Успомніць настаўнікаў, школу, сяброў
11.08.2018
—
Новости Общества
|
Гэта была грандыёзная сустрэча з нагоды не менш грандыёзнага юбілею. Гаворка ідзе пра сустрэчу выпускнікоў 50-х, 60-х, 70-х, 80-х і 90-х гадоў Глускай сярэдняй школы № 2, якія сабраліся разам, каб адзначыць яе 95-годдзе. Было гэта ў мінулую суботу, 4 жніўня. Сабрацца разам менавіта такім пашыраным складам у сваёй школе яе былыя вучні вырашылі самі і стварылі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні сустрэчы, іх ініцыятыву цалкам і поўнасцю падтрымалі педкалектыў і дырэкцыя школы, а таксама кіраўніцтва раённага аддзела па адукацыі.
Не менш эмоцый і ўспамінаў выклікала афіцыйная частка сустрэчы, якая праходзіла ў спартзале — меншае памяшканне проста не ўмясціла б усіх прыйшоўшых і прыехаўшых выпускнікоў, а было іх недзе каля 250 чалавек.
Запамінальным і змястоўным быў выхад выпускнікоў 1968 года. Яны не толькі падзяліліся ўспамінамі і сказалі добрыя словы пра школу і сваіх былых настаўнікаў, але і падарылі складзены па ўсіх законах геральдыкі герб СШ № 2. На ім — кніга як сімвал ведаў, глобус як сімвал шырыні пазнанняў, сава — сімвал мудрасці педагогаў і лаўровы вянок — сімвал заслуг і дасягненняў вучняў, а зверху словы: “Учись, твори, дерзай и побеждай!”. Падарункам школе стаў і вялікі прыгожы флаг блакітнага колеру, таксама з выявай герба. Цяпер школа № 2 — адзіная школа ў раёне, якая мае свой герб і свой гімн — яго прэм’ера адбылася на лінейцы апошняга званка, дзе, як і зараз, прысутнічаў аўтар слоў Навум Сандамірскі. Калектыўным выкананнем гімна завяршылася афіцыйная частка сустрэчы, а размовы, успаміны, наведванне класаў, вяртанне да стэндаў школьнага музея прадаўжаліся. Нават на наступны дзень. Сустрэча праходзіла пад дэвізам “Роднай школе — у Год малой радзімы”, і гэтыя словы цалкам апраўдалі сябе, лічыць дырэктар школы Алена Слічонак. Апраўдалі найперш таму, што ў падрыхтоўцы мерапрыемства прымалі актыўны ўдзел, у тым ліку і матэрыяльны, самі выпускнікі, выпускнікі розных гадоў дапамагалі і дапамагаюць у зборы матэрыялаў і экспанатаў для музея школы і для асобнай экспазіцыі, прысвечанай выпускнікам творчых прафесій. Асобна Алена Рыгораўна выказвае падзяку Ефіму Шмальцуеву з Ізраіля, Ільі Гельферу з ЗША, Юрыю Пятрэню з Санкт-Пецярбурга і вельмі шкадуе, што нельга назваць імёны ўсіх, хто так ці інакш падтрымлівае сваю школу. Бо тут няма вялікай і малой дапамогі, большага ці меншага ўкладу — важна і патрэбна ўсё. Так, дзякуй усім за дапамогу і памяць. І дзякуй усім, хто знайшоў час і магчымасць прыйсці ў гэты дзень у родную школу, хто сабраўся, каб пабыць разам, пабачыцца і пабачыць, бо без вас не было б нічога з таго, што было — добра, прыгожа, кранальна. Ад сябе, выпускніцы 1984 года, пажадаю сваёй другой школе такога ж слаўнага і цікавага будучага, якім слаўным і цікавым было яе мінулае. Таццяна ЛУКАШЭВІЧ Фота Вольгі ЯНУШЭЎСКАЙ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта была грандыёзная сустрэча з нагоды не менш грандыёзнага юбілею. Гаворка ідзе пра сустрэчу выпускнікоў 50-х, 60-х, 70-х, 80-х і 90-х гадоў Глускай сярэдняй школы № 2,...
|
|