Фестываль адбываецца ў Лідзе ў чатырнаццаты раз, і сёлета зайграў яшчэ больш яскравымі фарбамі. Калі б давялося перадаць імі атмасферу фестывалю, абавязкова патрэбна было б намаляваць спектр музычных адценняў, разнастайнасць жанраў і нават шматмоўе (гучалі кампазіцыі на рускай, беларускай і нават англійскай мовах), і вядома ж, багацце таленту, якім надзяліў выканаўцаў Бог. Між іншым, два віды мастацтва: музычнае і мастацкае – сёння сапраўды сутыкаліся. Адно гучала ў вялікай зале, а другое было прадстаўлена на паркеце, у работах выставы юных мастакоў, выхаванцаў Лідскай дзіцячай мастацкай школы і школ іншых раёнаў “Прыгажосць Божага свету”.
У вялікай зале быў аншлаг. Фестываль сапраўды займеў у Лідзе сваіх пастаянных прыхільнікаў. Што тычыцца ўдзельнікаў, то ён пашырыўся і сёлета выйшаў яшчэ далей за межы Гродзеншчыны. Акрамя калектываў з рэгіёнаў дзвюх епархій – Навагрудскай і Лідскай – у ім прынялі ўдзел выканаўцы з Брэсцкай і Гомельскай абласцей.
На фестывалі прысутнічалі ганаровыя госці - гэта начальнік Галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк і сакратар Навагрудскай епархіі протаіерэй Анатоль Герасімук. Урачыста адкрыў фестываль епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый.
Вітаючы гледачоў і удзельнікаў фестывалю, Аляксандр Вярсоцкі падзякаваў за яго арганізацыю і прывёў словы Віктора Гюго:
- Чалавек на гэтым свеце агучвае тыя песні, якія будзе спяваць на небе. Пагэтаму дзякуй вам, што сродкамі гэтых жыццесцвярджальных песень вы сееце ў душах людзей такія якасці, як дабрыня, міласэрнасць, высокая маральнасць. Упэўнены, гэты фестываль стане яшчэ адной цаглінкай у трывалы магутны фундамент дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь.
Адкрыццяў падчас фестывалю было шмат. Гэта і дуэт святара Георгія Шаўчэнкі і яго дачкі, трэццякласніцы Веры Шаўчэнкі, з вёскі Заполле Карэліцкага раёна. Гэта таксама салістка са Смаргоні Алена Рэзановіч, якую ўзрушаныя гледачы параўналі з выдатнай беларускай опернай спявачкай Аксанай Волкавай і якой напрарочылі спевы ў Ла-Скале. Гэта і моладзевы ансамбль храма Жыровіцкай іконы Божай Маці г. Бярозаўкі пад кіраўніцтвам Іааны Урбановіч, які спяваў па-англійску. Гэта дзіцячыя хары са Слоніма і Смаргоні, якія ўразілі надзвычай высокім выканальніцкім майстэрствам. Гэта таксама святары-песеннікі і барды Алег Сушко і Аляксей Лаўнік, і яшчэ многія іншыя.
Айцец Аляксей Лаўнік служыць настаяцелем храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Явар Дзятлаўскага раёна і ўжо больш за дваццаць год піша песні. Ён упэўнены: у кожным слове ёсць музыка, галоўнае, каб яна ішла ад душы і сэрца.
- Наша вёска невялікая, у ёй зараз пражывае ўсяго трыццаць чалавек. А вось храм вялікі, старадаўні і прыгожы. Сёлета я напісаў песню “Храм”, якую і прысвяціў свайму храму, - распавёў ён.
Калектывы выбіралі для выканання найпрыгажэйшыя мелодыі. Хор храма Святога пакутніка Гаўрыіла Беластоцкага з Іўя выконваў сціхіру рускім святым. "Нядаўна Праваслаўная царква якраз адзначала дзень усіх рускіх святых, мы выконвалі гэту сціхіру і атрымалі шмат выдатных водгукаў. Гэта свайго роду гімн рускім святым”, - падзялілася рэгент хора Ганна Канарская. Хор царквы ў гонар іконы Божай Маці “Усецарыца” (мікрараён Індустрыяльны) выконваў распеў “Достойно есть”. “Мы вельмі шмат рэпетыравалі, спявалі на службах, - гаворыць рэгент Святлана Жыдаловіч. – А выбралі распеў, бо гэта яскравая і, на наш погляд, адна з самых дастойных мелодый для нашага фестывалю”.
Дзіцячы калектыў з Ашмян – узорны хор “Сугучча” – прывёз у Ліду сур’ёзную кампазіцыю – Кондак акафіста перад іконай Божай Маці “Утоли моя печали”. “Мы прымаем удзел у фестывалі з 2013 года, і сённяшнія выканаўцы – гэта ўжо другое пакаленне нашых выхаванцаў (пачыналі са старэйшымі дзецьмі), - адзначае кіраўнік хора Ганна Буйко. - З часу першага выступлення на фестывалі духоўныя кампазіцыі сталі пастаянна прысутнічаць у нашым рэпертуары”.
Вось ужо другі год запар ізюмінкай фестывалю з’яўляецца выступленне зводнага хору Лідскай і Навагрудскай епархій. Сёлета ён выканаў песню “Слава ў вышніх Богу” на музыку лідскага кампазітара Сяргея Бугасава, якая стала свайго роду гімнам аднайменнаму фестывалю. Дарэчы, у будучым годзе фестываль “Слава ў вышніх Богу” стане юбілейным, пятнаццатым па ліку. Сёлетні фестываль быў дастойным яго запевам.
З шырокім размахам, морам эмоцый і ўражанняў, запоўненай гледачамі залай Палаца культуры і вялікай колькасцю непасрэдных удзельнікаў-выканацаў ў Лідзе адбыўся...