Раён на раён. «У сучасны ландшафт не ўпісваюцца хаты». Як жыве вуліца прыватных дамоў каля Далгінаўкі
03.05.2019 16:28
—
Новости Общества
|
Прыватны сектар на вуліцы Мірная. Гэта паміж Далгінаўскім трактам і Новавіленскай. Як жыў і жыве зараз гэты раёнчык і за што ён падабаецца мясцовым, распавядае Таццяна Міхяёнак.
Прыватны сектар у цэнтры Мінска. Невялікія кавалачкі зямлі, на якіх яшчэ захаваліся аднапавярховыя, часам драўляныя дамы. Яны раздражняюць усіх. Архітэктары разам з мясцовымi ўладамi тлумачаць, што пакідаць забудову нізкай шчыльнасці зараз раскоша для сталіцы. Сапраўдныя гараджане абураюцца, даказваюць, што не месца вёсцы ў Мінску. Астатнія дзівяцца, чаму жыхары не жадаюць пакідаць свае хаты, дзе прайшло іх жыццё. Мяне зразумее любы гаспадар уласнага дома, які з усіх бакоў ціснуць хмарачосы. У далёкіх 1960-х мой дзед Павіч Іосіф Іванавіч (пазней — пенсіянер рэспубліканскага значэння) пабудаваў дом. Гэта была нікому не патрэбная ўскраіна Мінска. Вуліца з добрай назвай Мірная. Падзяліў дом на часткі, зрабіў асобныя ўваходы і раздаў сваім дзецям. Маці казала, што першапачаткова трымалі хатніх жывёл і курэй. Асабіста я памятаю толькі котак. Коткам жылося вольна, дадому яны прыходзілі толькі паесці і начаваць у холад ці непагадзь. Пазней брат завёў вялікага сабаку, але на нашай вуліцы нават яны здолелі пасябраваць. Вясна пачыналася нарцысамі і цюльпанамі. Адначасова зацвіталі дрэвы: белыя вішні, бела-ружовыя яблыні. Пад вокнамі рос пахучы бэз, побач з ім — язмін. Улетку распускаліся півоні, затым гладыёлусы. У верасні з’яўляліся рознакаляровыя астры, якія можна было аднесці ў школу. Пад час абеду на агародзе магчыма сарваць зеляніны, парачку агуркоў. Калі захочацца — з’есці трускаўку, агрэст ці парэчку, вішню або сліву. У жніўні выспяваў белы наліў, потым нейкія ружовыя яблыкі. Антонаўку мы зусім не елі, з яе звычайна ціснулі сок. Дзеці нараджалiся таксама добра. Дзед меў 6 дзяцей, 10 унукаў. Дачакаўся праўнукаў (зараз iх 17). Калі ўсім стала цесна ў хаце, сем'і старэйшых дзяцей паціху сталі раз’язджацца, а мае бацькі засталіся. У нашым двары заўсёды быў бясконцы дзіцячы сад. Тут можна выставіць калыску, пакінуць «без дагляду» дзіця. Хапае месца для ровараў. Летам можна загараць, зімой — ляпіць снежную бабу. Можна запрасіць сяброў, распаліць мангал, граць на гітары і спяваць уголас. Побач Камсамольскае возера. Там у спякоту дазваляецца купацца, а, каму цікава, трошку збочыць і вудзiць рыбу. І гэта ўсё ў цэнтры Мінска. А яшчэ ў нас бачны зоркі! Адначасова скарыстацца сталiчнымi благамi лёгка. Пешшу можна дайсцi да Дварца моладзi (раней — пiянераў), аквапарка ці парка забаў. Трамвай праз 20 хвілін даiмчыць да плошчы Перамогі, дзе ў гiмназii № 50 вучылiся мае дзецi. Аднак горад рос, наступалі шматпавярховікі і нашы хаты сталі перашкаджаць новым мiнчукам. Горадабудаўнiкi пачалi казаць пра прыгажосць i належны выгляд, пра сучасны ландшафт, сатканы са шкла i бетону, у якi не ўпісваюцца нi нашы хаты, нi мы. Няма сумненняў, што час знішчыць нашу вуліцу з мапы Мінска. Успаміны людзей таксама ненадзейнае сховiшча. Аднак у фондах Нацыянальнага архiва Рэспублiкi Беларусь застанецца асабістная справа майго дзеда, дзе адзначана, што ў доме № 20 па вуліцы Мірнай пражываў Павіч Іосіф Іванавіч са сваёй сям’ёй. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыватны сектар на вуліцы Мірная. Гэта паміж Далгінаўскім трактам і Новавіленскай. Як жыў і жыве зараз гэты раёнчык, распавядае Таццяна Міхяёнак
|
|