Галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Пінчук паведаміў, што з пасеяных сёлета 160 гектараў кукурузы 150 убралі на сілас , а астатнія 10 – на зерне. Ураджайнасць зялёнай масы выйшла каля 400 цэнтнераў з гектара, а кукурузнага зерня – 80 цэнтнераў. І гэта на землях з банітэтам ворыва ўсяго каля 25 балаў.
Не хаваў задавальнення вырашчаным ураджаем кукурузы і кіраўнік падсобнай сельскай гаспадаркі Уладзімір Пулькач.
– На вялікі жаль, з-за неспрыяльных умоў надвор’я мы не змаглі, як планавалі, атрымаць звыш 3,5 тысячы тон валавога намалоту збожжа – намалацілі менш дзвюх тысяч тон, – панаракаў Уладзімір Іванавіч. – Хаця задзел быў зроблены на ўраджайнасць не менш чым 32 цэнтнеры з гектара, фактычна выйшла ўсяго толькі 24,6 цэнтнера. Таму што нашы пясчаныя палеткі сёлета моцна падсушыла. А вось кукурузе, наадварот, надвор’е паспрыяла. Між іншым, пры вырошчванні гэтай культуры мы стараемся строга выконваць усе тэхналагічныя патрабаванні: пад яе ўносім, па сутнасці, усю арганіку – па 60-80 тон на гектар, неабходныя дозы мінеральных тукаў, праводзім хімпраполкі і іншыя мерапрыемствы па ахове раслін ад хвароб і шкоднікаў. Таму нарыхтавалі кукурузнага сіласу 5350 тон пры плане 4500. Дзякуючы гэтаму нам удалося з ліхвой перакрыць 600 тон недабранага да плана сенажу, і цяпер маецца на галаву буйной рагатай жывёлы больш чым па 9 тон травяністых кармоў, або па 34 цэнтнеры кармавых адзінак.
Як адзначыў кіраўнік падсобнай гаспадаркі, з запасамі кармоў падчас зімоўкі жывёлы праблем не павінна быць. Як і з іх якасцю: сёлета сваімі сіламі ўзведзена і запоўнена здробненай зялёнай масай 5 новых сянажна-сіласных траншэй. Сярэдняя ўмяшчальнасць кожнай траншэі невялікая – 1100-1200 тон, таму была рэальная магчымасць запаўняць іх сіласнай масай вільготнасцю 35 працэнтаў за два дні.
На зерне сёлета, як і летась, пакінулі толькі 10 гектараў кукурузы, таму што такой колькасці кукурузнага зерня дастаткова для прыгатавання маладняку буйной рагатай жывёлы ва ўзросце да двух месяцаў
мюсляў.
Паводле слоў Уладзіміра Пулькача, жывёлаводы гаспадаркі сёлета павінны былі па ўдою малака ад каровы пераўзысці шасцітысячны рубеж. І з самага пачатку года прыбаўлялі ў надоях да мінулагодніх паказчыкаў. Аднак па прычыне выяўлення рэакцыі на туберкулёз больш чым у сотні кароў іх давялося выбракаваць і здаць на мясакамбінат. Зменшанае пагалоўе дойнага статка было адноўлена на працягу паўтара месяца, але выбракоўка найбольш прадуктыўных кароў налажыла адмоўны адбітак на ўдоі малака ад каровы, а гэта значыць, і на валавую вытворчасць і рэалізацыю гэтага віду прадукцыі. А паколькі давялося здаць на мясакамбінат каля паўсотні цельных кароў, то зменшыўся ў параўнанні з леташнім і выхад маладняку. Аднак, па папярэдніх разліках спецыялістаў, па ўдою малака на карову жывёлаводы гаспадаркі павінны выйсці на ўзровень мінулага года і надаіць не менш чым па 5890 кілаграмаў.
Як паведаміў кіраўнік, па прычыне выхаду са строю рухавіка адзінага ў гаспадарцы энерганасычанага трактара ўзнікла праблема з завяршэннем у аптымальныя тэрміны сяўбы азімых збожжавых культур, якія запланавалі пасеяць на плошчы 713 гектараў. Добра, што выручыла кіраўніцтва ААТ “Барысаўская Аграпрамтэхніка” – на час рамонту сапсаванага рухавіка прыслала на дапамогу гаспадарцы свой энерганасычаны трактар “МТЗ-3022”. За гэта Уладзімір Пулькач папрасіў праз газету выказаць шчырыя словы ўдзячнасці кіраўніку Аграпрамтэхнікі Аляксею Клімковічу.
А вось азімы рапс сёлета ў Чарневічах не сеялі, паколькі на тамтэйшых пясках ён не дае чакаемага эфекту: сярэдняя ўраджайнасць за апошнія пяць гадоў склала ўсяго каля 7 цэнтнераў з гектара. Таму замест рапсу пасеялі 80 гектараў азімай свірэпіцы па рапсавай тэхналогіі, заправіўшы палеткі неабходнай колькасцю мінеральных угнаенняў. Свірэпіцу, дарэчы, тут сеюць ужо трэці год і ў перспектыве збіраюцца пашырыць плошчу пад гэту культуру, паколькі ад рэалізацыі насення можна атрымліваць нядрэння прыбытак.