Приёмная мама – это не работа, а смысл жизни, — считает Тамара Биль из Жухович. 21.by

Приёмная мама – это не работа, а смысл жизни, — считает Тамара Биль из Жухович

01.06.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хто, як не дзеці, маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы дарослых? Хто, як не бацькі, могуць даць любоў і цеплыню сваім дзецям, абагрэць іх і дапамагчы вызначыцца ў жыцці? Так яно павінна быць. Але часам маральныя каштоўнасці бацькоў схіляюцца ў процілеглы бок, дзе дзецям зусім не застаецца месца.

 Так здарылася калісьці ў жыцці Колі Шаманюка, але хлопчыку вельмі пашанцавала, бо жыццё падаравала яму другі шанс. Тамара Аляксееўна Біль з агр. В. Жухавічы – той чалавек, які даказаў, што сямейны ачаг існуе, і саграваецца  ён адносінамі, а не спіртнымі напоямі.

Да статусу “прыёмная маці” Тамара Аляксееўна, якой зусім хутка споўніцца 58 гадоў, прыйшла пасля таго, як выгадавала сына Аляксандра і дачку Таццяну. Ведала, што ў раёне ёсць прыёмныя сем’і. «А чаму б мне не паспрабаваць?» – спытала сябе жанчына. Так і атрымалася, што на працягу ўжо многіх гадоў жанчына клапоціцца аб дзецях з прытулку.

Сёння сваёй мацярынскай любоўю жанчына адорвае 14-гадовага Мікалая, якому гэтых пачуццяў так не хапала ў дзяцінстве.

– Калі я забрала Колю з сацыяльна-педагагічнага цэнтра ў агр. Палужжа, хлопчыку было пяць гадоў, – успамінае прыёмная маці. –  Ён быў вельмі худзенькі, бледны, часта хварэў. Аб якім імунітэце, які закладаецца з першых дзён жыцця дзіцяці, можна было гаварыць?

Са слоў Тамары Аляксееўны стала відавочна, што ў дзяцінстве хлопчык атрымаў толькі адно – букет разнастайных хвароб. Але сёння Коля, які скончыў 8 класаў Жухавіцкай СШ, адчувае сябе значна лепш.

– Мінулую зіму ён амаль што не хварэў, – адзначае прыёмная маці. – Як толькі заўважу, што Коля пачынае кашляць, адразу заварваю яму ліпавы чай, і хвароба адступае.

Але ці толькі лекі і ліпавы чай лечаць хлопчыка? Хутчэй любоў і цеплыня, адчуванне таго, што ён патрэбны.

Лічыцца, што быць прыёмнай маці – гэта работа. Не згаджуся, бо назіраючы за эмоцыямі жанчыны, стала зразумела: гэта сэнс яе жыцця.

– Зараз Коля адпачывае ў Зэльвенскай санаторнай школе-інтэрнаце, – расказвае Тамара Аляксееўна. – Мне яго не хапае, ужо прыдумала, што смачнае прыгатую ў дзень яго прыезду. Коля вельмі добры і клапатлівы, заўсёды імкнецца мне дапамагчы. Шмат чытае, матэматыка, фізіка, інфарматыка – тыя прадметы, якія яму падабаюцца.

Далёка на будучыню Тамара Аляксееўна не загадвае. Але зноў жа галоўнае месца ў думках займае яе прыёмны сын.

– Плануе скончыць 11 класаў. Няхай пасталее, узмужнее, – дзеліцца Тамара Біль. – З будучай прафесіяй Коля ўжо вызначыўся. Яго выбар я паважаю і буду рабіць усё, каб мары Колі ажыццявіліся.

На сённяшні дзень у Карэліцкім раёне налічваецца 19 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 35 дзяцей. У 19 апякунскіх сем’ях любоў і падтрымку атрымліваюць 27 непаўналетніх. Сямёра малых сёння знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры ў агр. Палужжа.
У Міжнародны дзень абароны дзяцей, 1 чэрвеня, у сацыяльна-педагагічным цэнтры Карэліцкага раёна адбудзецца дабрачынная акцыя “Падары дзіцяці радасць”, у якой прымуць удзел старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Шэўка і актывісты РК ГА “БРСМ”. Далучыцца да акцыі і падарыць дзецям цеплыню і клопат можа кожны жадаючы.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота з архіва  Т. БІЛЬ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хто, як не дзеці, маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы дарослых? Хто, як не бацькі, могуць даць любоў і цеплыню
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика