Міхаіл Паўлавіч Дзісь – адзіны ветэран, які жыве ў Давыд-Гарадку і хто можа расказаць пра вайну маладому пакаленню. Праўда, ужо яго ўспаміны з’яўляюцца ўрыўкамі.
Але яны як самы дарагі скарб, які трэба абавязкова зберагчы для будучых пакаленняў.
Ветэрану не звыкаць прымаць гасцей. Вось і напярэдадні Дня Перамогі ў яго вучні 10 класа Давыд-Гарадоцкай сярэдняй школы № 1, якія разам з дырэктарам Валянцінай Хілінскай прыйшлі павіншаваць героя і з дапамогай яго перанесціся ў мінулае (на здымку).
Мабілізаваны Міхаіл быў пасля вызвалення Беларусі – у 1944 годзе. Усіх накіравалі ў Белую Царкву, каб навучыць ваеннай справе. Першы бой, у якім прыняў удзел ветэран, быў пад Рыгай. Потым ішлі да Варшавы, дзе камандзір роты назначыў Міхаіла ротным пісарам. За той час, пакуль служыў салдат, рознага давялося яму пабачыць.
– Ідзём, а вакол ляжаць забітыя салдаты. І ніхто не звяртае ўвагі, ідзеш наперад, бо такі загад. А яны зусім маладыя. Гэта вельмі жудаснае відовішча. Два разы я бачыў, як на міне падрываліся, літаральна за некалькі крокаў ад мяне. Загінуць на вайне вельмі проста.
– А праўда, што салдаты спалі на хаду?
– Праўда. Ідзеш, возьмеш пад руку таварыша і вочы заплюшчваюцца. Ногі ідуць, а галава адключаецца. Доўга, канешне, не спалі, па некалькі хвілін. Будзіла каманда “Не спаць!”. Служыў я ў пяхоце, таму прайшоў пешшу кіламетры.
Вельмі дакладна памятае ветэран, як пабачыў маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава. Гэта было, калі 1-ы Беларускі фронт рыхтаваўся фарсіраваць раку Одэр. Прайшоўшы чатырохгадовыя выпрабаванні вайной, Чырвоная Армія наблізілася да тэрыторыі нямецкай ракі. Менавіта тут планавалася нанесці праціўніку самы рашучы ўдар. Таму падрыхтоўка была вельмі сур’ёзнай. Калі ветэран Дзісь ішоў разам з сябрам гля-дзець, як размешчаны баявыя гарматы, якраз і пад’ехаў маршал.
– Таварышы, вось той наш бераг! — коратка сказаў ён і, ускочыўшы ў машыну, паехаў далей.
І наша армія здолела дасягнуць яго. Фарсіраваць такую буйную водную перашкоду, якой з’яўляецца рака Одэр, з адначасовым прарывам паласы доўгачасовай абароны на ёй, войскі арміі маглі толькі дзякуючы высокаму воінскаму майстэрству.
Каб захапіць праціўніка знянацку і раптам для яго зачапіцца за супрацьлеглы бераг, камандзіры дывізій выкінулі ўзмоцнены стралковы батальён, знішчальна-супрацьтанкавы артылерыйскі полк або асобны знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён, некалькі танкаў і самаходна-артылерыйскіх установак, сапёрную роту або сапёрны батальён дывізіі.
Міхаіл Дзісь быў сярод тых шчасліўчыкаў, якія дайшлі да Бярліна. Пасля невялікага перапынку разам з іншымі воінамі-вызваліцелямі пайшлі на Магдэбург. Апынуўся ў шпіталі, дзе пасля вайны застаўся працаваць шаўцом, рамантаваў і шыў абутак. Яго залатыя рукі былі на вагу золата.
Вярнуўся дадому ў 1946 годзе. Многія падзеі сцерліся з памяці ветэрана, але прыезд дадому памятае яскрава. Вельмі ўзрадаваліся бацькі і родныя сёстры і браты. Пісаў ім толькі два разы і то пасля вайны. Дагэтуль яны нават не ведалі, ці жывы іх Міша ці не.
Пашанцавала Міхаілу знайсці сваю адзіную, каханую, якой стала шляхцянка Мальвіна Юльянаўна Ляшкевіч-Зіновіч-Альпенская з Лісовіч. Шлюб яны ўзялі 25 студзеня 1950 года, старасць сустрэлі побач і зараз жывуць душа ў душу. Што таксама можна лічыць падарункам лёсу.
Міхаіл Паўлавіч працаваў шаўцом, потым масты будаваў у складзе будаўнічай брыгады. Дарэчы, мост цераз Гарынь у горадзе – таксама яго рук справа. Едзіў на цаліну на Алтай, у Омск, Курган і іншыя гарады СССР. У гэты час яго жонка гадавала дзвюх дачушак Валянціну і Ніну. Пакрысе род Дзісяў павялічваўся і зараз у ветэрана чацвёра ўнукаў, тры праўнукі і два прапраўнукі – Мішка, хлопчык названы ў гонар дзеда-героя мае два з паловай гадкі, і Ева, якой толькі восем месяцаў. У доме, які ветэран таксама будаваў сваімі рукамі, заўсёды мнагалюдна. Яшчэ два гады таму поўным ходам займаўся любімай справай – рамантаваў абутак. Агарод заўсёды быў хоць на выстаўку, такі парадак. Сочыць ён і за апошнімі навінамі па тэлевізары. Бядуе, каб вайны не было. Бо вайна – заўсёды пакідае ў сэрцы чорны след.
– Усюды я бываў, смерць бачыў неаднойчы, але калі трэба жыць, то трэба, – кажа напрыканцы нашай размовы Міхаіл Паўлавіч. – Таму ўдзячны Богу і жадаю вам мець моцнага анёла-ахоўніка. Бо жыццё і ёсць самае дарагое.
Ганна МЕЛЬНІК