Уладзімір Васільевіч Кіпко-Кулага – начальнік упраўлення якасцю Давыд-Гарадоцкага электрамеханічнага завода, якому аддаў больш за тры дзясяткі гадоў. І нават у самыя цяжкія часы, калі пасля развалу СССР завод перажываў складаны перыяд, Уладзімір Васільевіч не пакінуў яго. Бо гэта – як твая сям’я, дзе кожны табе блізкі.
Але самае цікавае, што да «жалеза» мужчына спачатку ставіўся абыякава. Спрабаваў паступаць у Ленінградскі санітарна-гігіенічны інстытут, але не хапіла аднаго бала. Потым хацеў стаць ваенным. Але, мабыць, жыццё само накіроўвала яго ў правільны бок. І цяпер Уладзімір Васільевіч – прафесіянал з вялікай літары, якога цэняць за яго бліскучыя ідэі, якія не аднойчы дапамагалі паляпшаць справы на прадпрыемстве.
Праўда, пачыналася прафесіная дзейнасць не так гладка. Уладзімір зусім юнаком прыйшоў на завод пасля заканчэння Мінскага машына-будаўнічага тэхнікума і стаў працаваць майстрам механічнага цэха. Гэта быў 1986 год, ДГЭМЗ з’яўляўся самым буйным прадпрыемствам у раёне. Дастойныя зарплаты рабілі яго жаданым месцам работы для многіх. Таму тыя, хто меў спецыяльнасць, былі ў прыярытэце. Малады майстар адразу праявіў сваю кампетэнтнасць, але больш вопытныя калегі не надта давяралі складаныя заданні, маўляў, а раптам не справішся. Уладзіміра гэта зусім не бянтэжыла і ён пачаў на справе даказваць сваё майстэрства і ўменне. Праз некаторы час стаў намеснікам начальніка цэха па вытворчасці, потым узначаліў яго, два гады адпрацаваў начальнікам змены. Некаторы час замяшчаў начальніка цэха па тэхнічнай частцы і вось зараз адказвае за якасць.
Разам з мужам прыйшла на завод пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута імя Кірава і жонка Ганна. Працавала лабарантам, зараз з’яўляецца інжынерам-тэхнолагам. На да-дзены момант знаходзіцца ў водпуску. Завіхаецца на ўчастку каля дома. Гэта сямейнае хобі. Дзеці выраслі, паехалі з бацькоўскага дома. Кацярына – настаўніца англійскай мовы ў Брэсце, Аляксандр – таксама настаўнік: выкладае фізічную культуру ў сярэдняй школе № 1 Давыд-Гарадка.
А вось у Мікалая Аляксандравіча Савіча — майстра ўчастка № 01-12 – на заводзе працуюць і жонка Ірына, і сын Аляксандр, і дачка Аксана з зяцем Сяргеем. Вось такі сямейны падрад! Галава сямейства прыйшоў сюды ў пачатку 80-х гадоў, калі завод яшчэ быў філіялам БЭМЗ і знаходзіўся ў старым памяшканні. Тады было два цэхі: механічны і мантажна-зборачны. На яго прафесійным шляху змяніўся не адзін кіраўнік, але Мікалай Аляксандравіч застаецца верным сваёй справе. І верны заводу.
Пётр Андрэевіч Сыса таксама з той плеяды работнікаў, якія прыйшлі ў 80-х гадах. Успамінае, як змагаліся за першыя месцы ў рэспубліканскіх сацыялістычных спабрніцтвах. І неаднаразова станавіліся пераможцамі. Калектыў быў адзіным арганізмам, таму калі што адбывалася ў сям’і аднаго – ведалі ўсе.
У час візіту работа ішла на некалькіх участках. На адным з іх за сучасным абсталяваннем працуе Алена Іванаўна Абразоўская. Увогуле, кожны, хто працуе тут, – чалавек, улюбёны ў сваю справу.
Як успамінае Уладзімір Васільевіч, раней, калі скажаш, што працуеш на электрамеханічным заводзе, на цябе глядзяць з павагай. Час змяніўся, зараз многае робіцца з дапамогай камп’ютара.
— Усе нашы работнікі – а гэта 342 чалавекі – людзі на сто працэнтаў адданыя сваёй справе. Дзясяткі гадоў яны з намі. Таму хачу ад імя прафкама павіншаваць усіх са святам машынабудаўніка, якое лічыцца нашым прафесійным. І пажадаць, каб у сем’ях заўсёды жыла радасць, – зычыць Уладзімір Кіпко-Кулага.
Ганна Мельнік
Фота аўтара