Разам з Карэліцкай дзіцячай бібліятэкай мы запрашаем вам у свет кніжных навінак для хлопчыкаў і дзяўчынак. Наша вандроўка пройдзе праз фермы “Сонечная” і “Каляроўка”, завядзе дарога нас і да казачнага лесу, і да каралеўства Першай Прыгажуні, і ў госці да хлопчыка Янкі, нават – у зачараваную мінскую гімназію.
Беларуская дзіцячая пісьменніца, філолаг па адукацыі Наталля Бучынская ў сваё кнізе запрашае дзетак і бацькоў на “Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або Adeljastar@tut.by”. У кнізе гаворка пойдзе пра незвычайна абаяльную, капрызлівую, далікатную, модную і стылёвую авечку з воўнай рэдкага колеру – белага з блакітным адценнем. Завуць яе Адэля. Яна працуе, вядома ж, авечкай на ферме «Каляроўка». Адэля вельмі любіць гэтую працу, але нястомна шукае сваё найвышэйшае прызначэнне і прагне сапраўднай славы. З гэтай нагоды яна бясконца трапляе ў смешныя і недарэчныя сітуацыі, але з любой з іх знаходзіць неардынарнае выйсце.
Кніжная серыя “Прыгоды на Сонечнай ферме” вядомай балгарскай пісьменніцы Галіны Злацінай – гэта цікавыя, вясёлыя гісторыі, героямі якіх з’яўляюцца парсючок Балёнік, кацяня Цімох, шчаня Баніфацый ды іншыя сімпатычныя жыхары казачнай фермы, якой кіруе мэр – певень Залатое Пяро. Што б ні здарылася, яны заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу адзін аднаму. Цікавае і само афармленне выданняў, усе кнігі – фігурныя, і абрысамі нагадваюць галоўных персанажаў.
Кніга “У бары жывуць сябры”, што складаецца з казкі і апавяданняў, лаўрэата Літаратурнай прэміі ды нашага зямляка, ураджэнца вёскі Пагарэлка, Міколы Бусько запрашае дзетак пацікавіцца, як складваюцца справы ў нашых меншых сяброў – жывёл і птушак – у запаветных мясцінах Беларусі. Хлопчыкі і дзяўчынкі трапляюць у свет прыроды роднага краю: маляўнічай, бездакорнай, разнастайнай. Праз пазнанне навакольнага свету яны вучацца сябраваць з жыхарамі лесу і беражліва адносіцца да ўсяго навокал.
І дзеткі, і дарослыя знойдуць сваю любімую гісторыю і персанажа ў кнізе казак “Першая Прыгажуня” Алены Масла. Справа ў тым, што праз свет чароўнага ў аповядах беларускай пісьменніцы бачныя рысы нашага з вамі сучаснага жыцця. Нездарма, нават серыя выдавецтва так і названа “Казкі XXI стагоддзя”. На старонках кнігі вас чакаюць сустрэчы са злымі чараўнікамі і высакароднымі рыцарамі, а яшчэ з самотным Вадзянікам, мудрай Савой, кветкай альясу, якая пераехала ў горад, і нават с зорачкамі на небасхіле. І, вядома, вы спаткаеце саму Першую Прыгажуню.
Аповесць “Гімназія № 13”, якую напісалі беларускія пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак, займае знакавае месца ў дзіцячай літаратуры новага часу. Першае выданне твору ў суседняй Расіі адбылося ў 2010 годзе, мела вялікі поспех у чытачоў-падлеткаў і было адзначана шэрагам літаратурных узнагарод. Дзеянне аповесці адбываецца ў зачараванай мінскай гімназіі, дзе час спыніўся, а дапамогі чакаць няма адкуль. Таму некалькім вучням прыходзіцца стаць супергероямі, каб выратаваць усіх. Твор цікавы тым, што сучасны па тэматыцы, і адначасова змяшчае шмат захапляльных звестак адносна беларускага фальклору. Вас чакаюць незабыўныя фантастычныя прыгоды і захапляльнае падарожжа ў чароўны свет міфаў і легенд. Наш адказ хобітам, школе Авалон ды Гары Потэрам.
Навагрудскі пісьменнік ды музыка Міхась Зізюк у кнізе “Янка, Шмурдзік, Бухматка і іншыя” запрашае вас даведацца, чаму малако ў каровы белае і адкуль бярэцца хлеб, як жывуць пчолы і, нават, як патрапіць на Кудыкіну гору? Хлопчык Янка разам з катом Шмурдзікам знойдуць нясумныя адказы на гэтыя і іншыя дзіцячыя пытанні, а прыгожая беларуская мова прыйдзецца да спадобы ў кожнай сям’і.
А вось якімі цікавымі гісторыямі пра кнігу падзяліўся з газетай “Полымя” сам Міхась Зізюк:
“Стварэнню кнігі «Янка. Шмурдзік. Бухматка ды іншыя» паспрыяў мой знаёмы пасечнік Валерый Прахарэня, які папрасіў напісаць невялікую казку для ўнука роднай сястры. Ён прынёс невялічкі накід з гісторыяй пра рэальнага ката Шмурдзіка. Я напісаў адну главу, пасля другую. І так пайшла казка. Героі пачалі ажываць, шукаць новыя мясціны, з’явіліся іншыя гісторыі. І мне захацелася каб дзеці адчулі, што з прыродаю трэба сябраваць і як важна любіць усё жывое. Я, безумоўна, шукаў нейкія факты. Так, напрыклад, сам упершыню даведаўся, чаму малако белае. Кніга напісалася за некалькі месяцаў. Выдавалася, праўда, доўга – больш як паўгода. А прэзентацыю праводзілі як у маім родным Навагрудку, так і ў іншых гарадах Беларусі. Як мне падаецца, кніга павінна навучыць дзяцей, у першую чаргу, дабрыні. Быць добрым – значыць любіць усё жывое навокал, аберагаць яго, мець пачуццё справядлівасці. І яшчэ важна – умець сябраваць. Калі ты маеш надзейных сяброў, то ты шчаслівы чалавек. А ўсім маленькім чытачам я жадаю любіць кнігу. Добрая кніга заўсёды дапаможа ў самай складанай сітуацыі, навучыць толькі лепшаму. Чытайце болей і з задавальненнем!”
Марына КАЗЛОВІЧ (сумесна з ДУК “Карэліцкая раённая бібліятэка)