Доска почёта Шумилинского района: Галина Гарбузова
13.09.2019
—
Новости Общества
|
«Залаты» юбілей у прафесіі
1 верасня бібліятэкар Галіна Гарбузава справіла “залаты” юбілей у прафесіі.
У гэты і без таго важкі стаж смела можна ўпісаць яшчэ некалькі год. Справа ў тым, што маці Галіны Уладзіміраўны працавала прыбіральшчыцай у дзіцячай бібліятэцы, якая тады знаходзілася ля чыгуначнага вакзала. Галіна дзіцём часта прыбягала дапамагчы. Бывала, і фармуляры запаўняла, і кнігі чытачам выдавала. Тады і зразумела, што стане бібліятэкарам. Праўда, Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум з першага разу ёй не скарыўся – паступіла толькі на другі год, а пакуль працавала ва Ужляцінскай бібліятэцы.
Пасля вучобы, уладкавалася загадчыкам абанемента, пасля цэнтралізацыі бібліятэчнай сістэмы ўзначаліла аддзел абслугоўвання, затым заняла пасаду бібліёграфа.
На працягу апошніх 12 год Галіна Гарбузава працуе бібліятэкарам аддзела абслугоўвання і інфармацыі – дастаўляе кнігі чытачам, што жывуць у аддаленых вёсках. Прызналася, што вельмі любіць сваю прафесію, удзячная богу за людзей, з якімі выпала працаваць побач.
Галіна Уладзіміраўна дакладна ведае, што вяскоўцы вельмі любяць чытаць, і ўпэўнена, што пазбаўляць іх гэтага задавальнення нельга. Таму лічыць работу бібліёбуса надзвычай запатрабаванай паслугай. Бібліятэкі ў невялікіх вёсачках зачыняюцца, кнігі, ды і перыядычныя выданні купляць не кожнаму па кішэні. Бібліятэка на калёсах – найлепшае рашэнне. Аднаму Богу вядома, колькі кіламетраў наматала на калёсы бібліятэчная газель, але чакаюць яе, магчыма, не менш як аўталаўку.
На карце маршруту – больш за паўсотні вёсак. Адзін раз на месяц бібліёбус бывае ў кожнай. Складзена некалькі маршрутаў, кожны з якіх за раз ахоплівае ад чатырох да васьмі населеных пунктаў. Есць такія, жыхароў якіх можна пералічыць па пальцах. І ўсе яны – пастаянныя кліенты Галіны Уладзіміраўны.
– Я заўжды чакаю сустрэчы з чытачамі, – прызнаецца бібліятэкар, – ведаю іх густы і запатрабаванні. Мае кліенты, як правіла, – людзі сталага веку. Некаторым ужо і за 80. Цікавяцца рэлігійнай літаратурай, любяць савецкіх аўтараў – Іванова, Маркава, чытаюць гістарычную прозу.
Самой сустрэчы з бібліятэкарам вяскоўцы чакаюць не менш як свежую кнігу. З ёй заўжды можна пагаварыць, параіцца, падзяліцца жыццёвай праблемай. Галіна Уладзіміраўна выслухае, паспачувае, нешта параіць. Яна прызналася, што сэрцам прырастае да сваіх кліентаў. І ёй балюча, калі яны ідуць з жыцця. Бывала і такое, што едзе бібліёбус, каб парадаваць чытача новымі кнігамі, а трапляе на яго пахаванне. Бібліятэкар на свае вочы бачыць, як сціхае жыццё ў вёсках. У некаторых ледзь і тры двары налічыш.
Тым не менш, Галіна Уладзіміраўна ўпэўнена, што бібліятэка ніколі не страціць сваёй актуальнасці. Людзі будуць чытаць кнігі, і менавіта папяровыя, якія не заменіць ні адзін гаджэт. Сама бібліятэкар аддае перавагу жаночым раманам. Але цікавіцца літаратурай розных жанраў, каб мець магчымасць даць карысную параду кліенту.
Галіна Уладзіміраўна прызналася, што ў хуткім часе збіраецца ўсё ж скарыстацца сваім правам на заслужаны адпачынак. Брат Мікалай ужо падарыў палкі для скандынаўскай хадзьбы – кажуць, выдатная рэч. Плануе заняцца добраўпарадкаваннем дома і тэрыторыі ля яго разам з сынам Яўгенам. Вязаць і вышываць, як у маладосці, не дазволіць зрок, але ж упэўнена, што знойдзе для сябе заняткі, якія не дадуць сумаваць.
Калектыў высока цэніць вопыт самага старэйшага работніка бібліятэкі і сёлета прапанаваў занесці прозвішча Галіны Уладзіміраўны Гарбузавай на раённую Дошку гонару. Што ж, гэта прыгожая кропка ў бездакорнай паўвекавой працоўнай біяграфіі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Залаты» юбілей у прафесіі 1 верасня бібліятэкар Галіна Гарбузава справіла “залаты” юбілей у прафесіі. У гэты і без таго важкі стаж смела можна ўпісаць яшчэ...
|
|