Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Божае Нараджэнне – гэта заўсёды цуд! Цуд нараджэння новага жыцця. Цуд уцелаўлення Божага Сына. Цуд сыходжання Бога на зямлю.
У адрозненне ад Новага года, сімволіка якога прасякнута міфамі, байкамі ці проста выдумкамі, Божае Нараджэнне не мае ні кропелькі фальшу. Усемагутны Бог, які ёсць абсалютнай ісцінай і мудрасцю, аб’яўляе людзям сваё праўдзівае чалавечае аблічча. “Я — дарога, і праўда і жыццё”, — кажа Хрыстос.
Бог пажадаў стаць чалавекам, каб чалавек адкрыў у сабе Бога. Адбыўся цуд уцелаўлення Божага Слова, якое сталася Целам і пасялілася між намі поўнае міласці і праўды; і мы бычылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца (Евангелле ад Яна 1,14).
Час адвэнтовага чакання, час Божага Нараджэння і калядны час накіроўваюць нашыя сэрцы да Бога і бліжняга. Зімовыя святы, якія перажываем з радасцю і супакоем, даюць нам магчымасць убачыць і адчуць, што Бог блізка. Ён у маім сэрцы, у маёй усмешцы і ў маім адчуванні шчасця. І мне хочацца дзяліцца сваім шчасцем з іншым чалавекам. Немагчыма атрымаць Божае Нараджэнне толькі для сябе. Яно яднае нас з нашымі роднымі, блізкімі, сябрамі, знаёмымі і незнаёмымі людзьмі. У гэты час кожны чалавек для мяне – гэта мой брат і сястра ў Хрысце Езусе.
Жадаем вам, дарагія жыхары нашай Верхнядзвіншчыны, адкрыць свае сэрцы на цуды Божай ласкі. У гэтыя святочныя дні дзяліцца радасцю і супакоем з кожным чалавекам. Несці радасную вестку аб Божым Нараджэнні ў кожны дом і кожную хатку. Каб цудоўныя калядныя спевы і малітвы гучалі ў вашых сэрцах не толькі ў храмах, але і ў сем’ях, сярод блізкіх і дарагіх вам людзей. Ксёндз Чэслаў і ксёндз Аляксандр, вашы каталіцкія святары.
.
> Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Божае Нараджэнне – гэта заўсёды цуд! Цуд нараджэння новага жыцця. Цуд уцелаўлення Божага Сына. Цуд сыходжання Бога на зямлю. У...