Там, дзе кветкі цвітуць. 21.by

Там, дзе кветкі цвітуць

12.08.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Двор Таццяны Нікіфараўны Чарнікевіч з Балашэвіч стракаціць багатымі фарбамі летніх кветак, а калі заходзіш у яе ўтульны дом — кветкі красуюць на рэчах, вышытых рукамі гаспадыні. Вышываныя гладдзю накідкі на падушкі, прасціны, ручнікі, сурвэткі, абрусы… Добрую частку вышытых рэчаў Таццяна Нікіфараўна, быццам скарб, захоўвае ў шафе, некаторыя падарыла родным і знаёмым. Разгортваючы вышытыя ўласнымі рукамі рэчы, жанчына не без жалю прызналася, што сёння маладыя не надта хочуць засцілаць такія сурвэткі ці прасціны, зараз усё можна набыць за грошы ў магазіне. Аднак для Таццяны Нікіфараўны кожная вышытая рэч — не проста элемент упрыгожання, гэта частка яе жыцця, маленькая гісторыя.

Сёлета рукадзельніца адзначыла 80-гадовы юбілей. Насуперак гадам і выпрабаванням, якія неаднаразова падкідваў лёс, яна застаецца поўнай энергіі і інтарэсу да жыцця жанчынай. Нарадзілася і вырасла ў Балашэвічах. Яе і малодшых сястру і брата на ногі падымалі маці з бабуляй. Скончыўшы чатыры класы Балашэвіцкай школы, дзяўчына хацела вучыцца далей ва Усцярхоўскай сямігодцы, аднак часу на вучобу, як і на гульні, не было. “Я добра вучылася ў школе, вельмі любіла чытаць, — расказвае мая суразмоўца. — Марыла працягнуць вучобу, аднак трэба было працаваць, дапамагаць родным. Рана навучылася сеяць, палоць, жаць жыта, даглядаць хатнюю жывёлу, нарыхтоўваць дровы, спраўлялася нароўні з дарослымі”.

Ад маці і бабулі Таццяне Нікіфараўне дасталася ў спадчыну не толькі працавітасць, але і цяга да творчасці. Пасля цяжкай сялянскай працы жанчыны знаходзілі свой адпачынак у рукадзеллі: шмат вышывалі, шылі, ткалі. Таццяна садзілася побач з імі і сачыла за карпатлівай справай. Хутка  ніткі і іголка сталі яе неразлучнымі сяброўкамі. Не развітвалася яна з любімым заняткам і тады, калі з’явілася сям’я, нарадзіліся сыны. “Жыццё прамільгнула, як адзін дзень, — працягвае гаспадыня. — Праца дома, праца ў калгасе. Адпачнеш крыху пасля напружанага дня — і за вышыванне. Цяпер рэдка займаюся любімай справай: баляць рукі, вочы хутка стамляюцца”.

Зараз Таццяна Нікіфараўна жыве адна. Гаспадара Сяргея Паўлавіча (ён, дарэчы, больш за 30 гадоў адпрацаваў лесніком) не стала ў 2009 годзе. Аднак увагай блізкіх жанчына не абдзелена. У яе трое ўнукаў і трое праўнукаў, якія часта наведваюцца да любімай бабулі. Непадалёку жыве сын, які хвалюецца за маці і заўсёды дапамагае (другі сын, на жаль, загінуў). “Адзіноты не баюся, галоўнае — не страціць сэнс жыцця. А яго згубіць мне не даюць мае родныя і мае сяброўкі”, — прызнаецца жанчына.

Аптымізму і бадзёрасці Таццяны Нікіфараўны можна пазайзд-росціць. Нягледзячы на сталыя гады, яна не любіць сядзець без справы: рана прачынаецца, даглядае курэй, завіхаецца на агародзе. Сакрэты даўгалецця тлумачыць проста: добрае харчаванне або дыеты тут не памогуць, трэба шмат працаваць, цаніць жыццё і радавацца кожнаму новаму дню.

Ганна АЎТУХОВА

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Двор Таццяны Нікіфараўны Чарнікевіч з Балашэвіч стракаціць багатымі фарбамі летніх кветак, а калі заходзіш у яе ўтульны дом — кветкі красуюць на рэчах, вышытых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика