За ратны подзвіг і працоўны
06.07.2018
—
Новости Общества
|
Святочную атмасферу Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь не сапсавала нават хмарнае неба, якое было над Глускам і, як сцвярджаюць сіноптыкі, над усёй тэрыторыяй краіны 3 ліпеня. Не сапсавала, мабыць, таму, што, святкуючы Дзень вызвалення, мы думаем не столькі пра сябе і свой уласны камфорт, колькі ўзгадваем тых, хто 74 гады назад прынёс нам гэтае вызваленне, хто ваяваў і цяжка працаваў, каб нам сёння мірна і добра жылося. Таму галоўным эмацыянальным пасылам, з якім глушчане прыйшлі на святочны мітынг, былі не скаргі на надвор’е, а ўдзячнасць пакаленню салдат-абаронцаў, што ў змаганні з жорсткім ворагам адстаялі свабоду і незалежнасць роднай зямлі. Урачыстасць, прысвечаная Дню Рэспублікі, традыцыйна адбылася на Алеі Славы. І гэта сімвалічна, зазначыў у сваім выступленні на мітынгу старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха, менавіта тут разам увекавечаны імёны Героеў Вялікай Айчыннай вайны і Героеў працы: двойчы Героя Савецкага Саюза Шутава Сцяпана Фёдаравіча, Героеў Савецкага Саюза Рыбака Ульяна Аляксандравіча і Калінкоўскага Сцяпана Антонавіча, Героеў Сацыялістычнай Працы Барысіка Васіля Іванавіча, Шаплыкі Аляксандры Аляксандраўны і Рудніцкай Надзеі Кірылаўны. Іх памяць і памяць усіх загінуўшых салдат-вызваліцеляў глушчане ўшанавалі хвілінай маўчання. Калі мы гаворым, што подзвіг героеў не забыты, гэта не пустыя словы. Наш зямляк, ураджэнец вёскі Кляшчоўка, яфрэйтар Ладонька Рыгор Карпавіч вылучыўся сваімі мужнасцю і адвагай у красавіку 1945 года падчас прарыву абароны праціўніка на заходнім беразе ракі Одэр, у баях за гарады Бернау і Генісдорф. За баявыя заслугі быў прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі. І толькі цяпер, праз 73 гады, узнагарода была ўручана. Яе атрымала дачка салдата і ветэрана — Марыя Рыгораўна Трыфанава. Сваё жыццё людзі робяць сабе самі — калі працуюць, памнажаючы багацці роднай зямлі, калі берагуць і захоўваюць спадчыну, прадаўжаючы лепшыя традыцыі мінулых пакаленняў. На Глушчыне нарадзілася і жыве нямала людзей, што зрабілі сваю маленькую радзіму вядомай далёка за яе межамі. І яна ўдзячна ім за іх працу, за іх талент і дасягненні. Званне ганаровага грамадзяніна Глускага раёна было прысвоена чэмпіёну і трохразоваму прызёру Паралімпійскіх гульняў у Пхенчхане, заслужанаму майстру спорту Рэспублікі Беларусь, майстру спорту міжнароднага класа Юрыю Голубу і журналісту і пісьменніку, ініцыятару ўзвядзення помніка ахвярам Халакоста на Мыслачанскай гары Навуму Сандамірскаму. Дзень Рэспублікі — гэта напамін пра тое, што ўсе мы адзіны народ з адзіным лёсам. Гонар за сваю краіну павінен выражацца не толькі гонарам за перамогі, здабытыя продкамі, — як падзяка, як памяць пра іх на Алеі Славы былі ўскладзены кветкі — гонар мы павінны мець і адчуваць яшчэ і за тое, чаго дабіваемся самі сваёй штодзённай працай. Гэта і будзе сапраўдным патрыятызмам, зусім не гучным і, магчыма, не вельмі прыкметным, але важным і патрэбным нам самім і краіне, дзе мы жывём. А што патрэбна было глушчанам пасля ўрачыстай імпрэзы? Святочны настрой! І яго з поспехам забяспечылі работнікі культуры і самадзейныя артысты падчас канцэрта, які праходзіў у кінатэатры “Арыён” (пад дах выступленне было перанесена з-за няўстойлівага надвор’я). І няхай гледачоў сабралася не поўная зала, але тыя, хто прыйшоў, засталіся задаволеныя ўсім пачутым і пабачаным, яны самі так казалі пасля заканчэння канцэрта. Спадабалася ім і выстава вырабаў ад Цэнтра творчасці Глуска, Заеліцкага дома рамёстваў, Веснаўскага дома-інтэрната, аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На вуліцы шмат хто падыходзіў да палатак мясцовага райпо з рознымі прысмакамі і бяспройгрышнай латарэяй, людзі таксама не міналі палаткі, дзе бытавікі прадавалі сваю прадукцыю, а лясгас гандляваў мёдам. Як заўсёды, сабралася гледачоў на паказальныя выступленні юных таэквандзістаў, яны праходзілі прама ў парку. Там жа, у парку, стартаваў велаквест, для дзяцей працавалі традыцыйныя і добра знаёмыя атракцыёны (батут, надзіманы замак, машынкі, цір). Нямала ахвотных сабрала адносна новая, але ўжо папулярная гульня лазертаг, або лазерныя баі: аўтаматы там выглядаюць, як сапраўдныя, толькі страляюць праменьчыкамі, якія ўлоўліваюцца спецыяльнымі датчыкамі, замацаванымі на галаве. Што тут скажаш, хлопчыкі любяць гуляць у вайну. Таму што яны хлопчыкі і таму што гэта гульня. Паўтаруся яшчэ раз: хмарнасць не перашкодзіла святкаванню: кожны шукаў і знаходзіў для сябе штосьці цікавае, тое, што адпавядала яго інтарэсам і настрою. А напрыканцы дня глушчане сабраліся каля раённага Дома культуры, каб у дзень галоўнага дзяржаўнага свята нашай краіны разам з усёй краінай праспяваць дзяржаўны гімн і яшчэ раз засведчыць перад усімі, што мы мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі. Таццяна ЛУКАШЭВІЧ Фота Ганны АЎТУХОВАЙ і Ірыны ГРАМЫКІ Больш здымкаў глядзіце Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Святочную атмасферу Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь не сапсавала нават хмарнае неба, якое было над Глускам і, як сцвярджаюць сіноптыкі, над усёй тэрыторыяй...
|
|