Выслухалі і далі рэкамендацыі
25.07.2018
—
Новости Общества
|
На мінулым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Наўныкам сустрэлася з жыхарамі аграгарадка Грабаў. Прапанавалася абмеркаваць тэмы якасці і даступнасці паслуг аховы здароўя, сямейнай нядобранадзейнасці. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць задаць усе хвалюючыя іх пытанні кіраўніку раёна, а таксама прадстаўнікам розных структур і прадпрыемстваў раёна, якія былі запрошаны на мерапрыемства. Шэраг пытанняў быў адрасаваны камунальнай гаспадарцы. Адно з іх тычылася карыстання і перспектывы дэмантажа апошняй у аграгарадку воданапорнай калонкі. Прадстаўнік КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” патлумачыў, што карыстальнікі вады з сістэм, якія знаходзяцца на балансе іх прадпрыемства, павінны заключыць з камунгасам дагавор і згодна з ім аплочваць выдаткі на падачу вады і абслугоўванне водападаючай сістэмы. Аляксандр Наўныка даручыў камунальнаму прадпрыемству правесці работу з насельніцтвам і зрабіць магчымым далейшае карыстанне калонкай. Жыхарам аграгарадка таксама было патлумачана, што згодна з правіламі абароту цвёрдых камунальных адходаў, насельніцтва павінна збіраць і перадаваць у спецыялізаваныя машыны смецце ва ўпакаваным выглядзе. Гэта быў адказ на пытанне, ці павінны работнікі камунальнай службы, якія збіраюць адходы па населеных пунктах, вяртаць тару – скрыні і мяхі. Населеныя пункты Грабаўскага сельскага Савета тэрытарыяльна аднесены да Капцэвіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Таму і заключнае афармленне даведкі медыцынскай камісіі жыхары аграгарадка і прылеглых вёсак павінны рабіць менавіта ў Капцэвічах. І як запэўнілі яны, гэта не зусім зручна. Спачатку трэба прайсці вузкіх спецыялістаў у Петрыкаўскай ЦРБ, потым звяртацца да ўчасковага ўрача ў Капцэвічы. Выканаўца абавязкаў галоўнага ўрача ЦРБ Вольга Семікопенка патлумачыла, што менавіта ўчастковы ўрач мае інфармацыю пра асаблівасці здароўя сваіх падапечных, а ўрач раённай бальніцы, не маючы такіх звестак, не можа даць правільную заключную ацэнку пра іх стан здароўя. Калі папярэдне ва ўчастковага ўрача ў Капцэвічах ўзяць адпаведную выпіску, то ў такім выпадку і ўрач ЦРБ зможа зрабіць выніковыя запісы. Аляксандр Наўныка, ведаючы патрэбу аграгарадка ў загадчыку магазіна райспажыўтаварыства, сам падняў гэту тэму. Прадстаўнік РайСТ патлумачыла, што з прыходам маладых спецыялістаў мяркуецца праблему закрыць. Але гэта будзе не раней жніўня. Пра неабходнасць тэрміновага вырашэння пытання нагадала дырэктар мясцовага сада-школы Алена Курко. Менавіта райспажыўтаварыства з’яўляецца адзіным гандлёвым прадпрыемствам, якое можа забяспечваць прадуктамі харчавання летнюю аздараўленчую пляцоўку, што павінна адкрыцца з 1 жніўня. Дырэктару былі дадзены тлумачэнні, што забяспечыць бесперабойнае паступленне прадуктаў можна праз аўтамагазін. Тэму пажарнай бяспекі агучыў начальнік раённага аддзела надзвычайных сітуацый Ігар Хацяновіч. З улікам таго, што памяшканне мясцовай школы з’яўляецца адзіным у вобласці, якое ацяпляецца печамі, увага да ўстановы перад наступленнем ацяпляльнага перыяду будзе пільнай. І калі адміністрацыя не прыме ўсе меры для абсалютнай адпаведнасці супрацьпажарным патрабаванням, меры будуць прымацца кардынальныя. Старшыня райвыканкама таксама ўзняў яшчэ адно пытанне, якое тычыцца многіх населеных пунктаў раёна – якасць дарожнага пакрыцця. Аляксандр Міхайлавіч паведаміў, што ў хуткім часе ўсе дарогі раёна пяройдуць на баланс РБУП “Гомельаблдарбуд”. Прадпрыемству ўжо перададзены спісы транспартных участкаў, якія патрабуюць рамонту. Адзначыў таксама, што дарога да Грабава амаль адрамантавана і цяпер трэба пераходзіць на напрамак да Бобрыкаў. Аляксандр Наўныка расказаў прысутным на сустрэчы пра перспектывы развіцця нашага рэгіёну ў сувязі з будаўніцтвам горнаабагачальнага камбіната. Плануецца, што на прадпрыемстве будуць працаваць каля 2 тысяч чалавек. Але і ў сельскай гаспадарцы трэба працаваць сумленна. Тады і заробкі будуць прыстойнымі, як гэта відаць на прыкладзе УП “Палессе-Аграінвест”, дзе сярэдняя зарплата за чэрвень склала больш 900 рублёў. Алена БРУЦКАЯ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні інфармацыйна-прапагандысцкая група райвыканкама на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Наўныкам сустрэлася з жыхарамі аграгарадка...
|
|