25 снежня – каталіцкія Каляды. “Не спі, абудзіся, Хрыстос нарадзіўся…”
24.12.2018
—
Новости Общества
|
Прыгожа казаў святы Ян Евангеліст: “Так Бог палюбіў гэты свет, што паслаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў жыццё вечнае”. Напярэдадні свята Божага Нараджэння мы ўзгадваем з’яўленне анёлаў, якія прыходзяць з добрай весткай да простых людзей, пастухоў. Пастухі з радасцю ідуць у Бэтлеем, горад хлеба, і бачаць так, як запаведавана: Дзіця, якое пакладзена ў яслі. Распавялі яны, як сказана ў Евангеллі, пра ўсё, што з імі здарылася, а Марыя захоўвала гэтыя словы ў сваім сэрцы. І мы таксама павінны захоўваць гэтыя падзеі ў сваіх сэрцах. Кожны год вернікі перажываюць свята Божага Нараджэння па-новаму і робяцца яшчэ на крок бліжэй да Бога.
Божае Нараджэнне – гэта менавіта тое свята, калі ніхто не павінен быць адзінокім. Аплатак, якім мы дзелімся, сімвалізуе не толькі Бэтлеем, горад хлеба, не толькі чысціню Езуса Хрыста, але і ўзаемную любоў, спагаду, дабрыню. Жадаю вам у гэтыя святочныя дні шчасця і радасці. Той, хто радуецца, заўсёды трывае ў Богу, ходзіць у святле, як казаў святы апостал Ян. Хачу пажадаць, любыя ў Хрысце Пану браты і сёстры, не толькі радасці і ўзаемнай любові, але перш за ўсё Божага бласлаўлення. Хрыстос, які родзіцца тут, на зямлі, прыйшоў, каб збавіць кожнага з нас, ва ўбогай стайні, не ў палацы. І мы па Яго прыкладу заўсёды павінны схіляцца над беднымі і ўбогімі. А яшчэ памятаць, што Бог палюбіў кожнага з нас паасобку, Ён ведае нас па імёнах, мы важныя для Яго. Таму імкнёмся перажыць гэтыя святы, далучаючыся да Евангельскіх падзей, быць побач з Марыяй, Юзафам і Езусам. Няхай Бог вас усіх шчодра бласлаўляе, адорвае шматлікімі ласкамі і вядзе праз зямное жыццё да жыцця нябеснага ва ўзаемнай любові, спагадзе і шчасці. Няхай радасць Божага Нараджэння будзе з усімі вамі! У парафіі Святога Міхала Арханёла праходзіць конкурс творчых работ да свята Божага Нараджэння. Сёстры Юлія і Ірына з адной з конкурсных работ. Ксёндз Алег ЖУРАЎСКІ, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла. Фота Віялеты ВОЙТКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыгожа казаў святы Ян Евангеліст: “Так Бог палюбіў гэты свет, што паслаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто ў Яго верыць, не загінуў, але меў жыццё вечнае”.... |
|