Разынкі мяшчанскай мовы. 21.by

Разынкі мяшчанскай мовы

26.05.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Калі дзевяцікласніца СШ № 1 Глуска Ганна Голуб пачала зачытваць прыклады слоў і сказаў са сваёй навукова-даследчай работы, у зале, дзе дагэтуль чулася перашэптванне і раўнамерны гул, стала ціха-ціха. Бо, несумненна, такіх слоў і сказаў прысутныя ніколі дагэтуль не чулі. Па-першае, у Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства, дзе праходзіў заключны этап рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў, сабраліся вучні і настаўнікі з розных куткоў Беларусі, а работа Ганны называлася “Асаблівасці маўлення жыхароў г. п. Глуска Магілёўскай вобласці”. А па-другое, некаторыя словы з тых, якія ўдалося сабраць Ганне і яе навуковаму кіраўніку, настаўніцы беларускай мовы Наталлі Куксік, зразумее ўжо і далёка не кожны глушчанін. Гэта так званая мяшчанская мова — своеасаблівыя словы і выразы, якія ўжывалі глускія мяшчане, каб іх не змаглі зразумець іншыя.

— Вывучаючы навуковы матэрыял па тэме беларускіх дыялектаў, я звярнула ўвагу, што сярод даследаванняў мала работ, прысвечаных асаблівасцям гаворкі жыхароў Глуска, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Куксік. — Мне падалося гэта дзіўным, таму што, назіраючы за маўленнем сваіх землякоў сталага ўзросту, я заўважыла ў іх гаворцы шмат цікавых, а часам і незразумелых слоў. Зацікавіўшыся гэтым пытаннем, я звярнулася да артыкулаў па гісторыі стварэння нашага пасёлка, даведалася ад старажылаў, што ў гаворцы глушчан знайшлі адлюстраванне многія элементы яўрэйскай мовы, раней жа наша мястэчка больш чым на палову складалася з яўрэяў. А яшчэ пачула ад сталых людзей тэрмін “мяшчанская мова”. Тады з’явілася ідэя правесці сваё краязнаўча-філалагічнае даследаванне. Тэмай зацікавілася вучаніца 9-га класа Ганна Голуб, з ёй мы і ажыццявілі гэты праект. Нам пашанцавала адшукаць сярод глушчан-старажылаў нашчадкаў глускіх мяшчан, якія памятаюць і ўжываюць дагэтуль тую самую мяшчанскую мову.

Настаўніца і вучаніца высветлілі, што яшчэ ў сярэдзіне 20-га стагоддзя ў Глуску было шмат прадстаўнікоў мяшчанскага саслоўя — рамеснікаў, дробных гандляроў, домаўладальнікаў. Мяшчане былі прывязаны да месца жыхарства, былі верныя сваім саслоўным традыцыям, прафесіі. Жылі адасобленымі тэрыторыямі, у Глуску такі раён і сёння называецца Слабада. За час свайго існавання мяшчане сфарміравалі ўласныя бытавыя асаблівасці, якія адрознівалі іх ад прадстаўнікоў іншых саслоўяў, у тым ліку ўжывалі ў сваім маўленні своеасаблівыя словы і выразы, якія былі незразумелымі для іншых гараджан. Але паступова мяшчанства страчвала свае спецыфічныя рысы, усё выразней стала відаць разбурэнне саслоўных перагародак. Са змяншэннем носьбітаў мяшчанскай мовы сталі знікаць і мяшчанскія лексічныя адзінкі.

Гэтыя самыя лексічныя адзінкі (даўнейшыя і з мовы сучасных глушчан) і сталі той разынкай, якую, несумненна, заўважылі члены журы і на раённым, і на абласным, і на рэспубліканскім этапах. У выніку даследаванне Ганны Голуб “Асаблівасці маўлення жыхароў г. п. Глуска Магілёўскай вобласці” заняло ў намінацыі “Культурная спадчына” 2-е месца. Усяго ў заключным этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ (ён праходзіў у апошнія дні красавіка) удзел бралі 56 праектаў, і толькі адзін з іх — глускі — быў звязаны з мовазнаўствам, астатнія грунтаваліся на гісторыі, археалогіі, турызме… За час работы Ганна і яе навуковы кіраўнік сабралі і класіфікавалі паводле лексічных, фанетычных, граматычных  і словаўтваральных асаблівасцей 107 моўных адзінак. Знойдзены і апрацаваны імі матэрыял, упэўнена, будзе цікавы не толькі спецыялістам, але і нам з вамі, звычайным глушчанам. А можа, знойдуцца і тыя, хто дапаможа настаўніцы і яе вучаніцы дапоўніць створаны слоўнічак новымі прыкладамі? Сваю працу над слоўнікам глускіх мяшчан яны спыняць не збіраюцца.

Прыклады моўных адзінак з маўлення глускіх мяшчан 19—20 стагоддзя

Аблу́ткі — дровы; арты́ха — гарэлка; гальмо́ — малако, донь — дай; волат — конь; е́рчыць — ехаць; жукле́йка — сто грамаў (гарэлкі); крэ́са — сала; ло́бус — хлопец; шы́хта  — дзяўчына; пае́рчылі — паехалі; сума́р — хлеб; ухі́лвай — уцякай, сыходзь; хруса́льня — прыбіральня; хлай — ідзі; хопкі — грошы.

Цэп волата і пае́рчылі — бяры каня і паехалі.

Пахла́лі донь жукле́йку — пайшлі дай сто грамаў.

Таба́н ма́е хо́пкі — мужчына мае грошы.

Аблу́ткаў поса ніе́х — дроў многа не бяры.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ, фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі дзевяцікласніца СШ № 1 Глуска Ганна Голуб пачала зачытваць прыклады слоў і сказаў са сваёй навукова-даследчай работы, у зале, дзе дагэтуль чулася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика