся тэхнікай лінгафонных кабінетаў, дзе праводзіліся ўрокі замежнай мовы.

Вокны часткі класаў другой маёй школы выходзілі на Бязводку (ці то рачулку, ці то частку абводнага канала), за якой аж да чыгункі рассцілаўся луг, дзе пасвіліся каровы. Праўда, пастаральных вобразаў школьнаму жыццю гэта не дадавала. Увесь час наспявалі некія разборкі, трусіліся капейкі, абмяркоўвалася процістаянне між «металістамі» і «валністамі», усур’ёз заяўлялася, што на дзень нараджэння Гітлера ў Гомелі будзе разня… І ўсё гэта паралельна з правільнымі піянерскімі песнямі, палітінфармацыяй, зборам макулатуры і металалому. Помню, мяне вельмі здзівіла сустрэча з ветэранам вайны, арганізаваная аднойчы ў школе. Увешаны ўзнагародамі пажылы мужчына, якога мы ўшаноўвалі як героя Вялікай Айчыннай звычайна падмятаў школьны двор, працуючы дворнікам. Вось гэтая супярэчнасць — чаму герой вайны быў вымушаны махаць мятлой? — у галаве не ўкладвалася. І не толькі ў мяне аднаго: наша настаўніцу гэта таксама ўразіла, яна збянтэжана адводзіла вочы і міжволі шаптала: «Надо же, а я и не знала».


Іншыя раёны Гомеля мне былі знаёмыя значна менш. На сямейныя святы родзічаў часцяком мы траплялі з Прудка на таксі. Жоўтыя «Волгі» хутка неслі нас у Навабеліцу ці раён «Гомеля Паўночнага». Заставалася толькі не шчоўкаць дзюбай, а лыпаць вочкамі, спрабуючы выхапіць хоць нешта з заваконных краявідаў - мост праз Сож ці Палескі пуцеправод, электронныя гадзіннікі-тэрмометры на некаторых высотных будынках, шмат драўляных дамоў, што патаналі ў зеляніне… Горад (а менавіта так на нашых ускраінах называлі цэнтральную частку Гомеля) браў у свае абдымкі штораз, калі мы ездзілі на вёску. Бітком набіты аўтобус ЛАЗ «Гомель-Гута» (пазней — «Гомель-Першамайскі») адпраўляўся са старога аўтавакзала ў раёне рынка і Мохава пераезда, каб даць належнае кола і праз наш жа Прудок узяць курс на Ветку.

Выбіраліся ў горад і «па культурнай частцы». Лятучая талерка цырку мяне ў маленстве ўражвала мала. А вось суседняя вежа трыкатажнай фабрыкі «8 сакавіка», наадварот, выклікала масу эмоцый з-за ўяўнага падабенства да маскоўскай Спаскай вежы. Як толькі праходзілі ці праязджалі паўз яе, я нязменна ўскрыкваў: «О! Крэмль!». Значна пазней я даведаўся, што насамрэч гэта была замаскіраваная нестандартным архітэктурным рашэннем вадакачка. Танк Т-34 (помнік) на плошчы Паўстання таксама цягнуў да сябе магнітам. Тым больш, што даволі лёгка можна было ўзлезці і на пастамент, і на самую баявую ў мінулым машыну. Колькі было мараў, каб нейкім чынам трапіць унутр! Колькі зайздрасці было да равеснікаў, якія выхваляліся (выдумвалі, канечне), што не раз сядзелі ў яго кабіне і нават краналі кулямёт! У якасці маральнай кампенсацыі я казаў такім выхвалякам, што ў нас дома на гарышчы свой танк стаіць, але гэта сакрэт. Побач з той жа плошчай паміж хрушчоўкамі і старым прыватным сектарам знаходзіўся і стадыён (на сёння — сур’ёзна перабудаваны), куды, бывала, хадзілі з татам на футбол. Але гэтае відовішча мне не асабліва імпанавала — хоць і быў малым, але разважаў, як стары Хатабыч, марачы даць кожнаму футбалісту па асобным мячыку.

У парку і палацы Румянцавых і Паскевічаў выпадала бываць даволі рэдка. Яркімі ўспышкамі засталася ў памяці зімовая выправа туды ўсёй сям’ёй. Хадзілі (хто хадзіў, а хто гойсаў) па заснежаных сцежках. Кармілі печывам усюдыісных вавёрак. Наведалі краязнаўчы музей, дзе мяне больш за ўсё ўразілі старыя грошы і фляжка «фашистского главаря Гитлера» (прынамсі, неяк так чынам быў падпісаны той экспанат). Планетарый, пад які быў пераабсталяваны Петрапаўлаўскі сабор, у той дзень чамусь не працаваў. Пабываць у ім апасля так і не атрымалася. Капліца-пахавальня таксама засталася тады незавершаным гештальтам, бо паглядзець на «Паскевіча ў кароне», як апісваў гэта мой аднакласнік (гэта ён у кабіне танка на плошчы Паўстання быў), не ўдалося. Цэнтральны корпус сядзібы царскіх фаварытаў тады быў палацам піянераў (ці «піонераў», як было напісана на ім паводле старой арфаграфіі). Менавіта там мяне і маіх аднакласнікаў урачыста прымалі ў шэрагі юных ленінцаў. Пазней нас прыводзілі сюды, агітуючы ўдзельнічаць у розных гуртках. І хоць цікава было назіраць, як тутэйшыя самадзелкіны запускаюць у Лебядзіную сажалку мадэль карабля на радыёкіраванні, з гурткамі ў мяне не склалася.

На пачатак майго студэнцкага жыцця ў Гомелі для мяне заставалася яшчэ вельмі шмат месцаў, якія смела можна было называць, карыстаючыся словамі старажытных, «terra incognita ubi sunt leones» — нязведанай зямлёй, населенай ільвамі. З цягам часу такіх куткоў рабілася менш і менш. Але і сёння на карце Гомеля застаюцца белыя плямы, зафарбоўваць якія для мяне ў асалоду. І гэта прытым, што я даўно зразумеў, з чаго і як сшытая коўдра горада майго дзяцінства.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Окей, памяць. Tut.by хоча ведаць пра Гомель майго дзяцінства. Паспрабуем што-небудзь прыгадаць пра самы канец 70-х, 80-я і пачатак 90-х мінулага стагоддзя?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика