Пра Галіну Мышкавец, яе жыццё і каханне. 21.by

Пра Галіну Мышкавец, яе жыццё і каханне

10.04.2018 09:38 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

«Яна ўмее працаваць і таму любую працу заканчвае поспехам. Яна ведае людзей, неабыякава ставіцца да іх і таму мае павагу і аўтарытэт. Што тут казаць:  чалавек на сваім месцы». 

Вадзім САШКО, галоўны ўрач УАЗ «Ганцавіцкая ЦРБ»

 


Юная медычка

Галіна выйшла з хаты, села ў машыну. Красавіцкае неба, нізкае і шэрае, сыпала дробным дажджом, таму ёй адразу ж прыйшлося ўключыць «дворнікі». Дахі дамоў, зямля былі мокрымі, а вуліцы, што вялі ад яе дома да амбулаторыі, блішчалі лужынамі. Упэўнена трымаючы ў руках руль уласнага аўто, Галіне ўспомніўся красавіцкі дзень дваццаціпяцігадовай даўнасці, калі яна, зялёным дзяўчом, пасля заканчэння Брэсцкага медыцынскага вучылішча прыехала ў Будчу па размеркаванні. «Сонца, шмат сонца было ў той дзень…» – падумала жанчына.

Аб тым, што ў гэтай вёсцы надоўга не затрымаецца, Галіна была пераканана, як кажуць, на ўсе «сто». Маючы ў кішэні дыплом з адзнакай, малады спецыяліст Галіна Швайка планавала паступаць у Гродзенскі медінстытут. Медыцынай Галіна «хварэла» з дзяцінства. З сяброўкай Ірынай, крыху старэйшай за яе, толькі і гулялі «ў бальніцу». Акрамя лялек і чатырох катоў, яны лячылі яшчэ і хлопцаў з дзяўчатамі, якія на вялікім вясковым «выгане» выкапалі глыбокую зямлянку і, наладжваючы ваенныя баталіі, мелі патрэбу ў так званых медычках.

Быў і яшчэ адзін выпадак, які зрабіў свой уплыў на выбар будучай прафесіі. Неяк старэйшы брат Саша сур’ёзна параніў руку. Бацькі завезлі яго ў райцэнтр, і ўрачы-хірургі наклалі хлопцу некалькі швоў. На перавязкі ў амбулаторыю брата можна было «загнаць» толькі пад наглядам старэйшых. Таму Галіна позна вечарам смела раскручвала вымурзаныя за дзень бінты на руцэ брата, апрацоўвала раны гаючымі мазямі…

У Будчанскай амбулаторыі, на першым працоўным месцы, маладога спецыяліста Галіну Швайка прынялі як сваю. Яна, простая вясковая дзяўчына, адразу ж знайшла агульную мову з урачом Надзеяй Шэмякінай, сястрычкамі і санітаркамі гэтай медустановы. Хаця і кажуць мнагазначна, што будчакі – народ такі, але ж яе, маладую медычку, гэты народ прыняў адразу.  Можа таму, што яна паважліва ставілася да старых людзей, на адной мове вяла гаворку з дзецьмі. Калі былі выклікі на дом да хворых, яна хуценька ўскідвала на плячо партфель з медыкаментамі і не ішла, а ляцела да тых, каму так неабходны былі яе дапамога і парады.

На Купалле

Спрадвеку ў Будчы па-асабліваму ставіліся да народнага свята Купалле. На ўскрайку вёскі раскладвалі велічэзныя вогнішчы, якія, як толькі цямнела, пачыналі гаманіць яркім, траскучым агнём, гучалі песні самадзейных і заезджых артыстаў… А тыя, каго лёс закінуў далёка ад Будчы, стараліся прыехаць сюды на свята, каб вярнуцца ў дзяцінства, адчуць самотную і светлую радасць ад сустрэчы з родным куточкам і людзьмі.

На свята Купалле вырашыла пайсці і Галіна. Яна апранула лёгкую шыфонавую блузу, кароценькую спаднічку і абула зручныя, без абцасікаў, туфлікі.  Цётка Марыя, у якой кватаравала дзяўчына, выпраўляючы яе з хаты, кінула: «Прыгажуня…».

…Яны адразу знайшлі адзін аднаго.  Сяргей, высокі, падцягнуты хлопец, вялікімі блакітнымі вачыма глядзеў у той бок, дзе стаяла Галіна. А яна, не заўважаючы позіркі іншых, таксама выбрала менавіта яго. Крыху больш чым праз паўгода Сяргей і Галіна згулялі вяселле, спачатку на дзяніскавіцкіх «хутарах» у маладой, а потым у Будчы. Бацькі Сяргея Мікалай Васільевіч і Вольга Лук’янаўна як сваю, родную, прынялі Галіну ў сям’ю. Асабліва бацька. Імпанавала яму працавітая, надзвычай рухавая ў справах нявестка, гаманкая і зусім не ганарлівая. Шэсць гадоў маладыя жылі з бацькамі.

– Думкі пераехаць у горад у мяне былі, – прызналася Галіна Барысаўна. – Але ж куды Сяргей без сваёй Будчы? Моцнае карэнне пусціў ён тут. І як малодшы ў сям’і не мог дазволіць сабе пакінуць у вёсцы адных бацькоў, а да іх ён ставіўся з вялікай павагай і любоўю ўсё жыццё.

Сваё

У 2000 годзе Сяргей і Галіна Мышкаўцы пераехалі ў светлую, прасторную хату. Залатымі рукамі маладога гаспадара было зроблена ўсё і ў доме, і на вуліцы.

– Сяргей – майстар на ўсе рукі, – кажа жонка. – За якую справу не возьмецца, будаўнічую ці рамонтную, давядзе да толку. Трэба зрабіць грубку ў варыўні – зробіць, устанавіць сантэхніку – калі ласка, пакласці плітку ў прыбіральні – таксама не праблема…  Дзякуй Богу, і хлопцаў нашых, Жэню і Сашу, навучыў усяму. Не сорамна за іх перад людзьмі, ніхто не папракне, што выраслі ў вёсцы беларучкамі за моцнаю і надзейнаю бацькавай спіною.

А прыгожыя, статныя хлопцы незаўважна сталі дарослымі.  Старэйшы Яўген пасля заканчэння БДУІР жыве ў Мінску і працуе праграмістам. Малодшы Аляксандр – студэнт Мінскага аўтамеханічнага каледжа.

– Гляджу на іх, – прызнаецца Галіна Барысаўна, – браты, а такія розныя. Жэнька, як кажуць, усе кропелькі бацькавы пазбіраў.  Такі ж сур’ёзны, не па гадах мудры, спакойны.  У Сашы мой характар.  Камунікабельны, заўсёды ў добрым настроі, ён – «душа любой кампаніі»…

Сваімі візітамі хлопцы цешаць бацькоў не часта, толькі тады, калі выпадаюць у іх канікулы ці водпуск… Калі-нікалі наведваюцца ў выхадныя дні, каб дапамагчы па гаспадарцы. А яна ў Мышкаўцоў не малая! На падворку трое свіней, ладныя чароды гусей, індыкоў, курэй.

– Хачу кароўку набыць, ды муж не дазваляе… – смеючыся, гаворыць Галіна Барысаўна. – Шмат гадоў трымалі, і нязвычна мне без яе, карміцелькі, зараз.

Муж

А мужу сапраўды іншы раз не да ўласнай гаспадаркі.  Дзесяць гадоў таму быў прызначаны Сяргей Мікалаевіч старшынёй ААТ «Будча».

– Снедаем і вячэраем паасобку, – жартуе   Галіна Барысаўна. – На працу ідзе рана, вяртаецца позна.  Іншы раз на гадзінніку толькі пяць раніцы, а яго ўжо дома няма. Гаспадарку даглядаю найбольш сама і не «бубню», бо разумею, што справай займаецца муж, хоць і няпростай, але ж любімай.

Сумленны, адказны і шчодры душою, Сяргей Мышкавец паціху падымаўся па кар’ернай лесвіцы.  Пачынаў ён інжынерам па працаёмкіх працэсах у родным калгасе, затым узначальваў майстэрні. Калі бацька, Мікалай Мышкавец, пайшоў на пенсію, змяніў Сяргей Мікалаевіч яго на пасадзе галоўнага інжынера. А неўзабаве прапанавалі і ўзначаліць гаспадарку.  Гэтаму чалавеку ў жыцці нічога лёгка не давалася.  Але ж ён упэўненым крокам ішоў па зямлі бацькоў сваіх, з цвёрдай упэўненасцю ў тым, што працаваць трэба не дзеля кар’еры, а для таго, каб жыць.

Замест эпілога

На вуліцы шарэла. Галіна Мышкавец пакідала амбулаторыю апошняй. За тыдзень сабралася шмат папер, якія патрабавалі часу. Замыкаючы ўваходныя дзверы, яна нават і не заўважыла, як на высокі ганак, трымаючыся за парэнчу рукою, узнімалася жанчына.

– Ціск замучыў, дзіця… Свету белага не бачу… – толькі і выціснула з сябе яна.

Жанчыны падняліся на другі паверх. Галіна Барысаўна памерала ціск, паставіла ўкол, а затым, на невялічкім лісціку паперкі акуратным почыркам напісала некалькі прэпаратаў:

– Заўтра абавязкова купіце таблеткі ў аптэцы і прымайце іх штодзень… А калі сёння будзеце дрэнна сябе адчуваць, тэлефануйце на хатні, прыбягу…

…Дахаты Галіна Мышкавец вярнулася позна. Як толькі грукнула дзверцамі машыны, адгукнуўся сабака. «Галодная…» – падумала жанчына.

Кіруючыся да хаты, яна адразу заўважыла на ганку тое, чаго раніцай не было. На веснічках, у трохлітровым слоіку, стаялі галінкі вярбы, на якіх гайдаліся жоўта-зялёныя дзіўныя завушнічкі. Яна падняла вочы ў неба. «Дзякуй, Усявышні, за пражыты дзень, за добрых бацькоў, ласкавых дзяцей… Дзякуй за чалавека, які зрабіў мяне шчаслівай…».

«У ёй спалучаюцца ўсе самыя лепшыя якасці, характэрныя для праваслаўнага чалавека: дабрыня, любоў, цярпенне. Галіна не проста наведвае храм, яна імкнецца жыць па ўсіх царкоўных канонах, спявае на клірасе. Слава Богу, што ёсць яшчэ такія людзі, як яна!» 

 Пётр СЫЦЭВІЧ, настаяцель храма Праабражэння Гасподняга вёскі Будча

Тэкст і фота Галіны МІКАЛАЕВАЙ.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Яна ўмее працаваць і таму любую працу заканчвае поспехам. Яна ведае людзей, неабыякава ставіцца да іх і таму мае павагу
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика