Людзі Смаргоншчыны: Алена Нядведская
27.07.2018
—
Новости Общества
|
У кожнай прафесіі ёсць свае плюсы і мінусы, аднак калі моцна любішь справу, якой займаешся, то мінусы не маюць істотнага значэння. Алена Нядведская, прадавец шостага разраду філіяла “Смаргонскі хлебазавод” ААТ “Гроднахлебпрам”, з ліку тых шчасліўчыкаў, якія знайшлі сваё месца ў жыцці і прафесію, якая задавальняе.
Пятнаццаць гадоў працуе Алена Нядведская ў фірменнай краме “Каравай” хлебазавода. Пастаянныя пакупнікі, жыхары суседніх жылых кварталаў, добра ведаюць яе ў твар і вітаюцца, не толькі наведваючыся ў магазін па хлебапрадукты. Дзе б ні сустрэліся: ці ў грамадскім транспарце, ці на алеі парку, ці ў іншым месцы, абавязкова прывітаюць сваю знаёмую, якую многія з цёплым гумарам называюць “жанчына з пахам ванілі”. Яна сапраўды пакідае пасля сябе ледзьве ўлоўны пах здобы і свежага хлеба. За дванаццацігадзінны рабочы дзень гэтыя пахі ўсмактваюцца лепш, чым французскія духі. Па адукацыі Алена Леанардаўна бухгалтар, закончыла ў свой час Ашмянскі тэхнікум, сёння – каледж. Працавала па спецыяльнасці, аднак вельмі камунікабельная, таварыская і энергічная па складу характару, яна імкнулася заняцца дзейнасцю, дзе будуць стасункі з людзьмі, а не лічбамі. Прафесія прадаўца не самая спакойная, куды лепш для іншых - адасобіцца ў канторы за стосамі справаздач, чым быць громаадводам для непрадказальнага наведвальніка гандлёвых устаноў. Аднак для Алены Нядведскай стасункі з людзьмі, магчымасць даць ім парады, дапамагчы з выбарам патрэбнага прадукта, проста ўсміхнуцца наведвальніку і атрымаць узаемную ўсмешку – важней за офісную цішыню і засяроджанасць. Алена Нядведская асвойвала азы прафесіі прадаўца ў новаадчыненай фірме, якая займалася гандлем садавіны і агародніны, затым перайшла ў кафэ “Купалінка”. Сапраўднае задавальненне ад работы адчула, калі перайшла на пасаду прадаўца ў “Каравай”. І сёння ўдзячна кіраўніцтву завода і калегам, якія паспрыялі яе працаўладкаванню. Хаця рабочы графік даволі напружаны - тры дні запар па 12 гадзін, але жанчына не жаліцца, бо вельмі любіць сваю прафесію, рада кожнаму пакупніку. А тых, хто прыходзіць з мэтай выплеснуць свой негатыў, абяззбройвае сваёй шчырай усмешкай і добразычлівымі жартамі. За гэту яе якасць, псіхалагічную ўраўнаважанасць, уменне граматна прадставіць асартымент, эстэтычна зрабіць выкладку дзеля піяру прадукцыі хлебазавода жанчыну пастаянна накіроўваюць на разнастайныя кірмашы, дзе рэкламуюцца смаргонскія тавары і прадукты. Пабывала Алена Леанардаўна з выязным гандлем у Бранску, Смаленску, Маскве, а не толькі на мясцовых і рэгіянальных кірмашах. За добрасумленную шматгадовую працу ў сферы гандлю фотапартрэт Алены Нядведскай двойчы быў змешчаны на Дошцы гонару прадпрыемства. Яе неаднаразова ўганароўвалі граматамі і падзячнымі лістамі. Сёлета да прафесійнага свята жанчыну ўзнагародзілі Ганаровай граматай упраўлення гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў гандлю. Але найгалоўная ўзнагарода для Алены Леанардаўны – самастойны добры сын, шчырыя сябры і добразычлівыя пакупнікі, якія ствараюць для яе жыцця пазітыўную атмасферу і з’яўляюцца галоўнай матывацыяй. Ала КЛЕМЯНОК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У кожнай прафесіі ёсць свае плюсы і мінусы, аднак калі моцна любішь справу, якой займаешся, то мінусы не маюць істотнага значэння. Алена Нядведская, прадавец...
|
|