"Нікому мы не патрэбныя". Пасьля рамонту дарогі вазочнік заблякаваны ў сваёй хаце
12.10.2017 07:58
—
Новости Общества
|
Уладзімер Вялюк з вёскі Лукомер Бярозаўскага раёну не ходзіць, перасоўваецца на вазку. Але больш за два гады не можа выбрацца са свайго двара самастойна. Выехаць перашкаджае сама дарога: два гады таму яе паднялі значна вышэй. З хаты Ўладзімера Велюка ў акно відаць, як машыны едуць ледзь не па-над вокнамі. «Яны калі асфальт гэты клалі, то я ім крычаў - вы што, маўляў, робіце? Вы ж мяне замуроўваеце! А яны мне — «У нас пляны». Інвалідам Уладзімер стаў пасьля аварыі, амаль 30 год таму. «У 1989 годзе я трапіў у аварыю. Працаваў у калгасе ў Пружанскім раёне, ехалі на «ўазіку» па працоўных справах, я пасажырам быў… І вось 30 год, лічы, я так вось жыву. Жыў спачатку ў мамы, але цяжка было з 3 паверха спускацца. Купілі мне гэтую хату ў вёсцы. Ну і жыў тут, але ж бачыце — замуравалі…» — кажа Ўладзімер. Да рамонту дарогі, кажа спадар Вялюк, ён спакойна выяжджаў з двара ў краму, да сяброў і нават у суседнюю вёску. Цяпер жа ўзьехаць на дарогу на вазку няма як: «Хочацца да сяброў зьезьдзіць, пагутарыць хаця б. Улетку яшчэ я сядаю на зямлю ды цягну вазочак за сабой угару на асфальт, а потым сядаю ды еду. А восень, зіма, калі бруд ды дождж…» Спадар Вялюк кажа, што чатыры разы зьвяртаўся ў сельсавет з гэтай праблемай. Скардзіўся таксама, што вада з дарогі цячэ яму ў двор: «Адзін адказ — грошай няма. Ну нікому нічога ня трэба! Як у Малечы жыў, у акно глядзеў з трэцяга паверха, так і тут — прыехаў у вёску і ў акно гляджу». Пасьля аварыі ў 1989 годзе жонка пакінула Ўладзімера Велюка. Зь ім засталіся два сыны. Але цяпер яны вырасьлі і жывуць у іншых паселішчах, як і брат Уладзімера. Брат з сынамі наведваюць яго часта, але ня штодня. Уладзімер мае матаблёк, якім можа сам кіраваць. Улетку часам на матаблёку ён і выяжджаў з двара. Але цяпер ня можа, бо колы буксуюць па восеньскай сырой траве. Да таго ж, кажа Ўладзімер, выяжджаць самому на матаблёку з двара небясьпечна, бо ўгару трэба разганяцца — можна выскачыць пад аўтамабіль. «Лукашэнка казаў, што інвалідам заўсёды дапамогуць, усё зробяць. У гарадах — магчыма. А тут, у вёсцы, нікому мы не патрэбныя. Хоць я працаваў на дзяржаву, але здарылася аварыя — вытворчая траўма», — кажа Ўладзімер. Спадар Вялюк мае каля хаты невялікую майстэрню, дзе рамантуе людзям сельгаспрылады — прыкладам, бэнзапілу ці касілку. Трымае курэй, сьвіньню. Шмат з чым у сваёй гаспадарцы можа ўправіцца сам. Адзінае, чаго ня можа, — выехаць з двара да людзей. Журналістам не ўдалося дабіцца ў сельвыканкаме камэнтару наконт таго, як можна дапамагчы Ўладзімеру Велюку. За вазочніка заступіўся сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў. Ён паабяцаў, што дапаможа скласьці звароты да мясцовых уладаў з патрабаваньнем вырашыць праблему інваліда. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за два гады ён не можа выбрацца са свайго двара самастойна
|
|