Рыхтуем чэмпiёнаў краіны
23.07.2018
—
Новости Общества
|
Што вы ведаеце пра паўэрліфтынг? Гэта цяжкі від спорту, сутнасць якога заключаецца ў пераадоленні супраціўлення максімальна цяжкай для спартсмена вагі. Такі досыць малады від спорту для нашай краіны актыўна развіваюць хлопцы з гарадскога пасёлка Капаткевічы. Выпускнікі школы – ужо майстры спорту. Іх галоўны трэнер – Ілья Марчанкоў – тройчы рэкардсмен Беларусі па жыме лежачы без экіпіроўкі, чатыры разы станавіўся чэмпіёнам краіны, у гэтым годзе стаў двухразовым пераможцам Кубка Еўропы ў Гродне ў вагавай катэгорыі 100 кілаграмаў з вынікам 232,5 кг, а таксама стаў трэцім у абсалютным заліку сярод мужчын, выканаў нарматыў Майстра спорту міжнароднага класа WRPF. Ілья быў блізкі да таго, каб пабіць сусветны рэкорд у жыме лежачы, але, на жаль, пакуль не атрымалася. Разам з фотакарэспандэнтам нашай газеты зазірнулі ў трэнажорную залу, дзе займаюцца рабяты. – Выступленне нашай зборнай вясной на Кубку Еўропы ў Гродне без сціпласці можна назваць паспяховым, – падзяліўся Ілья. – А перад гэтым праходзіў чэмпіянат Еўропы, ён праводзіцца раз у год. Дык вось, у Гродне канкурэнцыя была значна вышэй. Выканаць праграму ўзроўню Майстра спорту міжнароднага класа WRPF – гэта была мінімальная задача. Толькі ёсць пэўныя ўмовы: важна, каб выступленні ацэньваў суддзя міжнароднай катэгорыі, два бакавыя суддзі павінны быць нацыянальнымі. Міжнародны нарматыў складае 225 кг без экіпіроўкі ў жыме лежачы. Другім падыходам ад грудзей я падняў 232 кг, трэцім ішоў на рэкорд краіны, чацвёртым хацеў паставіць сусветны рэкорд, але зоркі не сышліся. Фізічна быў гатовы, маральна за апошнія тры дні стаміўся. Сусветны рэкорд сёння больш за 240 кг. У Беларусі сярод “жымавікоў” я ўваходжу ў топ-3. Канкурэнты – двое мужчын з Мінска. На міжнародным узроўні – канкурэнт з Расіі, які на чэмпіянаце свету стаў першым. Быў турнір у Любані сярод лепшых, дзе я стаў трэцім, нам упершыню далі матэрыяльную ўзнагароду. Гэта быў адзіны выпадак, калі не трэба было плаціць за ўдзел. У Расіі, вядома, гэта больш развіта, праводзяцца камерцыйныя турніры. Ёсць спартсмены, якія падымаюць неверагодную вагу – 400 кг, за што атрымліваюць каля 40000 долараў. Каб я мог у падобным удзельнічаць, трэба закінуць працу і засяродзіцца толькі на трэніроўках. Акрамя трэніровак, займаюся вытворчасцю мэблі. Але я не гатовы пакуль ісці на такія ахвяры, каб дагадзіць сваім амбіцыям. І тым не менш, у свае 33 гады задаволены вынікамі. Вядома, ад спартсмена патрабуюцца знясільвальныя трэніроўкі, правільная дыета, гатоўнасць да траўмаў і поўная самааддача. Для падняцця такой вялікай вагі трэба мець добра развітыя мышцы ног, рук, спіны і грудзей. Так што шлях ад пачаткоўца да майстра ў гэтым спорце заключаецца не толькі ў выкананні трох базавых практыкаванняў – жым штангі, станавая цяга і прысяданне са штангай, неабходна выконваць яшчэ шмат другарадных. У кожным з гэтых практыкаванняў атлет павінен падняць максімальна цяжкую вагу з улікам тэхнічных патрабаванняў. Атрымліваецца, што паўэрліфтынг – гэта сілавое трохборства. Дарэчы, у бодыбілдынгу гэты комплекс таксама выкарыстоўваюць. Толькі акцэнт ідзе на нарошчванне мышачнай масы. У паўэрліфтынгу ж важныя выключна сілавыя паказчыкі. У жыме штангі лежачы наш Максім Паторскі стаў трохразовым пераможцам Кубка Еўропы. У народным жыме ў катэгорыі да 56 кг усталяваў рэкорд свету і Еўропы сярод мужчын і юніёраў, выціснуўшы вагу на 46 паўтораў і выканаў нарматыў Майстра спорту міжнароднага класа. У жыме штангі лежачы без экіпіроўкі ў вагавай катэгорыі 56 кг узняў штангу вагой 130 кг, што гэтак жа з’яўляецца рэкордам свету і Еўропы ва ўзроставай катэгорыі “юніёры”. Мы, хлопцы з пасёлка – другія пасля Мінска па ўзроўні, трэцім стаў Брэст. Займаемся тры разы на тыдзень, адна трэніроўка доўжыцца каля паўтары гадзіны. Усяго вучняў у мяне 20, палова ў старэйшай узроставай катэгорыі, палова ў малодшай. Ёсць фаварыты, астатнія падцягваюцца. Афіцыйна я выкладчык па цяжкай атлетыцы, паўэрліфтынг з гэтага вынікае. Руслан Герасіменка па цяжкай атлетыцы ў вобласці стаў другім. Яго рыхтуем у майстры спорту Беларусі на чэмпіянаце краіны па цяжкай атлетыцы 22 ліпеня, гэта дадасць яму балаў да паступлення ў БДУФК. Георгій Шатырын – двойчы чэмпіён краіны, пабіў рэкорд сярод юніёраў у жыме лежачы ў экіпіроўцы, выканаў нарматыў майстра спорту. Яўген Лазарчык атрымаў першае месца на першынстве краіны ў жыме штангі лежачы сярод юніёраў у катэгорыі 83 кг ІІІ месца ў абсалютным заліку (180 кг) з экіпіроўкай. На Кубку Рэспублікі па класічным жыме штангі ў 2017 годзе заняў ІІІ месца сярод мужчын у катэгорыі 83 кг. На Кубку Брэсцкай вобласці ў гэтай жа катэгорыі заняў І месца, 200 кг паціснуў. У канцы ліпеня будзе выконваць нарматыў майстра спорту ў Лунінцы. Некаторыя хлопцы таксама наведвалі народныя танцы ў Ядзвігі Суботка. Калі выйшлі танцаваць на выпускным вечары – кашулі трашчалі над мышцамі. Мяне гонар распіраў. З чаго пачалося маё захапленне паўэрліфтынгам? Пасля школы паступіў у БДУФК, на спецыяльнасць “Цяжкая атлетыка”. Заўсёды ведаў, што дзіцячыя ўражанні ад Арнольда Шварцэнегера адгукнуцца. Падвучыў біялогію, здаў экзамены. Мяне, дарэчы, магло зацягнуць на службу, я яшчэ дзеючы лейтэнант запасу. Далей – прывабная прапанова пра ўласны бізнес. І вось я ўжо жыву ў Капаткевічах, з жонкай выхоўваем дачку. Пакуль дзіця да штангі не прывучаю, а вось плаваць у басейне і нават затрымліваць дыханне – калі ласка. У сваіх вучнях у першую чаргу імкнуся развіваць маральна-валявыя якасці, а потым ужо мышцы. Вы толькі ўявіце сабе, што па ўсёй рэспубліцы майстроў спорту міжнароднага класа можна пералічыць на адной руцэ, і сярод іх ёсць хлопцы з нашага раёна. І я не пабаюся гучных слоў, але ў будучыні іх стане больш. За падтрымку хачу падзякаваць дырэктару ПМК-67 Васілю Калядзе, а таксама кіраўніцтву райвыканкама і нашага мясцовага сельвыканкама. Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота Арцёма ГУСЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што вы ведаеце пра паўэрліфтынг? Гэта цяжкі від спорту, сутнасць якога заключаецца ў пераадоленні супраціўлення максімальна цяжкай для спартсмена вагі. Такі... |
|