Мама і дачка – лепшы тандэм! Карэліцкая сям’я Кудрыцкіх паспяхова дэбютавала на міжнародным фестывалі-конкурсе (+відэа). 21.by

Мама і дачка – лепшы тандэм! Карэліцкая сям’я Кудрыцкіх паспяхова дэбютавала на міжнародным фестывалі-конкурсе (+відэа)

21.04.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

⭐ Калі дачка – юная таленавітая артыстка, а мама – выдатны педагог, то сямейнаму тандэму поспех наканаваны. Так і сталася з вучаніцай Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Міланай Кудрыцкай і выкладчыкам Людмілай Міхайлаўнай Кудрыцкай на V Міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні-2019”, адкуль яны прывезлі Дыплом лаўрэата ІІ ступені.


З самага маленства Мілана расла актыўнай і энергічнай. Уражвала яе здольнасць хутка вучыць на памяць творы. Дастаткова было некалькі раз прачытаць верш, каб дзяўчынка яго запомніла. Але асабліва Мілана любіла разам з мамай расказваць казкі: дачка імгненна падхоплівала любую гісторыю і прыдумвала свой фінал.

Яшчэ адна рыса – смеласць і самастойнасць. Без яе артысту ніяк. Але як маці Людмілу Міхайлаўну хвалявала тое, што Мілана нічога і нікога не баялася. Любімым словам дзяўчынкі было “сама”. Таму мама таксама пакідала страхі і рабіла ўсё, каб максімальна развіць таленты Міланы і стварыць спрыяльную творчую прастору для юнай артысткі. А дзяўчынка хутка ўсё спасцігала, імкнулася да новых ведаў і заняткаў, лёгка знаходзіла агульную мову са старэйшымі па ўзросту дзецьмі і дарослымі.

З кожным годам слоўнікавы запас Міланы пашыраўся, але слова “дысцыпліна” ніколі не было яе любімым. Яскравы характар і творчая натура рабілі сваю справу. Дзяўчынка расла, як ветрык, і не магла доўга сядзець на месцы, паспявала рабіць паралельна некалькі спраў і ўсе – паспяхова. Такіх гарэз часта дарослыя суцішаюць і часам тушаць іх агеньчыкі. Але Мілане пашанцавала спачатку з выхавальнікамі ў дзіцячым садзе, затым з першай настаўніцай Ларысай Аляксееўнай Вырко ў Карэліцкай сярэдняй школе №1 ды з іншымі педагогамі і, галоўнае, – з мудрай, любячай і цярплівай мамай.


Сапраўды, калі назіраеш за Людмілай Міхайлаўнай, то адразу адчуваеш, што яна выхоўвае дзяцей сэрцам, усёй душой імкнецца іх зразумець і падтрымаць. Нават калі часам адказ знайсці складана. З усмешкай жанчына ўспамінае гісторыю, калі яе выклікалі ў школу да Міланы, бо тая разабрала стрыжань і перапэцкалася чарніламі. На пытанне “навошта?” дзяўчынка адказала: “Мама, проста я хацела намаляваць гнілую грушу, а зрабіць гэта можна толькі такім фіялетавым колерам!” Вось тады Людміла Міхайлаўна зразумела, што Мілана – дзіцё з космасам унутры, якое глядзіць на свет пад асаблівым вуглом, бачыць тое, што большасць не заўважае, і спрабуе гэтыя дзівосы перадаць нам такімі незвычайнымі спосабамі. Увогуле маляванне – любімая стыхія Міланы. А з нядаўніх пор яшчэ і музыка. Дзяўчынка з задавальненнем спасцігае нотную грамату ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў. І больш таго, яна яшчэ ўмее пісаць адначасова левай і правай рукой! Апошні талент і тлумачыць, адкуль у Міланы столькі энергіі. Аказваецца, дзяўчынка – амбідэкстр. Пра незвычайную здольнасць дачкі Людміла Міхайлаўна даведалася, дзякуючы лекцыям па псіхалогіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе яна зараз вучыцца на рэжысёра.

Дарэчы, новая спецыяльнасць і сяброўская падтрымка калегі Сняжаны Юр’еўны Абрамчык дапамаглі харэографу з 18-гадовым стажам кардынальна змяніць прафесійнае жыццё і раскрыць артыстычную грань Міланы. Бо менавіта дачка стала рэжысёрскім дэбютам Людмілы Міхайлаўны. Некалькі месяцаў яны працавалі над ваенным вершам “Зінка” Юліі Друнінай – драматычным і эмацыйна складаным: знаёміліся з біяграфіяй аўтара, разбіралі характар гераіні, стваралі запамінальны вобраз. Цікава, што раней дзяўчынка выступала на сцэне з лёгкімі і радаснымі замалёўкамі, але дзеля новай ролі кардынальна змяніла амплуа.


Мілана ўспамінае, як моцна хвалявалася падчас выступлення на конкурсе “Новыя вяршыні”, ды і меншыя на два памеры боты не давалі супакою. Але юная артыстка сабралася і пакарыла журы і гледачоў.

А наперадзе карэліцкую зорачку і педагога ўжо ў бліжэйшым будучым чакаюць новыя конкурсы і фестывалі. І ўсім сэрцам верыцца, што лёс абавязкова падрыхтаваў для Міланы светлае і шчаслівае жыццё, дзе будзе сонца, мама, сястрычка, блізкія людзі, хамякі Ілья і Валера і шмат іншых цудаў.


А на развітанне дзяўчынка нечакана кажа:

“Зараз гісторыя пішацца пра мяне, пра маё жыццё. І так адбываецца з усімі намі. Ведаеце, свет круціцца вакол і для кожнага чалавека. Усе мы – незвычайныя”.

⭐ ДАВЕДКА

Амбідэкстрыя (ад лац. ambi — «абодва» і dexter — «правы») — аднолькавае развіццё функцый абедзвюх рук і магчымасць чалавека выконваць рухі правай і левай рукой з аднолькавай хуткасцю і эфектыўнасцю. Рысы: гіперактыўнасць, схільнасці да спорту, мастацтва, музыкі. Факт: усе людзі нараджаюцца амбідэкстрамі, але прыкладна ў 4 гады адбываецца асіметрыя мазгавых структур і, як вынік, “выбар” вядучай рукі. Знакамітыя амбідэкстры: Леанарда да Вінчы, Нікола Тэсла, Пол Макартні, Рынга Стар, Курт Кабэйн, Джымі Хендрыкс, Бенджамін Франклін, Марк Нопфлер, Кіяну Рыўз.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з сямейнага архіва КУДРЫЦКІХ
Відэа аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
⭐ Калі дачка – юная таленавітая артыстка, а мама – выдатны педагог, то сямейнаму тандэму поспех наканаваны. Так і сталася з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика