Карцінкі з асіповіцкай глыбінкі. Гаворыць Масква! Маўчыць Сасновы…
19.07.2018
—
Новости Общества
|
Гэта адзін з самых маладых населеных пунктаў раёна і адно з тых нямногіх паселішчаў, чыя дата заснавання вядома дакладна, бо будаваўся Сасновы на вачах многіх сённяшніх жыхароў. А яшчэ ён звязаны з незвычайным аб’ектам, без якога проста не з’явіўся б на карце. А той, у сваю чаргу, перажыў перыяд росквіту, імкнуўся трымацца на плаву ў гады фарміравання Беларусі як самастойнай дзяржавы, але адступіў перад дасягненнямі цывілізацыі, уступіўшы месца лічбаваму вяшчанню. Узнік пасёлак у канцы 50-х-пачатку 60-х гадоў у лясным масіве: менавіта гэта месца было абрана для будоўлі Саюзнага вузла радыёвяшчання № 7, які потым больш за паўвека забяспечваў Беларусь і прылеглыя раёны Савецкага Саюза ўстойлівым радыёсігналам на доўгіх і сярэдніх хвалях. Першыя трансляцыі праграмы Усесаюзнага радыё, радыё-станцыі “Маяк”, саюзнае і рэспубліканскае вяшчанне на замежныя краіны, а з 1982 года і Беларускага радыё забяспечвалі каля 200 работнікаў. Тады яны былі маладымі, жыццярадаснымі, з грунтоўным запасам ведаў і вялікім жаданнем працаваць. Успамінае Лідзія Занеўская: — Радыёцэнтр ствараўся як будоўля ўсесаюзнага значэння — хутка і з найвышэйшай якасцю. Кадры збіралі з усёй неабсяжнай краіны — усе моцныя спецыялісты і цудоўныя людзі. Прыехала сюды 1 лютага 1962 года, скончыўшы тэхнікум. А потым павышала прафесійны ўзровень ва Усесаюзным завочным інстытуце сувязі. Амаль адразу далі нам кватэру. Муж працаваў электрамеханікам, я — інжынерам па эксплуатацыі. Спачатку мы дапамагалі будаўнікам завяршаць мантажныя работы, прыбіралі, мылі памяшканні. Упершыню выйшлі ў эфір 1 студзеня 1963 года. Усе адчувалі гонар ад удзелу ў важнай справе. Некалькі гадоў населены пункт, дзе знаходзіўся СВР № 7, не меў уласнай назвы. А потым прайшоў сход, на якім было абмеркавана гэта пытанне. Людзі вырашылі: навокал прыгожыя краявіды, ствараюць іх карабельныя сосны, а таму самай дакладнай назвай будзе пасёлак Сасновы. “Зверху” назву зацвердзілі, але без казусаў не абышлося: на аўтобусным прыпынку імя населенага пункта было пазначана толькі летась. Адным з тых, хто калісьці ўзводзіў пасёлак, з’яўляецца Леанід Мініч. Ён і цяпер жыве тут і, як і Аляксандр Александровіч і Лідзія Занеўская, расказаць можа шмат цікавага. Праходзім па апошняй вуліцы, якая была створана амаль шэсць дзесяцігоддзяў таму. Здзівіла шыльда з надпісам адраса на доме № 1, якая размешчана чамусьці дагары нагамі, да таго ж уводзіць у зман, бо вуліца, якая пазначана як Каваля, на самой справе Цэнтральная. Відаць, чыйсьці жарт. А вось тое, што дамы з 1961 года эксплуатуюцца без капітальнага рамонту — гэта ўжо самая сапраўдная рэальнасць. І ў тытульны спіс гэтага года зноў не ўнесены. Жыхары бядуюць, што ацяпленне будынкаў у зімовы час абыходзіцца вельмі дорага. А знайсці спосабы зрабіць гігакалорыю больш таннай пакуль не ўдалося. Па дапамогу ў розныя інстанцыі пасялкоўцы звярталіся, толькі пытанне так і засталося нявырашаным. Але, нягледзячы ні на што, у шматкватэрных дамах ні адно памяшканне не пустуе. Калі гаспадар ад’язджае ці адыходзіць у іншы свет, кватэру тут жа купляюць. Спрыяе попыту на жыллё ўдалае размя-шчэнне: зносіны з райцэнтрам і сталіцай цудоўныя, што садзейнічае праца-ўладкаванню пасялкоўцаў. Пасля закрыцця радыёцэнтра, што быў галоўным працадаўцам, людзі, якія яго абслугоўвалі, вымушаны былі шукаць месца і без асаблівых цяжкасцей знайшлі сабе справу ў Асіповічах ці Мінску. А некаторыя заняліся прыватным прадпрымальніцтвам, напрыклад, рамонтам тэлефонаў і камп’ютараў: адукацыя і кваліфікацыя дазваляюць. З той кагорты, якая стаяла ля вытокаў пасёлка, засталося не так і многа. Адзін са старажылаў — Барыс Яфрэменка. Разам з жонкай Ідай яны прыбылі на прадпрыемства, якое толькі пачынала работу. Нягледзячы на тое што быў начальнікам змены, даводзілася і траншэі капаць, і займацца іншай фізічнай працай. Але моладзь не маркоцілася, жылі па прынцыпе: «Працаваць — дык з поўнай аддачай, а адпачываць — дык ад усёй душы». Успамінае Барыс Пахомавіч і паездкі па абмене вопытам у Ленінград, Куйбышаў, Краснадар, Мікалаеў, а таксама мноства рацпрапаноў, якія ўносілі маладыя інжынеры. І калі спачатку ён шкадаваў, што замест прыборабудаўнічага завода ў Барані трапіў у лясны гушчар Асіповіччыны, то пазней прыкіпеў душою да сціплай прыгажосці наваколля і дружнага калектыву. І цяпер, калі справа жыцця перастала існаваць, сумна, што аб’ект, у які ўклалі душу, па словах мужчыны, расцягваецца на метал. Хацелі пераканацца ў гэтым, але не ўдалося. Рэдакцыйную машыну на тэрыторыю радыёцэнтра ахоўнік не пусціў і нават зрабіць вонкавы здымак не дазволіў, матывуючы адсутнасцю пропуску. Але, на думку пасялкоўцаў, прай-сці ў ахоўную зону праз лес можа кожны жадаючы, і робяць такія «ваяжы» часцей не з пазітыўнымі мэтамі. Каля 40 гадоў адпрацавала ў радыёцэнтры Таісія Хмялёва. У маладым пасёлку стварыла сям’ю, нарадзіла дзяцей. З удзячнасцю ўспамінае былых кіраўнікоў Дзмітрыя Каўшова, Івана Кандраценку, Анатоля Дзічкоўскага, Івана Раманенку, эканаміста Антаніну Прокашаву і многіх іншых, разам з кім камфортна працавалася. Радуецца таму, што дзеці многіх калег прадоўжылі справу бацькоў, атрымаўшы адукацыю ў вобласці радыётэхнікі, сувязі і камунікацыі, што сведчыць аб той павазе, якую адчувалі да агульнай справы.
Пра Валянціну Церашкову ці Праскоўю Ангеліну ведаў увесь Саюз, а сціплая Кацярына Скуя проста падымалася на 350-мятровую мачту, каб выконваць сваю бу-дзённую работу. Ні вецер, ні сцюжа, ні пралятаючыя верталёты не пужалі яе. І гэта на працягу 30 (!) гадоў. Калі ў 45 ёй прапанавалі перайсці на больш лёгкую пасаду, адчайная жанчына адказала з гонарам: “На пенсію пайду толькі антэншчыцай”. І слова стрымала. Нават больш адпрацавала, чым трэба, бо ў свой час бацька “памаладзіў” яе на 2 гады. Затое ўсім даказала, што, калі жанчына чагосьці захацела, абавязкова даб’ецца, нават калі для гэтага давя-дзецца ўзняцца да аблокаў. Ды яшчэ спявачкай і танцоркай была знатнай, што памагала зняць напружанне пасля работы. І хоць клуб у пасёлку застаўся і працуе нядрэнна, але спяваць людзі сталі менш. Не чуваць навокал песень, хаця вуліцу апусцелай не назавеш: спяшаюцца ў магазін мясцовыя кабеты, праязджаюць веласіпедысты, гуляюць школьнікі. Дарэчы, дзіцячую пляцоўку ў адным з двароў стварыў мясцовы жыхар Сяргей Міхадзюк, і малеча з задавальненнем бавіць тут час. А побач з месцам адпа чынку дзяцей узносіцца 30-мятровая антэнная мачта — адзін з напамінкаў аб былым СВР № 7. Лідзія Андрэеўна Занеўская, стараста населенага пункта, ахвотна арганізоўвае экскурсію па пасёлку, хаця ён даволі кампактны і тут не заблукаеш. Расказвае пра радыёвяшчанне, людзей, пра тое, што засталіся закінутымі будынкі лазні і гаража, а вось кантору перавялі ў разрад арэнднага жылля, пра закінуты сад і старанную работу прыбіральшчыцы з УКП ЖКГ… І хоць СВР ліквідаваны, людзі, якія на ім працавалі, не забыты. Яны ўключаны ў ветэранскую арганізацыю «Белтэлекама» і не застаюцца па-за ўвагай: прымаюць віншаванні-падарункі па святочных днях, а калі патрэбна — матэрыяльную дапамогу. А кожны былы работнік перадаючага цэнтра штораніцы звыкла ўключае прыёмнік, каб паслухаць навіны, перададзеныя ўжо без яго ўдзелу… Іна Заскевіч. Фота Ніны Царык. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта адзін з самых маладых населеных пунктаў раёна і адно з тых нямногіх паселішчаў, чыя дата заснавання вядома дакладна, бо будаваўся Сасновы на вачах многіх...
|
|