Дзень выдаўся сонечным і цёплым. І настрой таксама у адпаведнасці з надвор’ем — светлы і чысты, што тое блакітнае неба нада мной. Можа так усё і засталося б, але ж трэба было зайсці ў краму па прадукты. Асартымент радаваў вочы: тут былі і выпечка, і агародніна, і мясныя вырабы, і шмат чаго яшчэ, што так вабіць пакупніка. Узяў пакет малака, пачак масла і рушыў да касы. І вось тут пачалося самае цікавае.
У чарзе сабралася чалавек пятнаццаць. “Што даюць?” – пранізала маланкай думка ў маёй галаве. – “Няўжо каўбасу замежную?”. Аднак супакоіў сябе тым, што той час даўно прайшоў, а прычына, мабыць, у нечым іншым. Аказваецца, з трох кас працавала адна – “быццам у начы луна”. Пачакаўшы з пару хвілін, звярнуўся да касіра з просьбай адкрыць другую касу. Цішыня. Няма адказу. Людзі маўчаць, і я маўчу. Стаім далей. Трэба аддаць належнае, “не прайшло і паўгода”, а каб быць больш дакладным, хвілін пяць, здарылася цуда – пачала рабіць другая каса. Уздыхнуўшы з палёгкай, частка пакупнікоў адсеялася. У хуткім часе і я аплаціў пакупкі і выйшаў з крамы.
Перш падумаў, што гэта быў адзіны выпадак, але як жа памыляўся, калі на наступны дзень зноў наведаўся ў тую ж самую краму. Праўда, навучаны горкім вопытам, асцярожна адчыніўшы дзверы, зірнуў на касу і адразу ж выйшаў назад – чарга была чалавек дзесяць, а жадання стаяць у ёй з адным боханам хлеба не было. Можна было б падумаць, што такая крама адна на ўсе Докшыцы, дзе так непаважліва да пакупніка арганізавана гандлёвае абслугоўванне, але не.
Ужо ў другой краме набраў неяк прадуктаў і падаўся да касы. Заўважыўшы чаргу з чалавек васьмі, уступіў у дыялог з касірам:
— Прабачце, калі ласка, ці можна адкрыць яшчэ адну касу?
— Я не ўпаўнаважана выклікаць касіраў.
Такога адказу я ніяк на чакаў. Заняўшы чаргу, сказаў, што зараз вярнуся, пайшоў шукаць па зале тых самых касіраў сам. “Калі Магамед не ідзе да гары…” Два супрацоўнікі стаялі і нешта горача абмяркоўвалі. Запытаў ў іх, ці магу пабачыць старэйшага гэтай крамы. На што хлопцы пераглянуліся, і ў сваю чаргу пацікавіліся, у чым справа? Пасля адказалі, што ў краме рэвізія і зніклі за шырмай, а я, крыху апрытомнеўшы, вярнуўся на сваё месца. Але чакаць прыйшлося нядоўга – праз некалькі хвілін каса пачала працаваць.
Зразумела, што работнікам прылаўка хапае клопату і работы, але чаму на роўным месцы ўтвараюцца праблемы? Чаму нельга адпусціць кліента і прадаўжаць займацца сваімі справамі? Ці абслугоўванне пакупнікоў не ўваходзіць у першасчарговыя абавязкі прадаўцоў? Чаму трэба бегаць ў пошуках касіраў і старшых для вырашэння пытанняў? Напрыклад, у Расіі ў сеткавых крамах, пры чарзе больш за чатыры чалавекі, адразу адкрываюцца дадатковыя касы. Самі касіры выклікаюць калег спецыяльным званочкам. Калі чарга вялікая, а каса працуе адна, можна выклікаць галоўнага менеджара, нумар тэлефона якога ўказаны тут жа. Усё хутка і якасна. Ці не пара і нам пераняць вопыт у брацкай краіны? А з гэткімі адносінамі да пакупніка далёка не паедзем.
Пётр РОМЫСЛАЎ.