Чарнобыльскі ўспамін: Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандр Высоцкі. 21.by

Чарнобыльскі ўспамін: Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандр Высоцкі

20.04.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандр Высоцкі жыве ў нашым горадзе, працуе 36 гадоў вадзіцелем у райспажыўтаварыстве. Выгадаваў дзвюх дачок, дачакаўся ўнука і трох унучак. У якасці кампенсацыі за ўдзел у ачыстцы забруджаных пасля выбуху тэрыторый атрымаў ільготную чаргу на кааператыўную кватэру, а яшчэ нейкі час меў бясплатны праезд аўтобусам па гораду. Але, як лічыць сам Аляксандр Пятровіч, найбольшую ўдзячнасць ён атрымаў ад лёсу, бо жыве і працуе. Хаця са здароўем не заўжды ўсё добра, але мае магчымасць цешыцца ўнукамі, радавацца кожнаму новаму дню ў адрозненне ад чацвярых сваіх землякоў, з якімі разам адбываў павіннасць на забруджаных тэрыторыях, і якія даўно сышлі ў іншы свет.

Likvidator_CHernobyl'_Smorgon'_Aleksandr_Vysockij_3.jpg

Аляксандр Высоцкі


Тым летам 1986 года Аляксандра Высоцкага выклікалі на ваенныя зборы. Спехам развітаўшыся з жонкай і пацалаваўшы двухгадовую дачушку, накіраваўся ў ваенкамат. Адтуль рэзервістаў адправілі ў Ваўкавыск і праз нейкі час – у Магілёўскую вобласць. У Краснапольскім раёне ёсць вёсачка Новая Ельня. Там і праходзілі так званыя ваенныя зборы. Амаль усе жыхары вёскі былі вывезены з зоны, але засталіся некалькі бабулек, якія не захацелі пакідаць свае гаспадаркі.

У ваенкамаце абяцалі, што забіраюць толькі на месяц. На справе аказалася ўсе інакш. Праўду пра тое, што адбылося на Чарнобыльскай АЭС, мужчыны даведаліся толькі тады, калі пачалі праводзіць дэзактывацыю тэрыторый, будынкаў, тэхнікі.

У роце было каля ста чалавек з Гродзенскай вобласці. Усім выдалі спецадзенне, процівагазы, а яшчэ дазіметры, якія прымацоўваліся да вопраткі, а праз пэўны час з іх здымалі паказчыкі. Камандаваў ротай маёр Яршоў, які і даводзіў да падначаленых штодзённыя задачы. Яны былі нескладаныя: праводзілі спецыяльнымі прыборамі праверку забруджанасці глебы і там, дзе быў павышаны радыяцыйны фон, лапатамі здымалі грунт, грузілі на машыны і вывозілі спецтэхнікай на так званыя могільнікі. Калі высвятлялася, што “фаніць” нейкі будынак, то яго мылі спецыяльным растворам; калі “фаніла” дрэва, то яго спільвалі і таксама адвозілі на могільнік. Праходзячы праз вёску, ліквідатары бачылі ў агародах вялікія спелыя таматы, агуркі, кабачкі. У лесе знаходзілі іншы раз незвычайных памераў баравікі, іншыя грыбы. Але нічога з гэтага нельга было ўжываць у ежу, таму заставалася толькі любавацца.

Аляксандр успамінае, што аднойчы, гэта было ўжо пад восень, не ўтрымаўся і набраў яблыкаў у нечыім садзе. Ідучы вечарам з работы і ўплятаючы сакавіты плод, пачуў воклік старой бабці – гаспадыні сада, якая яму нагадала, што яблыкі атручаныя радыяцыяй і іх есці небяспечна. Мужчына адчуў сябе няёмка, але зманіў, што гэта яму са Смаргоні прыслалі сваякі. Нават даў адзін яблык бабулі. Тая пакаштавала і пачала хваліць: “Вось жа нездарма кажуць, што на Гродзеншчыне людзі багатыя. У вас і яблыкі смачнейшыя за нашыя”. Жанчына не ведала, што хваліць уласныя яблыкі.

Праз маладосць і недасведчанасць ліквідатары тады не надавалі ўвагі многім фактам, саму небяспеку не адчувалі. Выконвалі свой грамадзянскі абавязак і асабліва не грузілі галаву нейкімі там наступствамі. Толькі праз гады пачаліся хваробы, ад якіх сышлі раней часу колішнія саслужыўцы-смаргонцы Коля Грышан, Веня Малашка, Юра з Залесся і Юзя з Войстама. Прозвішчаў апошніх Аляксандр Пятровіч не запомніў. Многіх толькі ў твар памятае, калі часам разглядае фотаздымкі. Дый не любіць ён згадваць тыя часы. Пасля распачаліся выкрывальніцкія кампаніі, загучала праўда пра аварыю, пра маштабы наступстваў, пра небяспеку… Аляксандр Высоцкі і сёння разумее, што яны былі не ў горшай сітуацыі, чытаючы пра жудасныя ўмовы, у якіх працавалі пажарныя, вайскоўцы, ваенныя верталётчыкі, што скідвалі ў пашкоджаны рэактар пясок, гліну, даламіт, свінец, ці, напрыклад, шахцёры з Данбаса і Тулы, якія ў страшных палях гама і бэта-выпраменьванняў устанаўлівалі пад рэактарам бетонныя пліты.

Likvidator_CHernobyl'_Smorgon'_Aleksandr_Vysockij_1.jpg

Здымак 1986 года. Аляксандр ВЫСОЦКІ ў першым радзе ў сярэдзіне.


Тыя, хто ўтаймоўваў страшную чарнобыльскую аварыю, хто ахвяраваў жыццём дзеля спынення далейшых выбухаў, хто прымаў удзел у абароне людзей ад распаўсюджвання радыяцыі, – усе яны варты нашай памяці і пашаны. 26 красавіка 1986 года назаўжды ўвойдзе ў гісторыю чалавецтва як дзень жудаснай аварыі на атамнай станцыі. Буйнейшая АЭС пахавала тысячы людзей і атруціла існаванне сотням тысяч грамадзян.

P.S. Навукоўцы ўсяго свету прызнаюцца, што Чарнобыль стаў для іх гіганцкім эксперыментам, як бы па-кашчунску гэта не гучала. Аднак галоўны ўрок вывучаны. Цяпер сістэмы бяспекі атамных электрастанцый сталі шматкратна складаней. Над чацвёртым рэактарам устаноўлены новы саркафаг – “Новы канфайнмент”, на будоўлю якога было патрачана больш за 2 млрд долараў.

Ала КЛЕМЯНОК.

Фота аўтара і з архіва Аляксандра ВЫСОЦКАГА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Аляксандр Высоцкі жыве ў нашым горадзе, працуе 36 гадоў вадзіцелем у райспажыўтаварыстве. Выгадаваў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика