Беларусы ў дождж чыталі вершы ў Курапатах: "Хачу ведаць, дзе пахаваны прадзед, помсціць не збіраюся"
30.10.2018 12:30
—
Новости Общества
|
«У каляндары толькі дні, але ў беларускім календары ёсць і ноч — ноч растраляных паэтаў», — сказаў гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў учора вечарам ва ўрочышчы Курапаты. Нягледзячы на дождж і вецер, на ўскрайку Мінска сабраліся больш за сто чалавек — людзі чыталі і слухалі вершы беларускіх літаратараў, якіх расстралялі ў такую ж ноч — з 29 на 30 кастрычніка. 1937 года. TUT.BY спытаў беларусаў, чаму асабіста яны прыйшлі гэтым восеньскім вечарам на месца жалобы. Ноч памяці каля перахода— Паненкі, хавайцеся ад дажджу ў пераход, — звяртаецца да дзяўчын адзін з арганізатараў жалобнага мерапрыемства ў Курапатах Зміцер Дашкевіч. Але ўсе ў пераходзе ўжо даўно не памяшчаюцца — большасць стаіць пад адкрытым небам. Ноч растраляных паэтаў ў гэтым годзе зладзілі менавіта тут, на пляцоўцы каля падземнага перахода пад МКАД, з боку урочышча Курапаты. На узгорку, где звычайна адбываюцца жалобныя мерапрыемствы, пакуль не збярэшся — улады рыхтуюцца ўсталяваць там помнік. Добра, што ёсць хаця б такі дах — арганізатары здолелi прыхаваць ад дажджу калонкі, таму гук добры. Жалобныя чытанні ў Курапатах прысвечаны падзеям 1937 года — тады, уночы з 29 на 30 кастрычніка, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД Беларускія культурныя дзеячы 29 кастрычніка 2018 года пачалі чытаць творы растраляных паэтаў і пісьменнікаў, а восьмай гадзіне вечара, а скончылі праз некалькі гадзін. Алег Трусаў, ганаровы старшыня «Таварыства беларускай мовы», трымае ў руках кніжку з вершамі рэпрэсаванага паэта Юлія Таўбіна — іх будзе сёння чытаць. Трусаў прыгадвае, што ў 1990-х — пачатку 2000-х вадзіў у Курапаты «натоўпы людзей». — Я самы курапатскі дэпутат з усіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета XII склікання, бо мая акруга — вуліца Мірашнічэнкі. А вадзілі мы людзей у Курапаты ад Чырвонага касцёла. Пакуль я быў малады і здаровы, то быў наперадзе. — І што казалі людзі з тых натоўпаў, чаму хадзілі сюды? — Што ходзяць, каб людзі не забылі іх продкаў - забітых, пахаваных тут. У сям'і Алега Трусава ёсць свой рэпрэсаваны. — Гэта быў камуніст, матрос, другі муж маёй бабулі, які ствараў калгас разам з ёй. Яго, беларуса, паставілі начальнікам на Далёкім Усходзе, недзе пад Хабараўскам. Потым яго за добрую службу там і растралялі. Яму было каля трыццаці год, — распавядае асабістую гісторыю ганаровы кіраўнік ТБМ. Мінчукі: «Узялі з сабой сына, каб ведаў гісторыю»Зміцер Дашкевіч зачытвае з ліста імёны беларускіх літаратараў, якіх рэпрэсавалі ў сталінскія часы. Забівалі не толькі ў 1937-м, таму даты смерці розныя — хтосьці быў закатаваны яшчэ ў 1920-я, хтосьці - ў 1940-я. Пасля кожнага імені арганізатары б’юць у звон, які знаходзіцца тут жа. Сярод удзельнікаў памятнага вечара ёсць дзеці. Юры і Таццяна прывялі на Курапаты сына Міраслава. Хлопчык пытацца, што адбылося з людзьмі, пра каторых усе гавораць. Бацькі тлумачаць. — Узялі з сабой, каб ведаў гісторыю, ведаў, што было, — распавядаюць яны журналісту TUT.BY. Сярод продкаў гэтай сям'і рэпрэсаваных не было. — Але ёсць-няма… Калі людзей забіваюць і кідаюць у ямы, як смецце — кранае вельмі моцна гэта. Растрэлы, забойствы — гэта недапушчальная падзея. Такое ні забываць ні дараваць нельга, — тлумачыць Юрый. Філолаг у адстаўцы — так называе сябе яшчэ адзін прысутны, Сяргей Скурат. Зараз мужчына літаратурай не займаецца, а калісьці яе выкладаў у Ліцэі пры БДУ. У Курапатах бывае не менш чым раз на год. У мінулым годзе ўдзельнічаў у варце супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру. — Збольшага я ведаю творчасць забітых людзей. Ведаю, як скончыўся іх лёс і лёс нашага нармальнага літаратурнага культурнага працэса. Для мяне прыйсці сюды на Дзяды — гэта павага да іх. Трэба прыходзіць сюды і таму, што не адбылося сапраўднага пакаяння перад гэтымі людзьмі, дык хаця б такім чынам мы адплачваем свой доўг, — распавядае Сяргей Скурат. Культуролаг Юлія Чарняўская стаіць пад дажджом з непакрытай галавой, але супакойвае, што не змерзла. Яна толькі што прачытала вершы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Уладзіміра Жылкі і Мойшы Кульбака. Культуролаг распавядае, што яе ў Курапаты прывяло балючае пытанне. — У маёй сям'і шмат хто загінуў на вайне, але ўсе пазбеглі рэпрэсіяў. Але ў мяне ёсць балючая кропка ў жыцці. Яшчэ ў маім савецкім дзяцінстве і юнацтве я не разумела, чаму тое, што адбывалася, старана скрываюць. Чаму літаратура гэтая забароненая? Бо ж, здаецца, быў даклад Хрушчова (пра культ асобы Сталіна. — Заўв. TUT.BY), ўсё было. Чаму Сталін ізноў з’явіўся ў кіно — і ён такі мудры, такі прыгожы? І калі пачалася перастройка, было такое адчуванне: нарэшце, нарэшце сказалі! А цяпер я бачу, што Праўнук рэпрэсаванага: «Хачу ведаць, дзе пахаваны прадзед»Людзі слухаюць вершы і трымаюць свечкі. Сярод іх Зміцер Завадскі, прадпрымальнік з Мінска. Ён распавядае, што недзе, а можа быць, нават на Курапатах, пахаваны яго прадзед. — Я адчуваю моцную лучнасць з людзьмі, якія тут. Мне вельмі блізкая беларуская культура і той моцны ўдар, які быў зроблены нашай інтэлігэнцыі ў гэтую ноч, — ўсё вельмі балюча ўелася ў сэрца. Прадзеда звалі Ціхан Сызнавец. Па звестках спецслужбаў, ён быў рэпрэсаваны і быццам бы памёр у ссылцы. Але ці праўда гэта — сям’я рэпрэсаванага не ведае. Зміцер Завадскі распавядае, што асабіста ў апошнія гады не рабіў запытаў у КДБ наконт лесу продка. — Апошні раз нашая сям’я рабіла такі запыт, а пачатку 1990-х, але тады нам сказалі толькі імёны людзей, па віне якіх прадзеда арыштавалі. Але ж гэтая інфармацыя для нас не вельмі важная, бо мы не жадаем помсты. Разам з тым мы хацелі б ведаць усе абставіны яго смерці і хацелі б, каб усе гэтыя рэпрэсіі былі асуджаны, у тым ліку нашай дзяржавай. Артыстка Наста Шпакоўская спела ў Курапатах некалькі песень, у тым ліку на вершы рэпрэсаваных пісьменнікаў. На пытанне, як яно пяецца — ў холадзе, Наста ўсміхаецца. — Добра. Адзеліся і пайшлі. Мы ўжо выступалі ў мінулым годзе на курапатскай варце і тады было халадней. Педагог, пісьменніца і блогер Ганна Севярынец распавядае, што літаратараў, якія, магчыма, ляжаць у Курапатах, лічыць роднымі людзьмі. Яна чытае ў Ноч растраляных паэтаў творы Міхася Чарота, Алеся Дудара, Уладзіміра Дубоўкі. — Яны адкрываюць для мяне Беларусь, літаратуру. Як я хаджу на магілы да сваёй бабулі - так прыйшла сёння для іх. Рэпрэсаваныя былі і ў маёй сям'і былі. Прабабулю з трыма дзецьмі, сярод якіх была і мая бабуля, вывезлі ў Сібір як жонку ворага народа. Гэта было ў 1941 годзе, калі высялялі з заходніх зямель так званых палякаў. Толькі праз дзесяць год яна атрымала магчымасць вярнуцца. Напрыканцы размовы да Севярынец падыходзіць сябра з сацсеткі: — Ну нарэшце развіртуалізаваліся, Ганна! Прыемна пабачыцца! Уладзімір Арлоў: «Людзей стала больш»Пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў стаіць пад парасонам. Удзень 29 кастрычніка ён паспеў пабываць на Заходніх могілках — там усталявалі помнік Леаніду Маракову, вядомаму даследчыку рэпрэсій, які нядаўна памёр. Грошы збірала ўдзячная грамадзкасць. — Ён адзін працаваў як інстытут памяці, вярнуў больш за 20 тысяч імёнаў нашай гісторыі. А натхніў Леаніда на гэты подвіг яго дзядзька, Валер Маракоў, якога растралялі гэтай ноччу, 29 кастрычніка, у 1937 годзе. Я прачытаў сёння верш Валерыя Маракова — «Заяц», у якім бачна, што чалавек прадчуваў сваю смерць, — распавядае пісьменнік. Уладзімір Арлоў адзін з тых, хто выступаў ў Курапатах на самых першых агульнанацыянальных Дзядах — 29 кастрычніка 1988 года. Ён прыгадвае жорсткі разгон, які адбыўся тады на ўскрайку сталіцы. — Дзясяткі тысяч людзей сабраліся з Мінска, прыехалі з розных куткоў Беларусі, але нас сустрэлі аўтазакі, дубінкі, слезацечны газ. Некалькім тысячам удалося вырвацца адтуль, з атачэння і мы рушылі ў бок Курапатаў і правялі свой мітынг у полі. Тады, 29 кастрычніка 1988 года, пачыналася нашая найноўшая гісторыя, — распавядае Ўладзімір Арлоў. — Тады ўпершыню ў Курапатах быў узняты бел-чырвона-белы сцяг, які стаў выклікам для войскаў. Пачулася каманда «Рассякай!», і нас пачалі малаціць. Але мы вярталіся іншымі з таго мітынгу. Журналісты тады часта пісалі словы, што ў Курапаты ішло насельніцтва, а вяртаўся — народ. Гэта, канешне, была мастацкая гіпербала, перабольшванне, бо яшчэ дагэтуль мы не прайшлі свайго шляху да народа. Уладзімір Арлоў чытаў вершы ў Курапатах і ў 2017. Ён адглядае людзей, якія прыйшлі ў гэтым годзе. — Людзей стала больш. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусы ў дождж чыталі вершы ў Курапатах: "Хачу ведаць, дзе пахаваны прадзед, помсціць не збіраюся" Нягледзячы на доджд і вецер, на ўскрайку Мінска сабраліся больш за сто чалавек - людзі чыталі і слухалі вершы беларускіх літаратараў, якіх растралялі ў такую ж ноч,... |
|