Магнітнае поле Паплаўскіх
18.05.2019
—
Новости Общества
|
На гэты раз, рыхтуючы матэрыял да Дня сям’і, мы вырашылі адступіцца ад прывычнага – пісаць пра бацькоў, якія гадуюць шмат цудоўных дзяцей. Мы хацелі знайсці сям’ю надзвычай незвычайную. І знайшлі ў Вішневе. У сям’і Паплаўскіх сышліся фізік і лірык, і вельмі арганічна адно аднаго дапоўнілі.
Дынастыя “сейбітаў” Яўген Яўгенавіч Паплаўскі – былы дырэктар Вішнеўскай школы з дынастыі педагогаў. Пётр Кароль, дзед па лініі маці, быў настаўнікам гісторыі і геаграфіі. 44 гады адпрацаваў інспектарам Смаленскага аблана, быў дырэктарам школы. Кацярына, бабуля нашага героя, настаўніцай матэматыкі з 40 гадовым стажам. Усе іх чатыры дачкі таксама сталі педагогамі: адна - матэматыкам і тры – фізікамі. Тата Яўгена Яўгенавіча быў настаўнікам гісторыі, дырэктарам Алекшыцкай “васьмігодкі”, загадчыкам Бераставіцкага РАНА. Мама Ася Пятроўна – настаўніцай матэматыкі. І якімі сцежкамі маглі пайсці іх дзеці? Дачка стала матэматыкам, сын – фізікам. Пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта (у 1981 годзе) гродзенец Яўген Паплаўскі размеркаваўся на Смаргоншчыну, у Вішнева. Прыгожы, статны халасцяк. Мужчына, дзеля якога прыгажуня Аліна кінула сталіцу і вярнулася ў сваю родную вёску. “Вы з мінскай прапіскай сюды прыехалі?” – дзівіліся ў пашпартным стале, калі маладая жанчына пасля вяселля мяняла пашпарт. А яны і дагэтуль не шкадуюць, што ніколі не імкнуліся ў горад. Іх заўсёды задавальняў вясковы лад жыцця - не такі імклівы, як у горадзе. Сялянская ідылія. Калі ты ў гармоніі з прыродай. Збіраць грыбы, хадзіць на возера з вудамі, вырошчваць кветкі і гародніну – любімыя заняткі Паплаўскіх. Пара – вачэй не адвесці Да знаёмства са сваім Жэнем Аліна скончыла політэхнічнае вучылішча і працавала на мінскім “Інтэграле”. Аднойчы прыехала дадому. На танцах іх звёў яе Вялікасць выпадак. Дакладней, школьны сябра Анатоль Бяляўскі (цяпер беларускі мастак). Спартыўная бландынка (займалася лёгкай атлетыкай, хакеем на траве), мілавідная, мяккая, жаноцкая і ўраўнаважаны, спакойны, чарнявы хлопец з багатай капой кучаравых валасоў. Пара была – вачэй не адвесці. Не ведаю, што там за магнітнае поле ў сям’і Паплаўскіх (яны там скрозь фізікі, напэўна, ім вядома), але тое, што яно нейкае незвычайнае, прыцягвае да сябе і перацягвае на свой бок – гэта факт. Бо як па-іншаму можна растлумачыць тое, што пасля вяселля Аліна таксама пайшла ў педагогіку. Завочна паступіла на філфак Гродзенскага ўніверсітэта і стала працаваць у школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. “Быць настаўнікам – шчасце”, - сцвярджаюць мае суразмоўцы. - Якая яшчэ прафесія дае магчымасць вучыць дзіця, вучыцца ў дзіцяці, самаўдасканальвацца ўсё жыццё? Мы падлічылі, што агульны стаж дынастыі Паплаўскіх – больш за дзвесце гадоў”. Як сцвярджаў рускі публіцыст і літаратурны крытык Дзмітрый Пісараў: “У выхаванні ўся справа ў тым, хто выхавальнік”. На мой погляд, з гэтым нельга не пагадзіцца, - усміхаецца Аліна Анатольеўна. - Заўсёды вялікую ролю на нас аказваюць людзі, якія знаходзяцца побач. Асабліва, калі ты разам з імі жывеш, бавіш вольны час, пераймаеш іх традыцыі. Гэта людзі, якія падаравалі табе жыццё, аддавалі цяпло сваёй душы, разам пазнавалі свет, стараліся абараніць ад заганаў грамадства, верылі ў цябе і падтрымлівалі, заўсёды прымалі такім, які ты ёсць, усё маглі дараваць і падтрымаць у складаны час. Гэта сям’я, родныя людзі. Нездарма ж мы часта працягваем традыцыі, справы сваіх продкаў”. Тры кіты сямейнага саюза У Аліны Анатольеўны вельмі прыгожы голас, яна цудоўна размаўляе па-беларуску. Такіх людзей можна слухаць з закрытымі вачыма і атрымліваць эстэтычнае задавальненне. Шляхетная інтэлігентнасць Яўгена Яўгенавіча гарманічна дапаўняе іх сямейны саюз. Цяпер гэта пара – прыклад для маладых. Як трэба глядзець адзін на аднаго. Як кахаць, паважаць, як падтрымліваць. Як разам перажываць праблемы. Як выхоўваць дзяцей. Прычым не толькі сваіх. Любы ў гэтай пары можа знайсці нагоду для майстар-класа. Аліна Анатольеўна падлічыла, што восем яе вучаніц сталі філолагамі. А ў колькі дзіцячых душ яна пасеяла “разумнае, добрае, вечнае” – не падлічыць. 28 гадоў адпрацаваў дырэктарам школы Яўген Яўгенавіч, і пераемніка сабе ён таксама падрыхтаваў з ліку вучняў. Цяперашні дырэктар Вішнеўскай школы Генадзь Андруковіч – таксама настаўнік фізікі, некалі Яўген Паплаўскі быў у яго класным кіраўніком і выкладаў фізіку. Абодва сыны Паплаўскіх таксама выбралі “фізіку”, хаця “лірычны” матыў у іх прасочваецца: хлопцы любяць чытаць і цікавяцца гісторыяй. Малодшы Аляксандр (праграміст, жыве ў Мінску) актыўна вывучае генеалагічнае дрэва свайго роду, сабраў даволі багатую інфармацыю. Старэйшы сын, таксама Яўген Яўгенавіч, - фізік-інфарматык па адукацыі, жыве ў Гродне і таксама – у педагогіцы. Бацькі з маленства прывучалі хлопчыкаў да самастойнасці, сыны выраслі арганізаванымі, акуратнымі і што немалаважна – знайшлі сябе. Давер, павага, уменне годна прымаць самыя розныя жыццёвыя сітуацыі – тры кіты, на якіх трымаецца шчаслівы сямейны саюз Паплаўскіх. Саюз трывалы. Саюз даўжынёй у 37 гадоў. Саюз двух закаханых людзей. Галіна АНТОНАВА. Фота аўтара і з сямейнага архіва Паплаўскіх. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гэты раз, рыхтуючы матэрыял да Дня сям’і, мы вырашылі адступіцца ад прывычнага – пісаць пра бацькоў, якія гадуюць шмат цудоўных дзяцей. Мы хацелі знайсці сям’ю...
|
|