Лепшая стратэгія – задаволены кліент
31.08.2018
—
Новости Общества
|
Узгадваю, як у школьным узросце з аднакласніцамі на першых тады відэамагнітафонах глядзелі амерыканскія стужкі. Амаль у кожным фільме быў сюжэт з аўтазаправачнай станцыяй. Гэта ж дзіва якое было: на ёй разгортваліся самыя непрадказальныя сітуацыі. Але больш здзіўляў сервіс. Там можна было не толькі заліць поўны бак паліва, але і купіць натуральную каву, кока-колу, шматлікія прысмакі і спадарожныя тавары, адпачыць у прыдарожным гатэлі… Мінула крыху часу і цяпер мы з вамі таксама можам карыстацца ўсімі гэтымі выгодамі. Калектывы нашых сучасных, па-еўрапейску аформленых АЗС арыентуюцца толькі на кліента. Днямі ў гутарцы са мной начальнік Муляраўскай АЗС № 6 і Капаткевіцкай АЗС № 63 Сяргей Бамбіза адзначыў, што 80% іх прыбытку залежыць ад пастаянных кліентаў. І яны, балазе, у нашых гандляроў нафтапрадуктамі ёсць. Сказаць, што рэспубліканскага прызначэння трасса М-10 ажыўленая – гэта мала. Па ёй сапраўды “ідуць” не толькі аўтамабілі-даўгамеры, што здзяйсняюць грузаперавозкі з Польшчы, Германіі, Расіі і іншых краін, але і праносіцца бясконцы паток легкавых аўтамабіляў. Сяргей Іванавіч, дарэчы, з захапленнем расказаў, як нядаўна на муляраўскую АЗС завітаў аўтапрабег Гамбург – Ганконг. Аўтамабілісты на рарытэтных мадэлях з задавальненнем не толькі заправілі свае аўтамабілі, але і расказалі пра сваю вандроўку (Сяргей Іванавіч валодае нямецкай мовай). Увогуле хочацца некалькі радкоў напісаць пра пераемнасць пакаленняў. Так атрымалася, што кантраляваў узвядзенне АЗС № 6 у далёкім ужо 1998 годзе, а затым узначальваў калектыў доўгі час бацька Сяргея Іванавіча – Іван Аляксандравіч Бамбіза. Адзінаццаць гадоў працоўнага стажу ў Сяргея Іванавіча, з якіх шэсць ён адпрацаваў аператарам АЗС. Пасля заканчэння інжынерна-педагагічнага факультэта Мазырскага педуніверсітэта была служба ў арміі. Потым Сяргей Іванавіч пачаў працоўную дзейнасць. – Наша АЗС № 6 працуе кругласутачна, – адзначыў суразмоўца. – У 2014 годзе тут адбылася рэканструкцыя, пасля якой мы аб’ядналі гандлёвыя залы кафэ і запраўкі. З брэсцкага накірунку мы першыя сустракаем кліентаў з такім шырокім спектрам паслуг. У нас можна набыць аўтамабільнае паліва, а таксама ёсць калонка для запраўкі звадкаваным газам. Стаянка для “даўгамераў” на 12 месцаў, аўтобусаў і аўтамабіляў дазваляе адпачыць ад працяглай дарогі. Нават на некалькі дзён тут можна пакінуць свой аўтамабіль па патрэбе. Стаянка пад відэаназіраннем. Бясплатна для кліента санвузел, падкачванне шын. Шырокі асартымент маторнага масла, тармазных і астуджальных вадкасцяў, гумы можна таксама набыць у нас, калі ў шляху адбылася якая недарэчнасць. Што датычыць кафэ, дык гэта асобная старонка паслуг. Наша дарагая і па кошце, і па гатаванні кавы машына заварожвае кліентаў сваімі водарамі. Тым больш, што кава-машына стаіць на зале і кліент сам можа выбраць і пачакаць, пакуль аўтамат згатуе для яго патрэбны напой. Кубак кавы з цэльнага зерня арабікі ацэняць сапраўдныя “каваманы”. Той, хто яшчэ не спрабаваў, не ведае, які арыгінальны асартымент фаст-фуда мы прапануем: хуткія стравы твістар, чызбургер, гамбургер, фрэнч-дог гатуюцца таксама ў прысутнасці кліента. Адзначу, што некаторыя кліенты спецыяльна ездзяць да нас, каб паласавацца гэтымі стравамі. Прыемна адзначыць, што і машынапаток, і тавараабарот значана вырас у параўнанні з мінулым годам. Нашы будні не падобныя адзін на другі. Кожны дзень нешта новае і цікавае. І калектыў наш таксама імкнецца ісці ў нагу з часам. Аператар АЗС – гэта, з аднаго боку, прадстаўнік гандлю, з другога – тэхнолаг, бо трэба ведаць, як прыняць бензавоз, як абслугоўваць паліўна-раздатачныя калонкі і шмат іншых момантаў. Трэба адзначыць, што днямі нашы работнікі прайшлі паспяховую праверку ведаў па тэхніцы бяспекі працы. Да таго, у нас добры сацыяльны пакет: кожны член калектыву застрахаваны, мае магчымасць бясплатна скарыстацца паслугамі ў медцэнтрах, а таксама набыць пэўныя лекі ў аптэцы. Прыгожая форма адзення і камплект спецвопраткі дазваляюць не толькі выглядаць прывабна і па-сучаснаму, але і быць абароненым ад статычнага напружання і шкоднага ўздзеяння нафтапрадуктаў. Сёлета так супала, што мы адзначаем два святы. Нашаму прадпрыемству РУП “Беларусьнафта-Гомельаблнафтапрадукт” споўнілася 50 гадоў з дня заснавання. Ну і традыцыйна Дзень нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці – наша прафесійнае свята. Добрымі словамі хачу адзначыць тых, хто даўно працуе ў нашым калектыве. Гэта аператары АЗС Мікалай Шэўка, Вольга Буракевіч, электраслесар Мікалай Траяноўскі, уборшчыкі тэрыторый Таццяна Рудаўская і Раіса Яцка. Шчыра жадаю калектыву заставацца надалей такім шчырым, зладжаным! Моцнага здароўя, працоўных і асабістых поспехаў, святочнага настрою! – Мы далучаемся да Вашых слоў, Сяргей Іванавіч! Інга ГІЛЕНКА. Фота Арцёма ГУСЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узгадваю, як у школьным узросце з аднакласніцамі на першых тады відэамагнітафонах глядзелі амерыканскія стужкі. Амаль у кожным фільме быў сюжэт з аўтазаправачнай...
|
|