Да перамогі — праз паэтычнае слова. 21.by

Да перамогі — праз паэтычнае слова

15.02.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Беларуская мова і літаратура для Ільі значна большае, чым проста школьныя дысцыпліны. Мілагучнае роднае слова вучню блізкае і знаёмае з ранняга дзяцінства, а творы беларускіх аўтараў ён чытае не толькі, каб падрыхтавацца да чарговага ўроку. Стаць беларускім філолагам у будучым малады чалавек не збіраецца. У прафесійным плане яго больш прываблівае англійская мова. Ды і ўвогуле для паспяховага юнака, вучоба якому даецца лёгка, многа варыянтаў знайсці сваё прызванне.
—Але б дзе ты ні працаваў і кім бы ні быў, — разважае Ілья, — трэба добра валодаць роднай мовай, яна ў жыцці заўсёды спатрэбіцца.
Цікавасць да беларускага слова, а разам з тым і культурна-гістарычнай спадчыны роднай зямлі маладому чалавеку прывіла яго маці, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Міхеееўскай сярэдняй школы Наталля Шаўчэнка. Яна першая заўважыла ў сыне і пісьменніцкі талент.
—Ілья яшчэ ў пачатковых класах спрабаваў пісаць нейкія гісторыі, часта з цікавым фантастычным сюжэтам, — прыгадвае Наталля Леанідаўна і з ўсмешкай дадае: — Можа ён і сам таго не ведае, але я іх заўсёды перачытвала. У гэтым жа ўзросце ўзнікла і цікавасць да прадмета, да яго асэнсаванага вывучэння. У чацвёртым класе Ілья паспытаў свае сілы ў раённай алімпіядзе па беларускай мове і стаў яе пераможцам. Добрыя вынікі ён паказвае на працягу ўсяго гэтага часу, а да поспехаў у алімпіядным руху паступова дабавіліся і шматлікія іншыя.
Юнак прымаў удзел у розных конкурсах, так ці інакш звязаных з беларускай мовай і культурай, разам з маці займаецца і даследчай працай. Напрыклад, у лістападзе мінулага года Ілья прадстаўляў вобласць, дзе заняў першае месца, у рэспубліканскім конкурсе “Патрыёт. бай”. Творчая работа, якую дзевяцікласнік абараняў на гэтым конкурсе, была прысвечана дрыбінскім шапавалам. Крыху пазней, у снежні, вучань атрымаў узнагароду — Дыплом трэцяй ступені — за даследчую працу, прысвечаную малой радзіме, у рэспубліканскім конкурсе “Тут родныя трымаюць карані”. У шматлікіх спаборніцтвах сярод чытальнікаў Ілья таксама адзін з лепшых. Так, у конкурсе “Чытаем з Velcom па-беларуску”, якую праводзіла мабільная сетка Velcom, ён увайшоў у трыццатку пераможцаў сярод 600 ўдзельнікаў ад Магілёўскай вобласці. Ёсць і іншыя перамогі і дасягненні.
Што да напісання асабістых твораў, то Ілья паступова шліфуе, развівае свае здольнасці, а Наталля Леанідаўна толькі рада падтрымаць сына, дапамагчы, падзяліцца неабходнымі ведамі і вопытам.
—Я часта прапаную сваім вучням розныя творчыя заданні: напрыклад, напісаць сачыненне альбо верш, — раскрывае сваю методыку настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая прысвяціла любімай справе — вучыць дзяцей роднаму слову — больш за дваццаць год. Менавіта гэту спецыяльнасць Наталля Леанідаўна выбірала свядома, натхніўшыся прыкладам сваёй настаўніцы беларускай мовы. Як вынік — не толькі поспехі ўласнага сына, але і многіх іншых вучняў. Дарэчы будзе сказаць, што і малодшы брат Ільі чацверакласнік Сцяпан спрабуе таксама пісаць вершы і рыхтуецца прыняць удзел у алімпіядзе па беларускай мове.
Апошняя творчая перамога стала сапраўднай падзеяй у жыцці Ільі Шаўчэнка. Новыя, цікавыя сустэчы, незабыўныя ўражанні пакінула пасля сябе ўрачыстае мерапрыемства ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу, арганізаванага Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.
—Мы амаль да апошняга, нават калі атрымалі запрашэнне, не ведалі пра перамогу, — расказвае Ілья, які атрымаў сваю заслужаную ўзнагароду з рук вядомага беларускага паэта і перакладчыка Міколы Маляўкі. Разам з Дыпломам наш юны зямляк прывёз дадому і прыемныя падарункі: насценны гадзіннік, альбом, прысвечаны жыццю і творчасці Якуба Коласа, а таксама паўгадавую падпіску на дзіцячы часопіс “Шапакляк” з пажаданнямі дасылаць сюды свае творы.
Нельга не сказаць і пра тое, што ў гэтым конкурсе актыўны ўдзел прынялі і іншыя вучні Міхееўскай сярэдняй школы. Святлана Громава і Анастасія Мельнікава даслалі свае малюнкі, а Міхаіл Кусцікаў— фотаздымак. Ужо многія поспехі вучняў гэтай школы сведчаць пра зладжаную і плённую работу педагагічнага калектыва, накіраваную не толькі на вучэбны працэс, але і развіццё творчага патэнцыялу дзяцей.
Ірына ЦЯЦЕРЫНА
P.S.Творы вучняў Міхееўскай СШ таксама трапілі ў зборнік вершаў “Дзеці за мір”, выпушчаны Беларускім фондам міру. Верш Ільі Шаўчэнкі будзе надрукаваны ў бліжэйшых нумарах на тэматычнай старонцы «Літаратурная галактыка».
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская мова і літаратура для Ільі значна большае, чым проста школьныя дысцыпліны. Мілагучнае роднае слова вучню блізкае і знаёмае з ранняга дзяцінства, а ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика