Ад малой асцярогі вялікае выратаванне. 21.by

Ад малой асцярогі вялікае выратаванне

06.04.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Тэма вытворчага траўматызму стала ключавой на сакавіцкім пасяджэнні райвыканкама. З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп.

Выступленне пачалося з прыемнага моманту. Так, па выніках штогадовага агляду-конкурсу па арганізацыі работы па ахове працы тры прыступкі п’едэсталу занялі калектывы Капцэвіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, цэнтральнай раённай бальніцы і Бабуніцкай сярэдняй школы. Кіраўнікі гэтых устаноў былі запрошаны для ўручэння ўзнагарод.

Сапраўды, тэме вытворчага траўматызму надаецца ў раёне значная ўвага: правяраюцца веды адказных за гэта пытанне асоб, праводзяцца пасяджэнні камісій і семінары ў арганізацыях і на прадпрыемствах раёна. Мабільная група райвыканкама праверыла летась больш як 1,5 тысячы аб’ектаў розных форм уласнасці. Нягледзячы на ўсе варыянты работы ў гэтым накірунку, без траўм на вытворчасці не абыходзіцца. Так, за мінулы год на Гомельшчыне адбылося 76 выпадкаў траўматызму з цяжкім зыходам, 19 – са смяротным.

Што датычыць Петрыкаўшчыны, то ў мінулым годзе былі зарэгістраваны чатыры выпадкі, дзе людзі, грэбуючы правіламі бяспекі, атрымалі на працоўным месцы цяжкія траўмы. На пасяджэнні райвыканкама гэтыя выпадкі былі прааналізаваны дэталёва.

У сакавіку  механізатар КСУП “Навасёлкі” пры рамонце тэхнікі атрымаў траўму вока – саскочыла дэталь. Замацаваўшы металічную зорачку ў станку, мужчына стаў біць па ёй малатком. Ад чарговага ўдару яна выскачыла. Прычына траўміравання – грубае парушэнне правіл бяспекі пры гэтых відах работ.

У ліпені жывёлавод КСУП “Чалюшчавічы” раздаваў кармы. Побач бегаў сабака, які спужаў жывёлу. Тая брыкнула па жэрдцы, якая адскочыла і збіла жывёлавода. Разам з мехам за плячыма мужчына ўпаў і моцна ўдарыўся галавой аб бардзюр. У выніку – чэрапна-мазгавая траўма і пералом сківіцы.

Колькі разоў кіраўнікі сельгас-прадпрыемстваў, загадчыкі жывёлагадоўчых комплексаў і самі жывёлаводы папярэджваюцца, што весці з сабой на працу дамашняга сабаку ці дапускаць бадзяжную жывёлу нельга? Гаворка ідзе, але меры не прымаюцца.

У верасні жывёлавод УП “Палессе-Аграінвест” быў заняты на чыстцы праходаў у вытворчых памяшканнях. Пасля заканчэння работ мужчына не пакінуў памяшканне і не пачуў, як па праходзе рухаўся “Амкадор”, які павінен быў пасыпаць пілавіннем падлогу. Вадзіцель пагрузчыка быў упэўнены, што ў памяшканні нікога няма, і працягваў рух, у выніку чаго наехаў на жывёлавода. Чалавек атрымаў цяжкія пераломы ног.

Бухгалтар ААТ “Курыцічы”, знаходзячыся на ферме, атрымала траўму створкай варот.

Канец снежня прынёс раёну сумную вестку. Так, у фермерскай гаспадарцы “Несцярчук І. І.” пры незахаванні тэхнікі бяспекі быў смяротна траўміраваны вальшчык лесу. Трагедыя адбылася ў канцы працоўнага дня ў лесе. Як аказалася, у крыві пацярпелага знаходзілася 0,84 праміле алкаголю. Усе гэтыя факты гавораць пра адсутнасць кантролю з боку службовых асоб.

І ўсё ж 77% – гэта парушэнне правіл тэхнікі бяспекі самімі пацярпелымі. Гэта адзначыў старшы дзяржінспектар Жыткавіцкай міжрайінспекцыі працы Станіслаў Магер, які цяпер курыруе наш раён.

Пачынаючы з 2015 года, на Петрыкаўшчыне штогод адбываецца па 4 выпадкі атрымання траўмаў на вытворчасці з цяжкім зыходам. Да таго, за мінулы год пасля праверак была забаронена эксплуатацыя 20 адзінак абсталявання.

Завяршаючы абмеркаванне, старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка адзначыў, што на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна работа інжынераў па ахове працы, мякка кажучы, слабая. Кіраўнікам жа трэба вярнуцца да выканання Дырэктывы № 1. Работу мабільнай групы трэба больш дэталёва разглядаць на апаратных нарадах, шырока інфармаваць пра тыповыя недахопы.

Другім пытаннем на пасяджэнні была вынесена работа суб’ектаў прафілактыкі па безнагляднасці, таксікаманіі, наркаманіі сярод непаўналетніх. Па гэтым пытанні таксама выступіў намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп.

У 2017 годзе непаўналетнія  здзейснілі 5 злачынстваў, сярод якіх перавагу складаюць хуліганствы і крадзёж транспартных сродкаў. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх былі разгледжаны 104 адміністрацыйныя справы, з якіх 26 – у адносінах бацькоў непаўналетніх. 42 вучні ўстаноў адукацыі раёна былі задзейнічаны ў розных правапарушэннях. Гэта і знаходжанне пасля 23 гадзін на вуліцы без суправаджэння дарослых, і адсутнасць святлоадбівальных элементаў у цёмны час сутак.

Зразумела, большая канцэнтрацыя непаўналетніх у горадзе. Таму і правапарушальнікаў тут больш. На жаль, як адзначалася, большасць негатыўных момантаў прыпала на сярэднюю школу № 1. Для тлумачэння сітуацыі была запрошана дырэктар школы.

Па даручэнні старшыні райвыканкама гэтая школа цяпер будзе замацавана за начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Святланай Сенька. Такі ж “патранаж” з боку спецыялістаў аддзела будзе ўсталяваны і па іншых установах адукацыі.

Прысутны на пасяджэнні райвыканкама намеснік старшыні камісі па справах непаўналетніх аблвыканкама Яўген Міткевіч адзначыў, што ў  прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх павінна быць бачна і работа грамадскіх аб’яднанняў, такіх як “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь” і іншых. Больш увагі трэба надаваць інстытуту сям’і. Тое ж тычыць і прыёмных сем’яў. Занятасць дзяцей павінна быць арганізавана не толькі ўстановамі адукацыі, але і культуры, спорту. Асабліва трэба працаваць з тымі непаўналетнімі, хто трапіў у поле зроку праваахоўных органаў і сацыяльных службаў.

На завяршэнне была заслухана інфармацыя начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Ігара Хацяновіча па падрыхтоўцы да пажаранебяспечнага перыяду.

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

IMG_1993

IMG_1992

IMG_1988

IMG_1986


IMG_1995

IMG_1984

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма вытворчага траўматызму стала ключавой на сакавіцкім пасяджэнні райвыканкама. З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп. Выступленне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика