Будзем жыць, будзем спяваць. Гісторыя лёсу 90-гадовай курыцічанкі Веры Шэлег. 21.by

Будзем жыць, будзем спяваць. Гісторыя лёсу 90-гадовай курыцічанкі Веры Шэлег

14.07.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

1

Каб жыць доўга ў здароўі і светлым розуме, трэба любіць людзей і песню. Гэтая парада ад сённяшняй юбіляршы Веры Цітаўны Шэлег з Курыцічаў. 12 ліпеня жанчына адзначыла свой дзевяносты дзень нараджэння.

Адной з важных складальнікаў у ацэнцы сучаснага чалавека мы памылкова ставім яго вышэйшую адукацыю. Веры Цітаўне ўдалося пасля вайны скончыць толькі чатыры класы вячэрняй школы. Але ў яе светлых і адкрытых вачах столькі мудрасці, мова настолькі дасціпная, што спыніць гутарку з ёй ніяк нельга, яна прыцягвае, нібы магніт, заварожвае, нібы замова, яе гісторыя гучыць, як песня.

– Наканаваў мне жыць да ста гадоў немец у канцлагеры, – пачынаючы расказ пра сябе са страшных гадоў той вайны, гаворыць жанчына. – Амаль пятнаццаць гадоў было мне, калі разам з матуляй, братамі і сястрой злавілі нас у лесе. Я тады была слабая пасля тыфу, не ўцякла. Матуля спрабавала бараніць – яе збілі да паўсмерці. Потым былі размеркавальны лагер у Капцэвічах, тыдні дарогі ў таварных эшалонах у Германію. Там кожнага з нас, палонных, вадзілі на допыты. Я не стрывала і выказала немцам увесь свой боль і крыўду. Памятаю, білі моцна. Праз два дні я апрытомнела ў склепе для мерцвякоў. Вакол ляжалі трупы, большасць з аб’едзенымі галовамі, па іх поўзалі пацукі. У мяне да грудзей быў прывязаны бохан хлеба. Ад яго не засталося і крошак. Той хлеб, напэўна, выратаваў мяне ад ненажэрных грызуноў.

Яшчэ суткі я стаяла ў склепе, прыціснуўшыся да сцяны. Калі туды ўвайшлі немцы, адзін з іх, той, што збіваў мяне, сказаў: “Значыць, жыць ты будзеш сто гадоў”.

Потым былі напоўненыя нянавісцю і штодзённым чаканнем смерці два гады канцлагера, катаванні і пагроза расстрэлу, калі з каша, які неслі яны з напарніцай, знікла адна бульбіна, калі адмаўляліся есці баланду з чарвякамі. І была перамога, якую Вера Цітаўна сустрэла каля Берліна, дзе кінулі іх немцы, гнаўшы з канцлагера на Захад за войскам. Была зноў тая ж чыгунка, але ўжо на шляху дадому.

У роднай Рубчы яе ўжо пахавалі. Маці нават свечкі ў царкве ставіла за спачын. Віной і скрухай, што тады не змагла вырваць дачку з рук фашыстаў, давяла сябе да хваробы. Нават радасць за тое, што ўсе пяцёра дзяцей перажылі вайну, засталіся жыць, не змаглі вярнуць ёй сілы.

Працаваць даводзілася многа і цяжка. Норма нарыхтоўкі лесу на чалавека ў месяц – 30 кубоў. І ёй, васямнаццацігадовай дзяўчыне, гэта давалася з вялікімі высілкамі. Таму, калі сталі накіроўваць моладзь у Курыцічы на вырошчванне кок-сагызу, адразу паехала.

– Бацька мой загінуў яшчэ да вайны, засыпала ў шахце, калі быў туды завербаваны, – працягвае згадваць самыя цяжкія гады жанчына. – Але хату паставіць паспеў ладную. У Курыцічах давялося жыць у ледзь складзенай хаціне з саламяным дахам – бедната. І так жылі амаль усе. Сустрэла там свайго Грышку, ажаніліся. Не, не кахала моцна, але ён быў вельмі добры, працавіты і бедны. Было шкада яго. Затое спяваў выдатна, і я была спявачкай адметнай. На ўсе вяселлі і бяседы нас потым запрашалі спяваць. Ніколі вяскоўцы не скардзіліся, што мы і ў трэцяй гадзіне ночы, вяртаючыся дадому, маглі пабудзіць іх спевамі.

Вось так, з песнямі, у згодзе і павазе, пабудавалі ў чатыры рукі па тых мерках немалую хату, нарадзілі шасцёх дзяцей. Толькі ў гэты момант у жанчыны задрыжэў голас, бо давялося ўзгадаць, што пахавала двух сыноў, аднаго маленькім, другі загінуў ад рукі злачынцы, паспеўшы пакінуць ёй двух унукаў.

– Грышка быў добрым гаспадаром, не мог сядзець без справы, – часта ўжывае Вера Цітаўна словы ў памяншальна–ласкальнай форме, што найлепш яе характарызуе. – Усё нешта будаваў, рамантаваў. Здаралася, паеду куды на дзень-два, а ён ужо хваліцца новым хлевушком ці прыбудовінай. Трымалі тры кароўкі, два конікі, дзясяткаў сем індыкоў і па тры – гусей. Са ўсім спраўляліся, бо разам, у згодзе. Праўда, здаралася, вып’е Грышка лішку, пачынае скандаліць. Я яго супакою, пашкадую, спаць пакладу, і ўсё ў нас добра. Да 64 гадоў працаваў на ферме. Я – спачатку даяркай, потым у брыгадзе. На пенсію пайшла ў пяцьдзясят гадоў – за пяцёх дзетак. Сем гадоў жыву ўжо без гаспадара. Захварэў, слабы стаў. Бог даў яму ціхую смерць без пакут, лёг з вечара спаць, а раніцай я ўжо яго не разбудзіла.

Скончыўшы школу, старэйшы сын паехаў да бацькавага брата ў Маскву, там і застаўся, потым забраў да сябе і астатніх. Толькі Пятро застаўся тут, цяпер жыве у Муляраўцы. Але сумаваць бабулі з дзядулем не даводзілася. Штолета ўсе ўнукі прыязджалі сюды. Адчуваючы асаблівую адказнасць за іх, старыя і да працы вучняў прывучалі, і дысцыпліну трымалі. Таму іх бацькі былі спакойныя за малых – тыя ў надзейных руках.

Дзіўна, як жанчыне на ўсё хапала часу. Ці не кожны куточак у хаце аздоблены яе вышыванкамі. Некалі і ткацкі станок стаяў, які сам зрабіў гаспадар. Саматканыя дыванкі  і пакрывалы-перабіранкі давала на пасаг дзецям, праўда, захаваліся яны толькі ў Вольгі, тая кажа, што заўсёды сваіх маскоўскіх сяброў здзіўляе беларускімі арнаментамі. Два гады таму Вера Цітаўна здала карову, цяпер у двары толькі кот ды куры даюць клопат гаспадыні. Але агарод садзіць не маленькі. Бо летам у бабулі ўвесь час госці – адны дзеці-ўнукі ад’язджаюць, іншыя прыязджаюць. Толькі ўнукаў і праўнукаў ў бабулі 28 чалавек. Хочацца ёй, каб паелі свайго, смачнага і свежага, бульбачкі з сабою ўзялі.

Не сумуе жанчына і калі гасцей няма. Ужо больш паўстагоддзя спявае ў мастацкай самадзейнасці пры мясцовым сельскім Доме культуры. Вось і днямі саліравала ў канцэрце да Дня Незалежнасці. Кажа, што на Купалле на свята не пойдзе, трэба рыхтавацца да юбілею, прымаць гасцей.

Апрануўшы свой белы жакет, прысела Вера Цітаўна на квяцістую канапу, абкладзеную вышыванымі падушкамі, і з гонарам павярнулася да мяне тым бокам, дзе блішчэў “Медаль мацярынства”, юбілейныя медалі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны і за працоўныя заслугі. На развітанне мы дамовіліся сустрэцца праз дзесяць гадоў, на стагоддзе гаспадыні. Тады паспяваем і яшчэ пагутарым.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб жыць доўга ў здароўі і светлым розуме, трэба любіць людзей і песню. Гэтая парада ад сённяшняй юбіляршы Веры Цітаўны Шэлег з Курыцічаў. 12 ліпеня жанчына...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика