«Я жыву сваімі дзецьмі». 21.by

«Я жыву сваімі дзецьмі»

16.11.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ганна Пятроўна з дачкой Аляксандрай
Збіраючыся на ўручэнне ордэна Маці, Ганна Пятроўна Раманоўская з Давыд-Гарадка хвалявалася. Доўга не магла вырашыць, якую сукенку апрануць і што будзе гаварыць. Дапамагла старэйшая дачка Аляксандра.

Сям’я Раманоўскіх стварылася 18 гадоў таму. Ганна родам з журавінавай сталіцы раёна – Альман. У Давыд-Гарадок трапіла на работу. Пасля заканчэння Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа працавала прадаўцом у адным з магазінаў і кватаравала ў суседкі дваюраднай сястры будучага мужа. Аднойчы яе запрасілі на сумесныя пасядзелкі з нагоды заручын, дзе аказаўся і Юрый – высокі рыжавалосы хлопец. Каханне з першага погляду. У хуткім часе згулялі вяселле. Жылі ў бацькоў Юрыя, дзе нарадзілася старэйшая дачка Аляксандра, а праз некалькі гадоў сын Дзмітрый. Ганна доўга не сядзела ў дэкрэтным водпуску і працавала ў магазіне № 11 Давыд-Гарадоцкага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства. Да таго ж маладая маці сумяшчала сямейнае жыццё з вучобай і завочна скончыла Мінскі гандлёвы каледж. Калі нарадзілася Настасся, сям’я пераехала ў свой дом, які знаходзіцца на той жа вуліцы.

Бацькі рабілі ўсё для дабрабыту, многа працавалі, трымалі гаспадарку. Дзяцей дапамагала гадаваць свякроў Марыя Фёдараўна – дабрэйшай душы чалавек. А праз чатыры з паловай гады нарадзіўся другі сыночак – Рома. Такі рыжавалосы, як бацька і старэйшы брат. Але тут сям’ю чакала выпрабаванне. Да двух гадоў хлопчык амаль не размаўляў. Потым маці пачала заўважаць, што ён трымаецца асобна ад дзяцей і быццам знаходзіцца ў сваім свеце.

– Спачатку я думала, што гэта пройдзе, – успамінае Ганна. – Усе дзеці розныя, і кожны развіваецца па-свойму. Праўда, маё сэрца было неспакойнае. Аднойчы я прачытала ў раённай газеце матэрыял пра дзіцячы аўтызм і мяне быццам паралізавала: гэта вельмі падобна на тое, што адбываецца з маім сынам. Здагадкі пацвердзіліся, калі мы пачалі афармляць даведку для дзіцячага садка.

Я доўга не хацела верыць, што маё дзіця не такое, як усе. Я нікому нічога не расказвала, знаходзілася ў роспачы. Узяць сябе ў рукі мяне прымусілі… вочы майго сына. Зразумела – жыццё працягваецца. Я размаўляла з мамамі, у якіх ёсць дзеці з такім жа дыягназам, многа чытала, раілася з урачамі. І пачала дзейнічаць. Дзякуючы своечасовай пастаноўцы дыягназу зараз Рома амаль не адрозніваецца ад сваіх равеснікаў. Умее чытаць і ходзіць у агульную групу ў дзіцячым садку. Ведае многа слоў на англійскай мове і добра разбіраецца ў камп’ютары. Два разы на тыдзень Ганна возіць сына ў карэкцыйна-развіваючы цэнтр у Столін і гэта таксама дае свае вынікі.

– Безумоўна, можна апусціць рукі і скардзіцца на ўвесь белы свет, маўляў, за што і чаго? Але хіба гэта выйсце? Мой сын – гэта падарунак ад Бога, бо дзякуючы яму я на многія рэчы гляджу па-іншаму.

Калі даведалася, што цяжарная пятым дзіцяткам, Ганна спачатку разгубілася: як яна паспее ўсё? Гэтыя сумненні зніклі, калі нарадзіўся Андрэйка. Зараз яму адзін год і сем месяцаў і ён штодзень дорыць радасць.

– Мы з мужам – самыя шчаслівыя, бо маем самы дарагі скарб – дзяцей. Я жыву імі. Заўсёды ў курсе ўсіх спраў. Мая задача – навучыць дзяцей быць самастойнымі, здольнымі прымаць рашэнні. Разам з тым яны павінны ведаць, што заўсёды могуць спадзявацца на нас.  Канешне, клопату хапае. Дзеці растуць, сталеюць, кожны свой характар мае. Але ці не ў гэтым заключаецца сэнс жыцця?

З Аляксандрай чытачы знаёмыя, паколькі на старонках газеты пісалі пра яе, як пра таленавітую мастачку. Яе работы займаюць прызавыя месцы на раённых і рэспубліканскіх конкурсах. У мінулым годзе яе малюнак на міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе выяўленчага мастацтва “Красавік”  увайшоў у дзясятку лепшых сярод двухсот работ, дасланых не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Славеніі і іншых краін. Зараз дзяўчына вучыцца ў 11 класе сярэдняй школы № 2 і з’яўляецца прэтэндэнткай на залаты медаль. Не хоча развітвацца са сваім любімым заняткам і  плануе звязаць сваё жыццё з мастацтвам ці архітэктурай.

Дзмітрый таксама закончыў мінулы навучальны год на выдатна. Лёгка даецца англійская мова, цікавіцца гісторыяй. Займаец-ца ў секцыі па дзюдо і неаднаразова станавіўся прызёрам на спаборніцтвах. А яшчэ хлопчык, пакуль бацька на заробках, адказвае за гаспадарку.

Выдатніцай з’яўляецца і Настасся, якая вучыцца ў чацвёртым класе. Дзяўчынка таксама займаецца маляваннем, наведвае Давыд-Гарадоцкую дзіцячую школу мастацтваў. Запісалася ў балетны клас, які не так даўно адчыніўся пры Доме культуры. Нават маці здзіўляецца запалу дзяўчынкі, якая паспявае ўсюды. Насця да таго ж  – галоўная над меншымі братамі, з якімі ладзіць розныя гульні.

У канцы лістапада сям’ю Раманоўскіх чакае прыемная падзея. Яны, нарэшце, атрымалі трохпакаёвую кватэру ў райцэнтры па вуліцы Чкалава. Як прызнаецца мнагадзетная маці, да гэтага давялося доўга ісці, таму радасць вялікая.

Значыць, будзе нагода сабрацца за сталом усёй дружнай сям’ёй, якой зычым дабрабыту і здзяйснення ўсіх жаданняў.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Збіраючыся на ўручэнне ордэна Маці, Ганна Пятроўна Раманоўская з Давыд-Гарадка хвалявалася. Доўга не магла вырашыць, якую сукенку апрануць і што
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика