Жительница Кореличского района Надежда Крень награждена орденом Матери. 21.by

Жительница Кореличского района Надежда Крень награждена орденом Матери

15.10.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сэрца маці – невычэрпная крыніца цудаў для дзетак. Кожнае імгненне свайго жыцця яна аддае сям’і. Гэта сапраўдны подзвіг, які варты самых высокіх узнагарод. Таму кожны год напачатку кастрычніка сотні жанчын у нашай краіне ўдастойваюцца ордэна Маці. Сёлета яго ўручаць 621 беларусцы. Сярод іх і жыхарка Карэліччыны Надзея Крэнь – маці пецярых дзетак з Возерскага.


– Такая высокая ўзнагарода стала для мяне нечаканасцю, — дзеліцца Надзея. – Атрымаць ордэн Маці – вялікі гонар і адказнасць. І ўсё ж галоўнай узнагародай лічу шчаслівыя ўсмешкі сваіх дзетак.

А сыночкі і дачушкі ў сям’і Крэнь, сапраўды, свецяцца радасцю. Бачна, што дзетак вельмі любяць і аб іх клапоцяцца, кожнаму хапае ўвагі і пяшчоты.


Хаця, прызнаецца 34-гадовая Надзея, ніколі не планавала, што яе сямейнае жыццё будзе такім насычаным і звязаным з нашым краем. Жанчына нарадзілася і вырасла ў Мінску, там працавала, нарадзіла сына Уладзіслава. Але аднойчы, у чарговы раз прыехаўшы у госці да бабулі ў Сімакава, сустрэла будучага мужа Сяргея, пакінула сталіцу і пераехала ў вёску Возерскае. Яны абодва аказаліся са шматдзетных сем’яў. Таму калі на свет з’явілася Ірына, потым – Таня і Андрэй і, нарэшце, Ксенія, маладыя бацькі былі гатовыя да такой адказнасці.



– Боская міласць, што наша сям’я такая вялікая, — усміхаецца Надзея. – Цяпер для нас з мужам галоўнае — знайсці сілы і падняць дзетак, каб годна выправіць іх у самастойнае жыццё. А калі лёс зноў пашле нам папаўненне, то будзем радыя і такому павароту сямейнага лёсу. Дзе пяцёра, будзе і шасцёра, а то і больш. Важна, каб была любоў!

Надзея з Сяргеем на ўсё глядзяць аптымістычна. Аналагічнаму стаўленню да жыцця вучаць і дзетак. Нядзіўна, што сыны і дачушкі такія актыўныя і таленавітыя. Старэйшы сын Уладзіслаў вучыцца ў восьмым класе Мірскай школы і паспяхова сумяшчае спорт і навуку: адначасова дэманструе адметныя поспехі ў футболе і матэматыцы. Яшчэ хлапец захапляецца інтэлектуальнай гульнёй “Белая рысь” (накшталт “Што? Дзе? Калі?”). Шасцігадовая Ірынка сёлета толькі пайшла ў школу, але ўжо сама піша песні і заўжды знаходзіць час дапамагчы матулі ў хатніх справах. Таццянцы – чатыры годзікі, дзяўчынка выяўляе прыхільнасць да паэзіі і з задавальненнем вучыць вершыкі на памяць. Трохгадовы Андрэйка – маленькі памочнік таты. А самай маленькай Ксюшы толькі адзін годзік, але дзяўчынка ўжо трымаецца на людзях паважна і сур’ёзна.




– Так, усе нашы дзеткі – розныя, у кожнага свой характар і інтарэсы. Таму патрэбна з паразуменнем і індывідуальна падыходзіць да іх выхавання, – дзеліцца бацькоўскім вопытам Надзея. — Не мае сэнсу патрабаваць ад дзяцей больш, чым яны могуць зрабіць. Таму я ніколі не стаўлю ні ім, ні мужу, ні сабе невыканальных задач. Дазваляю жыццю ісці сваім ладам і спакойна, каб усім было дома ўтульна і радасна. Мы вельмі любім праводзіць час разам: ходзім у лес, ездзім на атракцыёны ў Мінск, спяваем песні, чытаем кніжкі. Можна штосьці не выканаць з запланаваных на дзень хатніх спраў, але абавязкова знайсці час пагаварыць, выслухаць, дапамагчы блізкім.


На гэтых словах Ірынка падбягае да Надзеі, каб “абняць і даць буську”, і важна зазначае, што матуля ў іх самая лепшая і прыгожая. Андрэйка тут жа нясецца ўслед за сястрычкай і прытуляецца да жанчыны са словамі “мая любімая”.

– Вось такая цудоўная праца маці, – з пяшчотай глядзіць на маленькіх анёлаў Надзея. – Хай яна нялёгкая, затое дорыць такія шчырыя і светлыя моманты!

– Абсалютна згодны з жонкай, — далучаецца да размовы муж Сяргей. – Яна ў мяне мудрая і самая любімая. Ганаруся, шаную і імкнуся ва ўсім дапамагаць!

– Сапраўды так! Сяргей – мая апора, – падкрэслівае Надзея. – Калі па месяцу ляжу з малымі ў бальніцы, смела пакідаю дзяцей, дом і хатнюю гаспадарку на мужа. Ён усё ўмее!

– Абавязкова запішыце, мой тата – самы добры і прыгожы! Ён мяне чаруе! – падыходзіць да нас Ірынка. – А яшчэ хопіць гаварыць, давайце лепш пойдзем усе на вуліцу гуляць!


Так і робім. Пакуль хлопчыкі і дзяўчынкі забаўляюцца на дзіцячай пляцоўцы, а муж наглядае за імі, у Надзеі выдаецца рэдкая вольная хвілінка.





– У маці свайго асабістага часу амаль няма. Нават калі дзеці ў садку альбо школе, мае думкі заўжды з імі. Але іншага жыцця я не хачу! Таму, мілыя жанчыны, ад усяго сэрца жадаю вам спазнаць мацярынскае шчасце, з усмешкай глядзець у твар любым выпрабаванням, любіць і быць любімымі ды ісці па жыцці з высока паднятай галавой!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сэрца маці – невычэрпная крыніца цудаў для дзетак. Кожнае імгненне свайго жыцця яна аддае сям’і. Гэта сапраўдны подзвіг, які варты
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика