55 год мінула з той пары, як заручыліся лёсам Іван і Марыя Ахрамовічы з Укропенкі
14.09.2018
—
Новости Общества
|
Хутар Чарняты знаходзіўся ў двух кіламетрах ад Укропенкі. У былыя часы тут знаходзіліся тры двары. Хаты і гаспадарчыя пабудовы былі раскіданы на паляне, а з усіх бакоў яе абступаў лес. Тутэйшы хлопец Іван ведаў тут кожную сцяжынку. На яго вачах маладыя беластволыя бярозкі цягнуліся да сонца і з кожный вясной усё прыгажэй і прыгажэй распускалі свае кучаравыя косы.
Па пратаптаных сцежках яшчэ ў раннім дзяцінстве Янка бегаў з кошыкам па грыбы, пасля гэтымі ж знаёмымі пуцявінамі хадзіў на танцы ў суседнія Гарыдзеняты. І вось прыйшоў час, і на адной з тых сцежак побач з Янкінымі крокамі з’явіліся яшчэ адныя – жаночыя. 55 год мінула з той пары, як заручаныя лёсам Іван і Марыя Ахрамовічы прыйшлі пасля вяселля жыць у бацькоўскі дом. Марыя была дзяўчына прыстойная, не разбэшчаная жыццём. Яшчэ ў малечым узросце пры жывым бацьку яна засталася круглай сіратой: маці памерла, тата ажаніўся з другой, а чацвярых дзяцей, сярод якіх Марыя была малодшай, гадавала бабуля. З будучым мужам дзяўчына сустрэлася на танцах. Марыя расказвае, што больш за тры гады дружылі. Ён заўсёды быў уважлівы, тактоўны. Але як складзецца далей іх лёс, дзяўчына не магла прадбачыць. Моцна кахалі адзін аднаго, але акрамя трапяткога пачуцця было яшчэ шмат розных абставінаў, якія ў тыя часы маглі перашкодзіць хлопцу і дзяўчыне быць разам. Калі Іван прыйшоў дадому і аб’явіў бацькам, што збіраецца жаніцца, маці адразу спытался, хто нявеста. Адказ сына яе не задаволіў. Пачала адгаворваць, сватаць іншую. Для свайго сына яна прыгледзела дзяўчыну з Паніжан. Тая, на яе думку, была больш зайздроснай паненкай, бо мела добры пасаг: не так даўно радня з Германіі прывезла ёй цэлую скрыню замежных адрэзаў тканіны. Ды і сям’я ў яе была. А што з Марыі? Круглая сірата. Які ж там мог быць пасаг? Але сын не прыслухаўся да матчынай парады і стаў збірацца ў сваты да Марыі. Прыехалі ў Гарыдзеняты, і сват з боку жаніха стаў дамаўляцца аб умовых вяселля. Першае, з чаго ён пачаў, быў пасаг. Але нявеста не мела ні пярын, ні адрэзаў. І тады ў гутарку ўмяшаўся жаніх. Устаў з-за стала і смела заявіў: “Не трэба мне пасагу! Мне жонка трэба!”. На гэтым спрэчка і была вырашана. Сталі рыхтавацца да вяселля. Сёння Марыя Віктараўна ўспамінае, што нічога свайго не мела. Сукенку пазычыла, вэлюм таксама. Нават пярсцёнкі ў маладых былі не свае. Пасля вяселля шмат гадоў жылі з бацькамі на хутары, а побач – у суседняй Укропенцы, узводзілі сваё жыллё. Са свякроўкай, нягледзячы на непрыемны пачатак, адносіны склаліся нядрэнныя. Марыя, якая нават не памятала сваёй маці, палюбіла яе як родную.
Сёння Марыя і Іван Ахрамовічы з гонарам гавораць пра тое, што атрымліваюць нядрэнную пенсію. У свой час муж і жонка аддана папрацавалі. Жанчына ўсё жыццё прысвяціла калгасу. Як прыйшла ў чатырнаццацігадовым узросце ў гаспадарку, так да пенсіі і працавала. Работу выконвала розную. Больш за 10 гадоў была звеннявой на льне. Цяжка палічыць, колькі за гэты час звязала цюкоў. Яе працай у гаспадарцы былі задаволены. Трапаны лён звязвала так моцна, што кожны яе цюк лічыўся прыкладным. Жанчына старалася, не шкадавала рук. І толькі праз гады адчула, як ад цяжкой працы яны сталі церхнуць і балець. Іван Іванавіч адпрацаваў у родным калгасе таксама нямала – 26 гадоў. А пасля перайшоў у лясгас лесніком. Яго падуладным надзелам сталі 900 га лесу. Як сапраўдны гадаванец сасоннікаў і бярэзнікаў, ён атрымліваў ад сваёй працы моцную асалоду. Лясныя гушчары, хмызнякі і рэдкалессі былі яго стыхіяй. Ён любіў лес вясной і ўлетку, калі яго гадаванцы-дрэвы апраналіся ў зеляніну, любіў восень з яе пурпуровымі дыванамі і стракатымі шатамі. Любіў зіму, снежную і марозную. Нацягаешся ў лесе па высокіх гурбах, і вяртаешся дадому ўпоцемках. Падыходзіш да роднай Укропенкі і бачыш, як высока ўзнімаюцца бялюткія дымы над вясковымі камінамі. І ўяўленне малюе, як трапяткі агонь б’ецца ў пячурцы, як патрэскваюць там сухія дровы. Ад гэтых думак сэрца адразу сагрэецца, і ногі яшчэ шпарчэй панясуць дадому, дзе чакаюць два сыны і завіхаецца ля пліты жоначка. Марыя і Іван Ахрамовічы і сёння жывуць у сваёй хаце ва Укропенцы. 3 верасня гэтага года каляндар іх сумеснага жыцця перайшоў на 56 старонку. Сустрэўшы адзін аднаго ў няпростыя гады і прайшоўшы праз многія выпрабаванні лёсу, яны змаглі сваім жыццём пацвердзіць дадзеныя адзін аднаму абяцанні, апраўдаць надзеі, ажыццявіць мары і на ўласным вопыце адчуць, што з залатых і сярэбраных ніцей ткуць сапраўднае чалавечае шчасце. Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ. Фота аўтара і з сямейнага архіва. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Хутар Чарняты знаходзіўся ў двух кіламетрах ад Укропенкі. У былыя часы тут знаходзіліся тры двары. Хаты і гаспадарчыя пабудовы былі раскіданы на паляне, а з усіх...
|
|