Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга
31.01.2019
—
Новости Общества
|
Музыка добра ўплывае на кару галаўнога мозга. Дапамагае расслабіцца, здымае нервовае напружанне. На думку вучоных, найбольшую карысць людзям можа прынесці класічная і народная музыка. Цікава, ці ведаў пра гэта Аляксандр Дзяруга, калі выбіраў творы для рэпертуару цымбальнага аркестра? Хутчэй за ўсё ведаў.
А пра тое, што адсутнасць музычнага слыху – такая ж рэдкасць, як, напрыклад, прыроджаная слепата? Безумоўна, у кагосьці музычны слых развіты цудоўна, у кагосьці – горш. У большасці людзей музычны слых развіты дастаткова, каб займацца музыкай. Ведаў Аляксандр Анісімавіч і пра гэта. Інакш, як можна растлумачыць той факт, што маэстра браў у свой калектыў усіх жадаючых? А яшчэ ён быў упэўнены, што навучыць граць на музычным інструменце можна любога чалавека. Галоўнае – знайсці “свой інструмент”. Гэта клас - кантрабас Шасцікласніца Таня Рогач прыйшла ў аркестр да Дзяругі ўслед за сяброўкамі-цымбалісткамі. Праўда, утаймоўваць цымбалы ў яе не вельмі атрымлівалася. Дзяруга нават даў ёй інструмент дадому (хоць гэта было не ў яго правілах), каб дзяўчынка дадаткова займалася. Жадаемага выніку маэстра не дачакаўся. Тады прапанаваў Тані асвоіць… кантрабас (вялікую балалайку). Інструмент, на якім звычайна гралі хлопцы.
Дзяўчынка-падлетак з “мужчынскім” інструментам, несумненна, прываблівала позіркі гледачоў і выклікала яшчэ большую цікавасць да калектыву. Цяпер бы гэта назвалі крэатыўным прадзюсарскім ходам ці “фішкай”. Дарэчы, гісторыя з цымбаламі, якія Дзяруга даў Таццяне для самастойнага навучання, займела цікавае прадаўжэнне. Інструмент (быў ён на той час не новы, можа, нават спісаны) Аляксандр Анісімавіч назад не патрабаваў. Цымбалы так і засталіся дома ў дзяўчынкі. Праз чвэрць стагоддзя яны занялі сваё месца ў музеі смаргонскай гімназіі. На сённяшні дзень сталі ўнікальным экспанатам школьнай калекцыі. Дзе захоўваюцца іншыя інструменты, на якіх гралі выхаванцы Дзяругі, аўтару гэтых радкоў трэба будзе яшчэ высветліць. Цымбалы з аркестра ДЗЯРУГІ. Фотасалон у рэжыме нон-стоп Але зноў вернемся ў 1975 год. Час, калі аркестр яшчэ актыўна гастраляваў. Ці проста добра адпачываў разам са сваім кіраўніком. Адкрыўся парк Чалюскінцаў – смаргонскія музыкі апрабоўваюць новенькія атракцыёны. З’явіўся парк Горкага – Дзяруга і яго выхаванцы там прагульваюцца, а потым катаюцца на катарах на Мінскім моры. Не толькі з аркестрантамі, з іншымі дзецьмі Аляксандр Анісімавіч таксама вельмі сябраваў. З маленства прывучаў іх бачыць навакольную прыгажосць. У СШ №2 стала традыцыйным свята кветак. Дзеці прыносілі з дому прыгожыя букеты і ладзілі выставы. Рыхтавалі вершы, інсцэніроўкі, дзе галоўнымі героямі былі кветкі. Таня Рогач заўсёды прымала ўдзел у гэтым свяце. Удзельніцай аркестра яна стала пазней. Таня з малодшым братам на стадыёне. Нечаканы ракурс. 1974 год.
Збор металалому. 1977 год. Яго прыгожы сад – асобная тэма для ўспамінаў. Месца для сустрэч дзяцей і моладзі. Месца для чаявання. Фотасалон пад адкрытым небам. Таццяна Яўгеньеўна знайшла фотаздымак, дзе яе мама маленькая, разам з бацькамі, сфатаграфавана ў садзе Дзяругі. Прыкладна 40-я гады ХХ стагоддзя. І сама Таццяна таксама не раз фатаграфавалася на фоне жывапіснага пейзажу. У дзень яе шаснаццацігоддзя Аляксандр Анісімавіч правёў цэлую фотасесію, якая засталася ў памяці Таццяны Яўгеньеўны як адна з самых душэўных падзей жыцця. Піянерскі злёт. Танец “Купалінка”. 1975 год. Галоўныя скарбы маэстра Сучаснікі ў адзін голас сцвярджаюць, што Дзяруга не любіў пастановачных здымкаў, заўсёды стараўся злавіць удалы кадр. А калі ствараў пастановачныя фота, то заўсёды стараўся яго па-мастацку аздобіць. У фотаальбоме Таццяны Рогач, на жаль, мы не знайшлі фотаздымка, дзе яна з кантрабасам. Затое знайшлі фота з легендарным веласіпедам-“дамачкай”, на якім калясіў Аляксандр Дзяруга. Настаўнік прапанаваў свайго двухколавага сябра, каб зрабіць фотаздымак больш мастацкім. І ў яго гэта атрымалася. Несумненна, талент фотамастака ў Дзяругі быў. Таццяна РОГАЧ з легендарным веласіпедам-дамачкай, на якім ездзіў Аляксандр ДЗЯРУГА. 1975 год. Таццяна Яўгеньеўна мае яшчэ адну памяць, якая засталася ад маэстра. Калі Дзяругу пакідалі сілы, ён больш бываў дома, чым сярод людзей, паклікаў да сябе Таню і падарыў кнігу “Песні” Васіля Лебедзева-Кумача 1953 года выдання і ноты. Свае галоўныя скарбы. Кніга і дагэтуль ляжыць у рабочым стале жанчыны. Як напамін пра любімага настаўніка. Як пацверджанне таго, што гэта самы дарагі падарунак у яе жыцці. А ноты яна аддала музыкантам. Музыка Дзяругі павінна гучаць… Свае ўзнагароды, у тым ліку тры Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР, а таксама юбілейны віншавальны адрас Аляксандр Дзяруга перадаў на захаванне Барысу Міхайлавічу Хіневічу, былому дырэктару гімназіі. Цяпер гэтыя рэчы знаходзяцца ў гімназічным музеі. Ведаеце, што мяне больш за ўсё ўразіла? Не, не тое, што маэстра мае ажно тры Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР. Увагу прыцягнуў віншавальны адрас, які падрыхтавалі настаўнікі і вучні СШ №2 да 70-годдзя Аляксандра Дзяругі. Гэта не папка з залатымі літарамі. А стальніца (дошка, на якой рэжуць хлеб ці мяса), аздобленая з аднаго боку фотапартрэтам героя і малюнкамі музычных інструментаў.
Віншавальны адрас ад настаўнікаў і вучняў СШ №2. Галіна АНТОНАВА. Фота з сямейнага архіва Таццяны РОГАЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Музыка добра ўплывае на кару галаўнога мозга. Дапамагае расслабіцца, здымае нервовае напружанне. На думку вучоных, найбольшую карысць людзям можа прынесці...
|
|