Наш сённяшні субяседнік – трэнер-выкладчык ДУ “Шумілінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву” Любоў Васільеўна Бабова. У яе за плячыма сорак год працы трэнерам і ўвесь час – у Шуміліне. Сёння нават цяжка палічыць, колькі людзей па-сапраўднаму палюбілі валейбол дзякуючы Любові Васільеўне. Не выпадкова сёлета яна стала лаўрэатам ганаровага звання “Жанчына Шуміліншчыны 2017 года”.
– Любоў Васільеўна, чаму менавіта валейбол?
– Нарадзілася я ў рабочым пасёлку на Пскоўшчыне. Там хадзіла ў школу. Да шостага класа ў нас фактычна не было ўрокаў фізкультуры. Да сённяшняга часу памятаю, як я ў школьнай форме скакала праз казла. Адзнакі ставіліся вельмі проста: табе – чатыры, бо ты – ціхая і спакойная, табе пяць – бо ты жвавая і актыўная. Усё змянілася, калі да нас у школу прыйшоў Уладзімір Георгіевіч Сільчанка, выпускнік Смаленскага інстытута фізічнай культуры. Ён адкрыў у школе валейбольную секцыю. Адметным стаў 8-ы клас. Уладзімір Георгіевіч павёз нас больш чым за 100 кіламетраў у спартыўную школу, тады мы і ўбачылі ўпершыню, што такое сапраўдны валейбол. Менавіта тады я і ўлюбілася ў гэты від спорту.
Пасля школы адправілася паступаць у Віцебскі тэхнікум фізічнай культуры. Першымі былі іспыты па гульнявых відах спорту. Памятаю мой дыялог з экзаменатарамі: “Чаму сюды паступаеце?” – “Я так люблю валейбол...” – “Ну, ладна. Атрымлівайце тры і ідзіце здаваць астатнія экзамены”. Фізічная падрыхтоўка ў мяне была добрая, і астатнія іспыты здала на выдатна.
– Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які абраў прафесію трэнера?
– У першую чаргу павінен любіць свой від спорту. Толькі так можна стаць прафесіяналам. Ну і, канечне, любіць дзяцей і сваю работу.
– Якая самая высокая ўзнагарода для вас як для трэнера?
– Лепшая ўзнагарода для мяне – удзячнасць і дасягненні маіх выхаванцаў. Прыемна, калі твае вучні дасягаюць перамог на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных стартах. Радуе, калі яны выбіраюць валейбол прафесіяй на ўсё жыццё. Я пачынала працаваць у аддзяленні валейболу ДЮСШ, якое было ў Обальскай СШ. У маім першым наборы была Людміла Харкавец, якая ўжо даўно з’яўляецца маёй калегай, валейбольным трэнерам нашай спартыўнай школы.
– Кім для вас з’яўляюцца вашы выхаванцы?
– Вельмі блізкімі і роднымі людзьмі. Імкнуся быць для сваіх выхаванцаў старэйшым сябрам, дарадцам.
У мяне няма дрэнных ці добрых выхаванцаў. Для мяне яны ўсе аднолькавыя. І няважна, якія спартыўныя дасягненні яны паказваюць. Хвалююся за кожнага з іх.
– У кожнага з нас ёсць чалавек, які вельмі дапамог ці ў рабоце, ці ў асабістым жыцці. У вас ёсць такі чалавек?
– Анатоль Яўгенавіч Завадскі. Калі я прыйшла працаваць, ён узяў мяне пад сваё крыло. Гэта быў і трэнер, і чалавек з вялікай літары. Зараз, праз дзесяцігоддзі, я не ведаю, як бы склаўся мой жыццёвы і прафе-сійны лёс, калі б не Анатоль Яўгенавіч.
– Любоў Васільеўна, а пра што вы марыце?
– Напэўна, ні пра што. Ёсць любячая сям’я, ёсць любімая работа. Лічу сябе поўнасцю шчаслівым чалавекам. Хаця, не. Мару, каб зборная Беларусі па валейболе стала чэмпіёнам свету ці Алімпійскіх гульняў, і ў яе складзе абавязкова былі шумілінскія валейбалісты.
– А як вам удаецца ўвесь час заставацца ў такой форме?
– Дзякуй за камплімент. Я пра гэта нават не задумвалася. Займайцеся любімай справай, жывіце ў любові – і ўсё атрымаецца.
– Вашы гастранамічныя перавагі?
– З ежы люблю ўсё. Няма нейкіх пераваг. Шчыра прызнаюся, не вельмі люблю гатаваць. Так што ем з задавальненнем усё, што прыгатуюць мае любімыя мужчыны. (Любоў Васільеўна разам з мужам выхавала трох сыноў, – аўт.)
– Без чаго Любоў Васільеўна Бабова не выйдзе на вуліцу?
– (Смяецца). Без сумачкі. Дакладней, без дзвюх сумачак. Я ж жанчына. А раптам у магазіне будзе нешта такое? Што мне ў руках гэта несці?
– Любімы стыль адзення?
– Спартыўны.
– Любімая пара года?
– Вясна. Асабліва даспадобы май, калі ўсё квітнее і прырода дорыць чароўныя араматы.
– Як змагаецеся з дрэнным настроем?
– Хаджу па магазінах.
– Што робіце ў вольны час?
– На жаль, вольнага часу амаль няма. Вельмі люблю глядзець дакументальныя фільмы, прычым іх тэматыка самая разнастайная: ад гістарычных да нанатэхналогій. Люблю вершы пачытаць, асабліва Эдуарда Асадава.
– Што для вас значаць грошы?
– Грошы – гэта свабода. Па-сапраўднаму свабоднай ніколі не была.
– На што гатовы без усялякіх ваганняў патраціць немалую колькасць грошай?
– На сучасны прафесійны спартыўны інвентар для маёй роднай спартыўнай школы. А для сябе – на сусветнае падарожжа.
– Ваш самы незвычайны падарунак на дзень нараджэння?
– Леташні дзень нараджэння быў адметны. У нас, у СДЮШАР праходзіў адкрыты турнір па валейболе, прысвечаны памяці трэнера Анатоля Завадскага. Дырэктар школы Алег Асташонак павесіў на стэнд плакат з маім фотаздымкам і віншаваннямі ад калег. Колькі віншаванняў і цёплых слоў было ў гэты дзень як ад знаёмых, так і незнаёмых, як ад дзяцей, так і дарослых! Вельмі прыемна было.
– Дзякуй за размову.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Фота Алены КАРПУШЭНКІ.
Надрукавана ў №38 ад 18.05.2018 г.
“Я так люблю валейбол...” Наш сённяшні субяседнік – трэнер-выкладчык ДУ “Шумілінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву” Любоў...